Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пэнс не пагадзіўся адхіліць Дональда Трампа ад улады


Майк Пэнс
Майк Пэнс

Віцэ-прэзыдэнт ЗША Майк Пэнс абвясьціў, што ня мае намеру пачынаць працэс адхіленьня прэзыдэнта Дональда Трампа ад улады на падставе паўнамоцтваў, дадзеных яму 25-й папраўкай да Канстытуцыі краіны.

«Я не лічу, што такія дзеяньні ў інтарэсах нашай краіны, што яны адпавядаюць Канстытуцыі», — гаворыцца ў лісьце віцэ-прэзыдэнта Пэнса да сьпікера Палаты прадстаўнікоў Нэнсі Пэлосі. Паводле Пэнса, падобны крок стане «жахлівым прэцэдэнтам». Ён называе заклік адхіліць прэзыдэнта Трампа ад улады за восем дзён да заканчэньня тэрміну ягоных прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў палітычнымі гульнямі. Майк Пэнс заклікаў заканадаўцаў «ўстрымацца ад акцый, якія яшчэ больш расколюць грамадзтва і распаляць жарсьці».

Ліст віцэ-прэзыдэнта Пэнса быў апублікаваны за некалькі гадзін да галасаваньня ў Палаце прадстаўнікоў аб рэзалюцыі, якая заклікае Пэнса і чальцоў кабінэту Дональда Трампа зьвярнуцца да 25-й папраўкі і пазбавіць прэзыдэнта Трампа ўлады за ягоны выступ на шматтысячным мітынгу сваіх прыхільнікаў, пасьля якога некалькі соцень яго ўдзельнікаў уварваліся у будынак Капітолія.

Адначасова чальцы Кангрэсу ў сераду павінны правесьці галасаваньне аб адзіным артыкуле імпічмэнту прэзыдэнту Трампу, у якім ён абвінавачваецца ў закліку да паўстаньня. Паводле папярэдніх дадзеных, усе чальцы Палаты прадстаўнікоў – дэмакраты падтрымаюць імпічмэнт, аб гатоўнасьці далучыцца да іх заявілі больш за дзесяць рэспубліканцаў, што гарантуе ўхваленьне імпічмэнту Палатай прадстаўнікоў. Канчатковае рашэньне ў гэтым пытаньні прымае Сэнат. Ён наўрад ці прымецца за разгляд справы аб імпічмэнце да прэзыдэнцкай інаўгурацыі Джо Байдэна, якая пройдзе 20 студзеня.

Напярэдадні Трамп упершыню пракамэнтаваў пляны дэмакратаў аб’явіць яму імпічмэнт, параўнаўшы іх з «паляваньнем на ведзьмаў». Трамп таксама сказаў, што гэтыя пляны выклікаюць «гнеў» у многіх людзей.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG