Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна аднавіла пастаўкі беларускай энэргіі. Дэпутаты парлямэнту супраць


Нацыянальная энэргетычная кампанія «Укренерго» паведаміла, што з пачатку 2021 году Ўкраіна аднавіла пастаўкі электраэнэргіі зь Беларусі, якія ў красавіку былі спыненыя спачатку праз карантын, а потым увогуле забароненыя ў сувязі з пагрозай для ўласнай энэргетычнай генэрацыі.

Згодна з інфармацыяй «Укренерго», з пачатку году зь Беларусі Ўкраіна атрымала 150 мэгават-гадзін. Са Славаччыны Ўкраіна атрымала 30 мэгават-гадзін для забесьпячэньня дзейнасьці Бурштынскага энэргавострава (умоўная тэрыторыя, на якой энэргетычная сыстэма Ўкраіны аб’яднаная з эўрапейскай і дзякуючы гэтаму забясьпечваюцца магчымасьці экспарту ўкраінскай электраэнэргіі ў Эўропу).

Украінская кампанія таксама паведаміла аб падпісаньні 30 сьнежня 2020 году з «Белэнэрга» новых пагадненьняў, якія прадугледжваюць пастаўку электраэнэргіі ў надзвычайных ці аварыйных сытуацыях у рэжыме паралельнай працы энэргасыстэм Беларусі і Ўкраіны. Практыка падпісаньня такіх угодаў існуе з 2017 году, але, як сьцьвярджаюць ва ўкраінскай кампаніі, за час іхнага дзеяньня не было ніводнага выпадку, калі б спатрэбілася аварыйная дапамога электраэнэргіяй.

Украінскі эканаміст і фінансавы аналітык Аляксей Кушч сьцьвярджае, што пастаўкі энэргіі зь Беларусі робяцца менавіта зь Беларускай АЭС.

«Колькі крытыкаў было ў нас, якія сьмяяліся над праектам па будаўніцтве беларускай АЭС. А сёньня мы атрымліваем ток зь першага энэргаблёку новай беларускай атамнай станцыі», — напісаў Кушч на сваёй старонцы ў Facebook.

Першы намесьнік старшыні парлямэнцкага камітэту ў пытаньнях энэргетыкі і жыльлёва-камунальных паслуг Аляксей Кучарэнка заявіў, што аднаўленьне паставак электраэнэргіі зь Беларусі нясе сыстэмную пагрозу для ўкраінскай энэргетычнай галіны.

Паводле Кучарэнкі, аднаўленьне паставак электраэнэргіі зь Беларусі выцесьніць з энэргетычнага рынку Ўкраіны вугаль, што прывядзе да закрыцьця шахтаў, а таксама да скарачэньня вытворчасьці энэргіі на ўкраінскіх АЭС, каляпсу энэргетычнай сыстэмы, і, як вынік, Украіна ня зможа выканаць свае абавязаньні ў сынхранізацыі эўрапейскай энэргетычнай сыстэмай.

«Згодна з плянам дзеяньняў, у 2023 годзе Ўкраіна мусіць цалкам адключыцца ад адзінай энэргетычнай сыстэмы зь Беларусьсю і Расеяй і пражыць год на поўным самазабесьпячэньні. У сытуацыі глыбокага крызісу ў здабычы вугалю, закрыцьці шахтаў, вывадзе з эксплюатацыі энэргаблёкаў АЭС і ТЭС ажыцьцяўляць функцыянаваньне энэргасыстэмы ў пераходны пэрыяд будзе немагчыма», — падкрэсьліў Аляксей Кучарэнка.

У канцы 2020 году стала вядома аб тым, што чатыры найбуйнейшыя ўкраінскія трэйдэры выкупілі амаль палову даступных магутнасьцяў, каб аднавіць у 2021 годзе энэргапатокі паміж Беларусьсю і Ўкраінай.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG