Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чыноўнікі, настаўнікі, міліцыянты, прыбіральшчыца: хто яшчэ падпісаў ліст спартоўцаў у падтрымку Лукашэнкі


Ілюстрацыйнае фота. Аляксандар Лукашэнка гуляе ў хакей.
Ілюстрацыйнае фота. Аляксандар Лукашэнка гуляе ў хакей.

30 сьнежня 2020 году Нацыянальны алімпійскі камітэт паведаміў, што ліст спартоўцаў у падтрымку дзейнай улады падпісалі 5 тысяч чалавек.

Спартыўны сайт Tribuna заўважыў, што пасьля чацьвёртай тысячы подпісаў у сьпісе часта сустракаюцца падпісанты, у якіх у графе «від спорту» не пазначана нічога, або ў графе дасягненьняў значыцца «спартовец-аматар».

Сярод тых, у каго не пазначаны від спорту, выданьне заўважыла вэтэрынарнага ўрача УА «Гомельскі абласны цэнтар алімпійскага рэзэрву адзінаборстваў», загадчыка арганізацыйна-мэтадычнага кабінэту дыспансэра спартыўнай мэдыцыны, адміністратара ГУ «Астравецкі раённы ФСК», ці проста «работнікаў спартыўнай арганізацыі».

А з 4700-х нумароў у сьпісе вельмі шмат тых, у каго ў графе дасягненьняў значыцца «спартовец-аматар». З апошніх трохсот подпісаў 117 — менавіта з такой пазнакай.

Спробы зразумець, хто ж гэтыя аматары спорту, прывялі да цікавых вынікаў.

Напрыклад, імёны дваіх, суседзяў па сьпісе Васіля Яльчыка і Вольгі Баравой, супадаюць з дадзенымі настаўнікаў чарчэньня і інфарматыкі школы ў вёсцы Валосавічы Акцябрскага раёну Гомельскай вобласьці. А вось астатнія (прынамсі тыя, што вядомыя пошукавым сыстэмам) — са Сьветлагорскага раёну.

У сьпісе дзясяткі подпісаў работнікаў мясцовых дзіцяча-юнацкіх школ: напрыклад, Ірына Афанасьева ў сьветлагорскай ДЮСШ працуе загадчыцай гаспадаркі, а тры яе суседкі па сьпісе, паводле выданьня, працуюць на вахце і ў гардэробах установы.

Таксама ў сьпісе шмат прозьвішчаў супадае з прозьвішчамі і імёнамі чыноўнікаў Сьветлагорскага райвыканкаму. Імёны некаторых апынуліся ў сьпісе з самага пачатку з указаньнем «I спартыўнага разраду» ў розных відах. Сярод «спартоўцаў-аматараў» мясцовых чыноўнікаў стала яшчэ больш.

Зьявіліся ў сьпісе старшыня Сьветлагорскага райвыканкаму Дзьмітры Алейнікаў, Вячаслаў Дзікун — кіраўнік спраў райвыканкаму, Алена Швец узначальвае аддзел па працы са зваротамі, Сьвятлана Казімірчук — начальніца фінансавага аддзелу, Натальля Шаціла — намесьніца начальніка аддзелу адукацыі, Натальля Салавей і Натальля Шастакова — яго галоўныя спэцыялісты, Ала Манькевіч — начальнік аддзелу ідэалягічнай работы, Марына Граюшава — намесьнік, Ірына Шынкарэнка — яго галоўны спэцыяліст, Юлія Ісаенка і Ірына Ембулаева — галоўныя спэцыялісты аддзелу арганізацыйна-кадравай работы, Вольга Аскерава і Іна Петраковіч згадваюцца як супрацоўніцы выканкаму, Ірына Сьніткова вядомая як сябра выбарчай камісіі раёну.

Прдастаўлены ў сьпісе і Сьветлагорскі аддзел МНС, раённая міліцыя, кіраўнікі школ, прадпрыемстваў і прафсаюзаў. Напрыклад, Валеры Лупей — кіраўнік камунальнага прадпрыемства «Сьветач», якім валодае райсавет дэпутатаў. Прадстаўнікі «Сьветлагорск Хімвалакно» — Сяргей Мяркулаў (намесьнік дырэктара па ідэалёгіі), Антон Мазлаў (згадваўся ў мясцовай газэце як начальнік участку) і іншыя.

Аматарамі спорту аказаліся кіраўнікі сьветлагорскіх установаў культуры: Ірына Ясянецкая — дырэктар цэнтру народнай творчасьці, Вікторыя Бусел — сеткі бібліятэк, Натальля Акімцова — карціннай галерэі, Людміла Грабко — цэнтру культуры, Яніна Крот — цэнтру вольнага часу, Натальля Вароніна — дома рамёстваў, Натальля Зыкун — дзіцячай школы мастацтваў.

І гэта толькі па Сьветлагорскім раёне.

«Эўрарадыё» таксама заўважыла ў сьпісе 24 супрацоўнікаў Скідзельскай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы, якіх запісалі ў «баскетбол»: сярод іх дырэктар школы Аляксандар Фурманаў, супрацоўніца аддзелу кадраў Паліна Сінкевіч, бухгальтары Аксана Саўко і Вераніка Чабатарэвіч, намесьнік дырэктара па адміністрацыйна-гаспадарчай рабоце Сяргей Жытко і яшчэ 19 супрацоўнікаў школы, пра якіх нічога не вядома.

Лідзкая ДЮСШ запісала 24 сваіх супрацоўнікаў у «хакей з шайбай»: сярод іх бухгальтар Ларыса Дубатоўка, інжынэр Барыс Буйко і дзьве прыбіральшчыцы Алена Нос і Яніна Ёдка.

Таксама, як заўважае Tribuna, некаторыя людзі ўнесеныя ў сьпіс па 2 разы, а некаторыя абверглі подпіс, але не былі выкрасьленыя.

Зварот спартоўцаў у падтрымку дзейнай улады зьявіўся пасьля таго, як быў апублікаваны Адкрыты ліст беларускіх спартоўцаў з патрабаваньнямі правесьці новыя выбары, спыніць гвалт і вызваліць палітвязьняў. Той Адкрыты ліст падпісалі 1950 чалавек.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG