Першы прысуд за марш у Курапаты
Суд Першамайскага раёну Менску прызнаў 47-гадовага Міхаіла Глухоўскага вінаватым паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу і пакараў яго 3 гадамі «хатняй хіміі», як прасіла пракурор Ірына Зубко, паведамляе «Вясна».
Паводле абвінавачаньня, 1 лістапада з 13:00 да 17:15 Глухоўскі ўдзельнічаў у маршы на праспэкце Незалежнасьці, «доўга і ўпарта парушаў грамадзкі спакой» і ўдзельнічаў у перакрыцьці дарогі каля парку Чалюскінцаў, чым прычыніў шкоду «Мінсктрансу» на суму 10 689 рублёў 76 капеек. Паводле абвінавачаньня, у выніку дзеяньняў пратэстоўцаў быў прыпынены рух 14 аўтобусаў і 10 тралейбусаў у раёне праспэкту Незалежнасьці, вуліц Валгаградзкай, Кедышкі, Лагойскага тракту, Філімонава, Каліноўскага і іншых.
Міхаіл Глухоўскі прызнаў віну часткова: пацьвердзіў удзел у акцыі, але не прызнаў, што прычыніў шкоду на такую суму, бо правёў на праезнай частцы 5 хвілін, не блякаваў дарогу і не спыняў такую колькасьць транспарту. «Дзе знаходзіцца парк Чалюскінцаў, а дзе — кальцавая дарога і Лагойскі тракт? Як я мог умяшацца сваімі дзеяньнямі ў працу транспарту там?» — казаў ён на судзе.
Пракурор сказала, што віна Глухоўскага пацьверджаная паказаньнямі амапаўцаў, відэазапісам і зьвесткамі аб тэлефонных злучэньнях. Чацьвёра сьведак-амапаўцаў на судзе выступілі ў масках, пад зьмененымі прозьвішчамі. Ніводзін зь іх ня памятаў Глухоўскага, ня бачыў яго і не затрымліваў.
«Мінсктранс» таксама выставіў Глухоўскаму грамадзянскі пазоў на суму 10 689 рублёў 76 капеек, яго разгледзяць на іншым судовым паседжаньні.
Палітвязьня Мядьзведскага асудзілі на 3 гады «хіміі»
У судзе Ленінскага раёну Менску асудзілі палітвязьня Арцёма Мядзьведзкага: судзьдзя Тацяна Шоцік прызнала яго вінаватым па арт. 342 КК РБ і асудзіла на 3 гады абмежаваньня волі з накіраваньнем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хімія»). Таксама яна пастанавіла залічыць у тэрмін пакараньня яго знаходжаньне пад вартай з 19 кастрычніка па 15 студзеня ў суадносінах «адзін дзень пад вартай за два дні абмежаваньня волі». Арцёма Мядзьведзкага вызвалілі ў залі суду пад падпіску аб нявыезьдзе, піша «Вясна».
Арцёма Мядзьведзкага затрымалі 19 кастрычніка. Спачатку яму прад’явілі абвінавачваньне па ч. 2 арт. 293 КК РБ (удзел у масавых беспарадках), потым справу перакваліфікавалі на групавыя дзеяньні, якія груба парушаюць грамадзкі парадак (арт. 342 КК РБ). Арцёма абвінавацілі ў тым, што ён увечары 10 жніўня ўдзельнічаў у акцыі пратэсту каля станцыі мэтро «Пушкінская», выкаціў на дарогу камень, што прывяло да блякаваньня праезнай часткі.
Таксама сёньня ў судзе Фрунзэнскага раёну Менску вынесьлі прысуд палітвязьню Арцёму Хвашчэўскаму: 1 год пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму паводле артыкула 342 Крымінальнага кодэксу.