Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Наколькі блізкі Іран да стварэньня ядзернай бомбы. Тлумачым, чаму сьвет хвалюецца



На аб’екце Фардо на поўначы Ірану
На аб’екце Фардо на поўначы Ірану

Ядзерная зьдзелка 2015 году паміж Іранам і сусьветнымі дзяржавамі знаходзіцца пад пагрозай на фоне рашэньня Тэгерану аднавіць 20% узбагачэньне ўрану на падземным ядзерным аб’екце.

Чаго хацелі дамагчыся ад Ірану

15 ліпеня 2015 года Іран і краіны «шасьцёркі» (ЗША, Францыя, Вялікабрытанія, Нямеччына, Кітай і Расея) дасягнулі пагадненьня па іранскай ядзернай праграме ў абмен на адмену санкцый супраць Ірану. Паводле пагадненьня, Іран павінен дапусьціць інспэктараў МАГАТЭ на свае ядзерныя аб'екты, краіны Захаду, у сваю чаргу, будуць пакрокава здымаць з Ірану санкцыі.

Абмежаваньні, уведзеныя пагадненьнем у адносінах да ядзерных распрацовак Ірану, мелі адну мэту: зрабіць для Тэгерану даўжэйшым «час прарыву», неабходны, каб вырабіць дастатковую колькасьць расшчапляльнага матэрыялу для бомбы, калі Тэгеран вырашыць яе зрабіць: з двух-трох прыблізна месяцаў — да году сама менш.

Іран сьцьвярджае, што ён ніколі не імкнуўся да ядзернай зброі. Ён кажа, што ядзерныя распрацоўкі маюць толькі мірныя мэты.

Чаму дамова правалілася

Тэгеран пачаў парушаць умовы зьдзелкі ў 2019 годзе ў якасьці паэтапнай рэакцыі на выхад прэзыдэнта ЗША Трампа са зьдзелкі ў траўні 2018 году і на аднаўленьне амэрыканскіх санкцыяў.

Аднак справаздачы Міжнароднай агенцыі ў справах атамнай энэргіі ААН (МАГАТЭ), якая кантралюе зьдзелку, сьведчаць, што Іран не прасоўваецца ў сваіх ядзерных распрацоўках нагэтулькі хутка, як мог бы.

Эўрапейскія дзяржавы маюць спадзяваньні на зьмены палітыкі ЗША пасьля ўступленьня на пасаду абранага прэзыдэнта Джо Байдэна 20 студзеня 2020 году. Пры Бараку Абаму Байдэн уваходзіў у адміністрацыю ЗША, якая вяла перамовы пра зьдзелку 2015 г.

Што адбываецца цяпер?

Іран парушыў шмат якія абмежаваньні зьдзелкі, але па-ранейшаму супрацоўнічае з МАГАТЭ і дае інспэктарам доступ у рамках аднаго з найбольш жорсткіх рэжымаў ядзернай праверкі, накладзеных калі-небудзь на любую краіну.

  • Зьдзелка абмяжоўвае запасы ўзбагачанага ўрану да 202,8 кг, пры тым, што да зьдзелкі ён меў больш за восем тонаў. Абмежаваньне было парушанае ў 2019 годзе. Паводле МАГАТЭ, іранскія запасы складаюць 2442,9 кг.
  • Па ўзроўні ўзбагачэньня зьдзелка абмяжоўвае чысьціню матэрыялу, які падзяляецца, узроўнем 3,67%, што значна меней за дасягнутыя да зьдзелкі 20% і тым больш за збройную якасьць — 90%. Іран перавысіў абмежаваньне ў 3,67% у ліпені 2019 году, і з таго часу ўзровень узбагачэньня застаецца стабільным — 4,5%.
  • Зьдзелка дазваляе Ірану вырабляць узбагачаны ўран з выкарыстаньнем каля 5000 цэнтрыфугаў IR-1 першага пакаленьня на падземным заводзе ў Натанзе, разьлічаным больш як на 50 000 працаўнікоў. Ён можа кіраваць невялікай колькасьцю больш дасканалых надземных мадэляў без назапашваньня ўзбагачанага ўрану. Перад зьдзелкай у Іране было ўсталявана каля 19 тысяч цэнтрыфугаў.
  • У 2019 МАГАТЭ заявіла, што Іран пачаў узбагачэньне з дапамогай удасканаленых цэнтрыфугаў на наземнай экспэрымэнтальнай устаноўцы ў Натанзе. З таго часу Іран пачаў перамяшчаць тры каскады альбо групы ўдасканаленых цэнтрыфугаў на падземны завод. У лістападзе МАГАТЭ заявіла, што Іран падаў сыравіну ўрану ў першы з гэтых падземных каскадаў.
  • Зьдзелка забараняе ўзбагачэньне ў Фардо, месцы, якое Іран патаемна пабудаваў унутры гары і якое заходнія спэцслужбы выявілі ў 2009 годзе. Цэнтрыфугі дазволеныя для іншых мэтаў, такіх, як вытворчасьць стабільных ізатопаў. У Іране цяпер ёсьць 1055 цэнтрыфугаў IR-1 для ўзбагачэньня.
  • У панядзелак Іран заявіў, што аднаўляе 20% узбагачэньне на Фардо. Гэта, магчыма, ускладніць спробы адміністрацыі Байдэна далучыцца да зьдзелкі.

Наколькі рэальна стварыць бомбу?

Парушэньні павялічылі «час прарыву», але ацэнкі пакуль разыходзяцца. Шмат якія дыпляматы і экспэрты ў ядзернай сфэры кажуць, што Ірану спатрэбіцца больш часу, чым адзін год.

Дэвід Олбрайт, былы інспэктар ААН па ўзбраеньнях, у лістападзе падлічыў, што час прарыву Ірану можа скласьці «ўсяго 3,5 месяца», хоць гэта з улікам, што Іран выкарыстоўваў бы 1000 удасканаленых цэнтрыфугаў, якія ён страціў па выніках зьдзелкі.

Што яшчэ засталося зрабіць Ірану?

Калі Іран назапасіць дастатковую колькасьць расшчэпленага матэрыялу, яму трэба будзе сабраць бомбу, і, верагодна, дастаткова невялікую, каб яе маглі несьці балістычныя ракеты. Колькі часу гэта зойме, незразумела, але назапашваньне патрэбнай колькасьці расшчапляльнага матэрыялу разглядаецца як самая вялікая складанасьць пры вытворчасьці ядзернай зброі.

Спэцслужбы ЗША і МАГАТЭ лічаць, што Іран калісьці меў праграму вытворчасьці ядзернай зброі, але яе спыніў. Ёсьць сьведчаньні, што Іран атрымаў праект ядзернай зброі і выканаў розныя віды працаў, неабходных для яе стварэньня.

Ці супрацоўнічае Іран з МАГАТЭ

Тэгеран працягвае даваць МАГАТЭ доступ да сваіх заяўленых ядзерных абʼектаў і дазваляе пазаплянавыя праверкі ў іншых месцах.

У 2020 годзе Іран і МАГАТЭ вырашылі супрацьстаяньне, якое цягнулася некалькі гадоў вакол доступу да двух меркаваных былых аб’ектаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG