Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пайшоў з жыцьця адзін з найстарэйшых сябраў БНФ Фэлікс Шкірманкоў


Фэлікс Шкірманкоў у кастрычніку 2017
Фэлікс Шкірманкоў у кастрычніку 2017

Сёньня на 95-м годзе пайшоў з жыцьця вэтэран Другой сусьветнай вайны, адзін з найстарэйшых сябраў БНФ, пісьменьнік Фэлікс Шкірманкоў. Прычына сьмерці — каранавірус.

Пра гэта паведаміла на сваёй старонцы ў Фэйсбуку Ўправа Партыі БНФ.

Фэлікс Шкірманкоў нарадзіўся 27 траўня 1926 году ў Прапойску (цяпер Слаўгарад). Пятнаццацігадовым падлеткам пайшоў у партызаны. Падчас адной з апэрацыяў на чыгунцы быў паранены, яго вывезьлі самалётам з партызанскай зоны ў Расею. Па сканчэньні Маскоўскай вайскова-інжынэрнай вучэльні быў накіраваны на 4-ы Ўкраінскі фронт. Перамогу сустрэў у чэскім горадзе Оламаўцы. За вайну атрымаў чатыры раненьні.

Ад 1948 да 1951 году працаваў у органах Міністэрства дзяржаўнай бясьпекі. Адчуўшы да сябе недавер, звольніўся. Ад 1951 да 1979 году рабіў геолягам на Калыме ў Дзяржаўным трэсьце «Дальстрой». Там часта бачыўся з асуджанымі паводле 58 артыкула «за контрарэвалюцыйную дзейнасьць». Тыя выклікалі ў яго сымпатыю і ўплывалі на фармаваньне сьветапогляду.

Выйшаўшы на пэнсію ў 1979 годзе, вярнуўся ў родны Слаўгарад. У раёне працаваў у партыйных структурах. Займаўся творчай дзейнасьцю.

Пасьля канфлікту ў 1990 годзе з раённымі партыйнымі функцыянэрамі, якія перашкодзілі яму стаць дэпутатам Вярхоўнага Савету 12 скліканьня, публічна заявіў, што выходзіць з КПСС. На той час ён ужо быў знаёмы з палітыкам Зянонам Пазьняком і грамадзкім дзеячом Генадзем Грушавым.

Стварыў раённую суполку Беларускага Народнага Фронту, сябрамі якой былі больш за 100 чалавек. Таксама быў заснавальнікам раённага камітэту «Дзеці Чарнобылю». Намаганьнямі суполкі дзеці з чарнобыльскіх раёнаў выяжджалі на аздараўленьне за мяжу.


У 1990–1995 гадах старшыняваў у Слаўгарадзкім гарсавеце. Пасьля прыходу да ўлады Аляксандра Лукашэнкі сышоў з пасады. Пасьля рэфэрэндуму 1995 году забраў з гарсавету герб «Пагоня», які пасьля вісеў у яго дома.

У траўні 2019 году на знак прызнаньня яго заслугаў у нацыянальным дэмакратычным руху Рада Беларускай Народнай Рэспублікі ўзнагародзіла Фэлікса Шкірманкова мэдалём да 100-годзьдзя БНР.

Фэлікс Шкірманкоў — аўтар больш як 20 зборнікаў прозы і вершаў. У 1995 годзе выдаў кнігу з успамінамі ўдзельнікаў беларускай партызанкі. Іх зьбіраў больш за 20 гадоў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG