Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прафіляктычны ўлік і каляровая бірка. Што чакае ў калёніі асуджаных за пратэсты


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Вязень Бабруйскай калёніі Павал Пяскоў быў асуджаны за супраціў міліцыянту падчас сходу грамадзян у Маладэчне. Па зьвестках праваабаронцы Натальлі Гарачкі, у калёніі яго паставілі на прафіляктычны ўлік як схільнага да экстрэмізму і дэструктыўных дзеяньняў.

Паводле іншай жанчыны, якая лістуецца з Паўлам Пясковым, у адным зь лістоў ён пацьвердзіў, што пастаўлены на ўлік і «як экстрэміст» і абавязаны насіць на вопратцы жоўты бэйдж.

Грамадзкая актывістка зь Менску Вольга Быкоўская, якая таксама лістуецца зь вязьнямі, мяркуе, што цяпер над Паўлам Пясковым «будзе ажыцьцяўляцца ўзмоцнены кантроль з боку адміністрацыі», а таксама ў калёніі на яго накладуць пэўныя абмежаваньні падчас адбываньня тэрміну. ​


Ці пазначалі палітвязьняў адмысловымі бэйджамі?

Мікола Статкевіч падчас пікету на Камароўцы.
Мікола Статкевіч падчас пікету на Камароўцы.

Палітык Мікалай Статкевіч ужо сёмы месяц пад вартай як абвінавачаны ў падрыхтоўцы беспарадкаў ды ў іншых злачынствах, нібыта зьвязаных з пратэстамі. Усяго Мікалай Статкевіч адседзеў у зьняволеньні 8 год. 5 зь іх — пасьля прэзыдэнцкай кампаніі 2010-га, у якой браў удзел як кандыдат. Яго жонка Марына Адамовіч згадвае, як наведвала турму ў Магілёве, дзе трымалі мужа, і ён таксама быў пастаўлены на прафіляктычны ўлік.

«Ня памятаю дакладна, як гэта там у іх завецца, схільны да экстрэмізму, захопу закладнікаў ці яшчэ як, але ў яго такое было. Быў нейкі бэйдж на куртцы, я яго бачыла, але ўжо ня памятаю колеру. Ды гэта і не істотна. Галоўнае, што ў яго былі пэўныя абмежаваньні. Яго трымалі ў адзіночнай камэры, і за ім быў асобны дадатковы кантроль. Сама бачыла сьпіс такіх вязьняў на прафіляктычным уліку, калі праходзіла ў будынак адміністрацыі турмы, каб пагаварыць з кіраўніцтвам», — згадала Марына Адамовіч.

Цяпер Мікалая Статкевіча трымаюць як падсьледнага ў Жодзінскім ізалятары. Калі над палітыкам будзе суд, невядома. Паводле зьвестак ад адваката, на адзежы Статкевіча няма ніякай пазнакі. Але, як мяркуе маці анархіста Мікіты Емяльянава Анастасія, ужо ў СІЗА адміністрацыя пазначае вязьняў паводле выстаўленых ім абвінавачаньняў.

«Мікіта сам расказваў, што калі сядзеў на „Валадарцы“ падчас сьледзтва, бачыў сваю справу, і яна была пазначаная чырвоным. Крыж ці нейкая лінія, ня памятаю ўжо, але пэўна была адзнака, а іншыя вязьні казалі, што ў іх такой не было. Ён зьвязваў гэта з тым, што яго ўжо тады залічылі ў асабліва небясьпечныя», — сказала Анастасія Емяльянава.

Анархіст Мікіта Емяльянаў асуджаны за напад на будынак СІЗА і Менскага гарадзкога суду. Ён адбывае пакараньне ў Магілёўскай турме і, паводле маці, таксама ўжо пастаўлены на прафіляктычны ўлік.

«Спачатку Мікіту адправілі ў Бабруйскую калёнію, але праз два месяцы прысудзілі яму больш строгі рэжым — у крытай турме. Летась, калі мы з малодшым сынам яго наведвалі, а сустрэча была праз шкло, дык ён паказваў адмысловы бэйдж. Белага колеру, ягонае фота і прозьвішча, яшчэ нейкі тэкст, але было дрэнна бачна — шкло двайное», — расказала маці анархіста Мікіты Емяльянава.

Беларускія праваабаронцы прызналі Паўла Пяскова палітвязьнем. У праваабарончым цэнтры «Вясна» пацьвердзілі, што раней мелі зьвесткі пра пазначэньне вязьняў, якіх на волі прызналі палітычнымі, асобнымі адзнакамі. Праваабаронца «Вясны» Павал Сапелка сказаў, што выпадак з палітвязьнем Паўлам Пясковым — пакуль адзіны вядомы, але ня выключыў, што такіх прыкладаў будзе ўсё больш.

«Практыка пастаноўкі на прафіляктычны ўлік тых вязьняў, пра якіх адміністрацыя мяркуе, што яны схільныя да гвалтоўных дзеяньняў, існуе даўно. Раней мы фіксавалі такія выпадкі і адносна палітычных вязьняў. Мусім адзначыць, што гэта зноў стала ўжываецца, цяпер адносна ўдзельнікаў леташніх пратэстаў», — сказаў Павал Сапелка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG