Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд адправіў культурыста ў турму на 3 гады за ўдар міліцыянта, якога ў двары прынялі за пэдафіла


Дзьмітры Галко
Дзьмітры Галко

Суд Савецкага раёну Менску прысудзіў 44-гадоваму індывідуальнаму прадпрымальніку і культурысту Дзьмітрыю Галко 3 гады пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму. Суседзі асуджанага заявілі, што міліцыянт у цывільным плянамерна здымаў на камэру дзяцей.

Таксама Дзьмітры Галко мусіць заплаціць кампэнсацыю маральнай шкоды пацярпеламу — маёру Паўлу Мацкевічу, пакрыць шкоду за відэакамэру ГУУС. Таксама з Галко спагоняць страты за экспэртызу бутэлькі, якая праходзіла ў справе рэчыўным доказам, піша Праваабарончы цэнтар «Вясна». Агулам асуджаны мусіць заплаціць 1728 рублёў.

Галко абвінавацілі ў тым, што ён ударыў па відэакамэры міліцыянта, які здымаў дваровы канцэрт. А таксама ў «абмежаваньні свабоды пацярпелага і спробе двух удараў і пагрозаў». За гэта пракурор Уладзімер Рабаў запрасіў 3 гады пазбаўленьня волі, з чым судзьдзя Сяргей Шаціла пагадзіўся.

Прадпрымальніка затрымалі 21 кастрычніка і моцна пабілі. Затым яго даставілі ў БХМД, у аддзяленьне спалучаных траўмаў: у яго была чэрапна-мазгавая траўма сярэдняй ступені, страсеньне мозгу, міжцяглічная гематома правага сьцягна. 23 кастрычніка, пасьля выпіскі са шпіталя, Галко ўзялі пад варту.

Дзьмітры Галко віну не прызнаў. Пасьля ўдараў па пясьці рукі камэра апусьцілася, але ўласьцівасьці запісваць відэа і гук ня страціла, газавы балёнчык распыліў нехта іншы, а Галко толькі пытаўся ў чалавека з камэрай, хто ён такі.

Маёр Мацкевіч жа заявіў, што ягонай сям’і «сталі паступаць званкі праз разьмешчанае відэа інцыдэнту, ад чаго яна перажывала пакуты». Міліцыянт заявіў, што пачаў перажываць і за ўласнае жыцьцё, таму ўключыў у пазоў просьбу аб кампэнсацыі маральнай шкоды памерам у 1,5 тысячы рублёў.

Сьведкамі абвінавачаньня выступілі ўчастковыя інспэктары Савецкага РУУС, яны блыталіся ў паказаньнях наконт таго, ці біў абвінавачаны па камэры. Дзьмітры Сьпісак сьцьвярджаў, што ў абвінавачанага была ў руках бутэлька ад разьліўнога піва без этыкеткі. А Мікалай Труцько заявіў, што ў Галко ў руцэ была бутэлька з этыкеткай. Згодна ж з заключэньнем экспэртызы, біялягічныя сьляды на рыльцы бутэлькі піва належаць неўстаноўленай асобе і вызначыць яе ўжо немагчыма.

Суседзі абвінавачанага ў судзе расказалі, што бачылі Паўла Мацкевіча ў той дзень, і ён выклікаў падазрэньне, бо здымаў на камэру ня сам канцэрт, а толькі дзяцей. У іх склалася ўражаньне, што гэта маньяк або пэдафіл, а не супрацоўнік міліцыі. Гэтак жа падумаў і Галко, калі ўбачыў, што невядомы мэтанакіравана здымае дзяцей у двары. Абарона прадпрымальніка, грунтуючыся на зборы паказаньняў, заявіла пра тое, што міліцыянт не знаходзіўся ў форменным адзеньні, а працоўную рацыю хаваў за сьпінай, хоць пра абодва факты той сьцьвярджаў адваротнае.

На апісаньне катаваньняў Галко, якія пацьвердзілі і вынікі мэдычнага агляду, судзьдзя Шаціла ніяк не адрэагаваў, а пракурор палічыў, што «факты ціску не пацьвердзіліся, а значыць, гэта спосаб абвінавачанага пазьбегнуць адказнасьці».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG