Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Пра галадоўку Лосіка трэба ня проста гаварыць, а крычаць». Ціханоўская просіць блогера спыніць галадоўку


Лідэрка Сьвятлана Ціханоўская падтрымала Дар’ю Лосік, жонку адміністратара тэлеграм-каналу «Беларусь головного мозга», кансультанта Свабоды Ігара Лосіка, які ўжо амаль месяц трымае галадоўку пратэсту. Яна заклікае палітвязьня пачаць выхад з галадоўкі.

«Ігар сказаў адвакату, што пакуль будзе працягваць галадоўку»

— Дарʼя, што вядома пра стан Ігара і пра ягоныя намеры наконт галадоўкі пратэсту?

Дарʼя Лосік: 12 студзеня адвакат быў у Ігара. У яго бралі аналіз на цукар, сказалі, што гэты паказьнік у норме. Я ня ведаю, як гэта зьвязана з галадоўкай і як гэты паказьнік можа даць зразумець, ці ўсё зь ім у парадку. На пытаньне адваката пра стан здароўя Ігар адказаў, што ўсё ў парадку. Але выглядаў ён хваравіта, паводле адваката. Мне падаецца, што ён нечага не адчувае, што зь ім цяпер адбываецца. Я страшна перажываю. Ігар сказаў адвакату, што пакуль будзе працягваць галадоўку.

«Я б хацела, каб Ігар падумаў пра тое, што ён патрэбны сваёй жонцы, дачцэ, бацькам»

— Сьвятлана, ведаю, што вы сочыце і вельмі перажываеце за ўсіх палітвязьняў, за ўсіх затрыманых. Галадоўка Ігара — адчайны, крайні крок, якім ён прыцягнуў увагу ня толькі да сябе, але да ўсіх людзей за кратамі, да ўсіх ахвяраў рэпрэсій у Беларусі. Давайце ўявім, што Ігар нас чуе. Магчыма, адвакат і перадаць яму вашы словы. Што б вы яму сказалі, пра што папрасілі?

Сьвятлана Ціханоўская: З аднаго боку, я Ігара разумею, бо ён ведае, што не вінаваты, і такім чынам дэманструе пратэст супраць таго, што адбываецца. Але я думаю, што ў такіх умовах, калі такіх людзей, як Ігар, шмат, ня трэба ахвяраваць сабой, каб гэта даказаць. Таму што на тым баку — дыктатуры, рэжыму — усё роўна. Мы бачым, што яны ня хочуць адступаць ад гэтай жорсткасьці. Я б хацела, каб Ігар падумаў пра сямʼю, пра тое, што ён патрэбны сваёй жонцы, дачцэ, бацькам.

Я ня ведаю Ігара. Магчыма, яму цяпер псыхалягічна цяжка адступіцца ад таго, што ён сказаў, што будзе трымаць галадоўку, пакуль яго ня вызваляць. Але ён павінен ведаць, што людзі ніколі ў жыцьці так не падумаюць, што ён адмовіўся ад галадоўкі і здрадзіў нейкім перакананьням. Не. Гэта проста клопат пра сямʼю. Калі Даша на знак салідарнасьці з мужам пачала сваю галадоўку, мы зь ёй пагаварылі, і потым яна вырашыла ўсё ж спыніць галадоўку. На яе таксама аказвалі ціск праз дачку. Тут можна было таксама заняць прынцыповую пазыцыю, але яна ведала, што ў яе муж за кратамі і што ў яе дзіця. Каму б яна што даказала? Гэта гора бацькам, дзецям і мужу, але ніяк ня ўладам. Ім гэта ўсё роўна. Нікому ад гэтага лягчэй ня будзе, калі пачнуцца нейкія незваротныя працэсы ў арганізьме, а рэжыму пляваць.

«Думаю, што ня менш за 67 лістоў ляжыць у цэнзара»

— Дарʼя, мы з вамі размаўлялі на мінулым тыдні разам з жонкамі палітвязьняў Марынай Адамовіч і Вольгай Севярынец, і вы ў нашым эфіры заклікалі неабыякавых людзей пісаць Ігару і прасіць яго спыніць галадоўку. Ці ведаеце вы, ці быў пачуты ваш заклік? Ці пісалі людзі Ігару?

Дарʼя Лосік: У суботу ўзьнікла блытаніна з той нагоды, што яго маглі перавесьці ў іншае месца. Дзяўчыне вярнуўся ліст з пазнакай «Выбыў». Я ў панядзелак паехала ў Жодзіна высьвятляць, і мне сказалі, што такое можа быць з той прычыны, што яму дасылаюць вельмі шмат лістоў, і таму маглі вярнуць ліст. Напэўна, гэтая вялізарная колькасьць лістоў дагэтуль ляжыць у цэнзара, паколькі на сёньня Ігар атрымаў некалькі заказных лістоў, адно з пустой паштоўкай. Мне многія людзі пішуць, што дасылалі яму лісты. За мінулы тыдзень 67 прыйшло. Думаю, што ня менш за 67 лістоў ляжыць у цэнзара. І думаю, што проста не пасьпеў прачытаць, а не спэцыяльна затрымлівае. Людзі пішуць, але іх лісты да яго яшчэ не дайшлі.

— Чытаю ў сацсетках і меркаваньні, што ня трэба было заклікаць яго спыняць галадоўку. Што б вы адказалі на такі папрок?

Дарʼя Лосік: Гэтыя людзі не былі на маім месцы, не былі на месцы яго бацькоў, і меркаваць ім, спыняць яму галадоўку ці працягваць, ня варта. Толькі пабываўшы на нашым месцы, можна абʼектыўна ацаніць сытуацыю і даваць парады.

Жонкі палітвязьняў Дарʼя і Сьвятлана

— Сьвятлана, вы, як і Дарʼя, жонка палітвязьня. За кратамі ад траўня знаходзіцца ваш муж Сяргей Ціханоўскі. І вы вельмі добра разумееце, што адчувае Дарʼя цяпер. Якую параду вы б ёй далі? Што б ёй сказалі самага важнага цяпер?

Сьвятлана Ціханоўская: Самае галоўнае — унутрана перажыць і выстаяць. Гэта настолькі цяжка... Ты не разумееш, як гэта пераадолець. І ты разумееш, што акрамя цябе ў мужа цяпер нікога няма. Жонка, якая стаіць гарой, якая ўсё робіць дзеля таго, каб нейкім чынам зрабіць лягчэйшым знаходжаньне за кратамі і зрабіць усё магчымае, каб выцягнуць хутчэй, і аддае сябе ўсю барацьбе. І тут вельмі важна крыху клапаціцца пра сябе. Разумець, што ты — важная, тваё здароўе — важнае. І неяк не зварʼяцець ад гэтага ўсяго.

— Ці абмяркоўвалі вы зь Сяргеем такі спосаб пратэсту, як галадоўка? Што ён пра гэта думае?

Сьвятлана Ціханоўская: Я пра такую форму, як галадоўка, даведалася толькі, калі ўступіла ў перадвыбарчую кампанію, што былі галадоўкі маці асуджаных за наркотыкі дзяцей, потым калі сямʼя Фурманава стала галадаць. У мяне неадназначнае стаўленьне. Калі б гэта адбывалася ў краіне, дзе дзяржаве ёсьць справа да людзей, гэта было б трошкі інакш, а калі да ўсіх такое стаўленьне і галадоўкі праходзяць незаўважанымі для дыктатуры, то, напэўна, ня трэба гэта рабіць.

— Дарʼя, я ўжо ня першы раз пытаюся ў вас. Якая дапамога патрэбная цяпер вам, Ігару, вашай сямʼі, вашай дачцэ?

Дарʼя Лосік: Што тычыцца нас, то мы спраўляемся самі, а што тычыцца Ігара, то трэба больш лістоў з просьбай спыніцца. Калі ён ня слухае мяне адну, хай паслухае, калі гэта скажа шмат людзей. І падумае, што ўсяго, што можна, ён ужо дасягнуў, а мэты, якія ён паставіў, на дадзены момант недасяжныя. Я прашу ўсіх пісаць яму лісты ў Жодзіна з заклікам спыніць галадоўку.

«На жаль, наяўнасьць палітвязьняў у Беларусі становіцца толькі лічбай, а так быць не павінна»

— Сьвятлана, у свой час Аляксандар Казулін спыніў вельмі працяглую галадоўку пратэсту пасьля таго, як прадстаўнік ЗША вынес пытаньне аб парушэньнях правоў чалавека ў Беларусі на разгляд Рады бясьпекі ААН. Праўда, прадстаўнік Расеі заблякаваў абмеркаваньне гэтага пытаньня, але сам такі факт быў, і пасьля гэтага Казулін спыніў галадоўку пратэсту. Як міжнародны розгалас можа паўплываць на рашэньне Ігара Лосіка, і ці робіць ваша каманда нешта ў гэтай справе?

Сьвятлана Ціханоўская: Калі я сустракаюся зь лідэрамі іншых краінаў, я абавязкова гавару пра канкрэтныя выпадкі, каб гэта не былі проста лічбы ці агульныя словы, каб гісторыі людзей дайшлі да сэрца кожнага чалавека, які знаходзіцца са мной у адным пакоі. Мы расказалі пра Ігара ў Гішпаніі, падчас нашых будучых паездак мы будзем уздымаць гэтае пытаньне. Мы цяпер будзем працаваць больш шчыльна з пытаньнем палітзьняволеных, бо гэтая тэма крыху спадае, і мы павінны ўвесь час прыцягваць да яе ўвагу. На жаль, наяўнасьць палітвязьняў у Беларусі становіцца толькі лічбай, а так быць не павінна. Гэта павінна кранаць душы. Пра Ігара Лосіка мы будзем гаварыць вельмі шмат. Гэта ня проста палітзьняволены, і пра яго галадоўку трэба ня проста гаварыць, а крычаць. Што мы і робім.

Крымінальны перасьлед Ігара Лосіка

На журналіста Радыё Свабода і блогера Ігара Лосіка ў 2020 годзе завялі крымінальныя справы паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу («падрыхтоўка да парушэньня грамадзкага парадку») і ч. 2 арт. 293 («падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках»).

Лосіка затрымалі 25 чэрвеня 2020 году пасьля ператрусу дома ў Баранавічах. На ягоны тэлеграм-канал «РБ головного мозга» ў той момант былі падпісаныя 167 тысяч чалавек.

Ігар Лосік актыўна асьвятляў падзеі выбараў прэзыдэнта Беларусі. Праваабаронцы прызналі яго палітвязьнем.

15 сьнежня 2020 году, пасьля выстаўленьня другога абвінавачаньня, Ігар Лосік абвясьціў галадоўку пратэсту і трымаў яе да 25 студзеня 2021 году.

11 сакавіка 2021 году Лосіку выставілі новае абвінавачаньне. На знак пратэсту Ігар пашкодзіў сабе запясьце на вачах у адваката і сьледчага, а таксама абвясьціў сухую галадоўку. За гэта Лосіка зьмясьцілі ў карцар сьледчай турмы Жодзіна. Там ён прабыў пяць дзён, чатыры зь якіх трымаў сухую галадоўку.

  • 14 сьнежня 2021 году ў будынку СІЗА-3 ў Гомлі судзьдзя Мікалай Доля прысудзіў Ігару Лосіку 15 гадоў зьняволеньня. Яго прызналі вінаватым паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу — «Распальваньне сацыяльнай варажнечы і непрыязі ў адносінах да прадстаўнікоў улады і праваахоўных органаў, учыненае групай асобаў» (ч.3 арт.130) і «Арганізацыя масавых беспарадкаў, якія суправаджаліся пагромамі падпаламі, зьнішчэньнем маёмасьці і ўзброеным супрацівам прадстаўнікам улады» (ч.1 ст.293).
  • Жонку Ігара Лосіка Дар’ю пакаралі 2 гадамі зьняволеньня ў калёніі агульнага рэжыму (паводле арт. 361-4 Крымінальнага кодэксу, «Садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці») за інтэрвію пра мужа, у якім яна, паводле абвінавачаньня, «пазыцыянавала сябе як жонка палітвязьня». Прысуд Дар’і Лосік вынес 19 студзеня 2023 году судзьдзя Берасьцейскага абласнога суду Мікалай Грыгаровіч.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG