Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Улады разглядаюць адмену сьмяротнага пакараньня, баючыся расьсьледаваньня жнівеньскіх падзеяў», — экспэрт 


Андрэй Палуда
Андрэй Палуда

Каардынатар кампаніі «Праваабаронцы супраць сьмяротнага пакараньня ў Беларусі» Андрэй Палуда назваў «торгам» і «палітычным пытаньнем» пляны ўладаў адмяніць сьмяротнае пакараньне.

Напярэдадні стала вядома, што мяркуецца выключыць з Крымінальнага кодэксу сьмяротнае пакараньне. Такая прапанова ўтрымліваецца ў пакеце дапаўненьняў і зьмяненьняў у Крымінальны і Крымінальна-працэсуальны кодэксы. На думку Андрэя Палуды, уладам, у іх разуменьні, было выгадна, каб у Беларусі існавала сьмяротнае пакараньне, піша «Новы Час». Гэта было жаданьнем аднаго чалавека — Аляксандра Лукашэнкі.

«Адмена сьмяротнага пакараньня заўсёды ў Беларусі была палітычным пытаньнем. Цяпер улады хочуць прадаць гэта Захаду. На ўсе гэтыя рэфэрэндумы і волю народу, на якія ўвесь час спасылаліся прадстаўнікі ўлады, ім было ўсё роўна», — зазначыў Палуда.

Каардынатар кампаніі заявіў, што неаднаразова чуў ад людзей, што ня трэба цяпер адмяняць сьмяротнае пакараньне, бо «ўлады нарабілі столькі дрэннага, што трэба, каб яны панесьлі самае жорсткае пакараньне». Нават некаторыя гурты адмаўляліся выступаць у леташнім музычным маратоне «Рок за жыцьцё» з гэтай прычыны, бо «за тыя злачынствы сілавікоў, прадстаўнікоў улады мусяць быць сьмяротныя прысуды».

«Ёсьць меркаваньне, што ўлады прымаюць рашэньне па адмене сьмяротнага пакараньня, бо баяцца наступстваў расьсьледаваньня жнівеньскіх падзеяў».

Але сам праваабаронца прытрымліваецца думкі, што галоўны матыў уладаў ня ў гэтым, а ў тым, каб на Захадзе закрылі вочы на іншыя хібы, напрыклад, адмову расьсьледаваць факты катаваньняў і гвалту ў Беларусі пасьля выбараў. Палуда ня ўзяўся прагназаваць, наколькі рэалістычная адмена, бо «неабходнасьць адмяняць сьмяротнае пакараньне ва ўладаў можа адпасьці ў любы момант». Тым больш што «другі пакет» зьменаў у крымінальнае заканадаўства будзе разглядацца толькі вясной, а за гэты час «можа шмат чаго адбыцца і зьмяніцца».

Па словах Андрэя Палуды, праваабарончая супольнасьць усё адно будзе цьвёрда адстойваць пазыцыю поўнага выключэньня сьмяротных выракаў з Крымінальнага кодэксу.

На дадзены момант асуджаныя да сьмяротнага пакараньня Віктар Паўлаў, Віктар Сергель, браты Ільля і Станіслаў Косьцевы. Сьмяротныя прысуды ім вынесьлі зь ліпеня 2019 да студзеня 2020 году, але пакуль не прыводзілі ў выкананьне. Тым часам Менскі абласны суд другі раз разглядае крымінальную справу супраць Віктара Скрундзіка, якому Вярхоўны суд у апэляцыйным парадку адмяніў першы прысуд. Але і на новым разглядзе пракурор запрасіў для абвінавачанага сьмяротнае пакараньне.

Сьмяротнае пакараньне ў Беларусі

  • Беларусь застаецца апошняй краінай Эўропы, дзе караюць сьмерцю.
  • Усяго за гады незалежнасьці ў Беларусі вынесьлі больш за 300 сьмяротных прысудаў.
  • Улады Беларусі не паведамляюць пра выкананьне сьмяротных прысудаў. Пра гэта ўдаецца даведацца з паказаньняў іншых сьмяротнікаў або ад праваабаронцаў, якія кантактуюць з роднымі асуджаных.
  • Эўразьвяз пэрыядычна заклікае Беларусь адмовіцца ад сьмяротнага пакараньня.
  • Нягледзячы на ўсе просьбы міжнароднай супольнасьці, рэжым Лукашэнкі працягвае выносіць сьмяротныя прысуды. 19 кастрычніка 2023 вынесены чарговы зь іх — Аляксандру Таратуту са Слуцку, які забіў 3-гадовае дзіця.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG