Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Год свабоды, зла, герояў і будучыні. Віншаваньне ад Радыё Свабода


Марш у Менску. 13 верасьня.
Марш у Менску. 13 верасьня.

Дарагія сябры,

Ад імя журналістаў Свабоды хачу падзякаваць вам за гэты незабыўны год: вы былі героямі нашых рэпартажаў зь пікетаў, мітынгаў, дэманстрацыяў. Вашымі галасамі гаварыла, крычала, сьпявала сёлета гісторыя. Вы рабілі галоўную справу свабодных людзей — насуперак хлусьні і пагрозам расказвалі нам праўду пра каранавірус, пра выбары, пра свой асабісты шлях праз пакуты да салідарнасьці і веры ў будучыню. Вы былі героямі.

Ніколі ў гісторыі Радыё Свабода мы ня мелі такой шматлікай і такой удзячнай аўдыторыі, як сёлета. Дзякуй вам.

Як кіраўнік Беларускай службы прызнаюся, што таксама ніколі ў гісторыі незалежнай Беларусі мы не плацілі за гэты посьпех такой цаны. Зь сярэдзіны сьнежня трымае галадоўку ў турме наш калега Ігар Лосік, арыштаваны яшчэ ў чэрвені. Двухгадовая дачка памятае яго толькі па фота. Вызваленьня Ігара дамагаюцца палітыкі ЗША і Эўразьвязу, яго вялізны партрэт лунаў над Прагай.

У зла няма паўценяў. Агулам амаль год журналісты і сталыя аўтары Свабоды правялі сёлета за турэмнымі кратамі. Нас затрымлівалі падчас жывых эфіраў, жорстка зьбівалі, арыштоўвалі на суткі, раскідвалі па турмах ад Акрэсьціна да Баранавічаў, ад Жодзіна да Магілёва, штрафавалі, перасьледавалі родных, сачылі, адключалі тэлефоны, канфіскоўвалі тэхніку. Усе журналісты былі пазбаўлены акрэдытацыі, наш сайт svaboda.org заблякаваны ад жніўня (тут наш сайт-люстэрка).

Сілавікі ў цывільным затрымліваюць карэспандэнтку Радыё Свабода Аляксандру Дынько падчас стрыму ў апошні дзень збору подпісаў за вылучэньне кандыдатаў у прэзыдэнты. Менск, 19 чэрвеня
Сілавікі ў цывільным затрымліваюць карэспандэнтку Радыё Свабода Аляксандру Дынько падчас стрыму ў апошні дзень збору подпісаў за вылучэньне кандыдатаў у прэзыдэнты. Менск, 19 чэрвеня

Вы, дарагія сябры, тым ня менш, засталіся з намі: наша аўдыторыя на сайце, у сацыяльных сетках, Telegram, YouTube толькі вырасла. Сёлета мы атрымалі і надзвычайнае прафэсійнае прызнаньне — нашы рэпартажы пра падзеі ў Беларусі шырока перадрукоўвалі вядучыя сусьветныя СМІ, а жывыя стрымы, бывала, глядзелі больш за сто тысяч чалавек адначасна і мільёны наўздагон, яны трансьляваліся папулярнымі незалежнымі тэлеканаламі краінаў-суседзяў.

Прафэсійная журналістыка вымагае ня меншай адказнасьці, дакладнасьці, хуткасьці, самаахвярнасьці, чым праца лекара, настаўніка, праграміста.

Журналісты Свабоды сёлета атрымалі столькі прафэсійных узнагарод, што пералік зойме зашмат месца. Згадаю толькі некалькі.

  • Аляксандра Дынько атрымала прэмію «Гонар журналістыкі» імя Алеся Ліпая.
  • Сяргей Дубавец — прэмію імя Ежы Гедройця за кнігу бібліятэкі Свабоды «Тантамарэскі».
  • Яшчэ адно выданьне бібліятэкі, «Кастусь Каліноўскі і палітычнае нараджэньне Беларусі» аўтарства Сяргея Абламейкі, крытыкі прызналі кнігай году.
  • Праца Ігара Карнея адзначана прэміяй БАЖа.

Праца Беларускай службы сёлета восем разоў перамагала ў штомесячным спаборніцтве 25 рэдакцый Радыё Свабода/Радыё Свабодная Эўропа, і галоўная ўзнагарода году — за найлепшае асьвятленьне навінаў і бягучых падзеяў — таксама ўручана Беларускай службе.

Але для ўсіх нас першай і галоўнай узнагародай была і будзе ваша, дарагія сябры, увага да нашай працы, ваш давер і падтрымка.

Пару месяцаў таму, падчас размовы з групай амэрыканскіх палітыкаў, журналістаў і камэнтатараў у Вашынгтоне, я згадаў кароткае відэа з пратэстаў перад будынкам дзяржаўнага тэлебачаньня ў Менску. Пратэстоўцы заўважылі журналістаў Свабоды, якія вялі жывы стрым, і пачалі скандаваць: «Радыё Свабода, Радыё Свабода!». Гэтая сцэна моцна ўразіла маіх суразмоўцаў, гэтыя кадры цяпер паказваюць на палітычных сустрэчах і ва ўнівэрсытэцкіх аўдыторыях, калі гавораць ня толькі пра Беларусь, але пра каштоўнасьці свабоды прэсы і прафэсійнай журналістыкі ў сучасным сьвеце.

Людзі скандуюць «Радыё Свабода» падчас пратэсту каля будынку БТ
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:00:15 0:00

Сотні журналістаў, ад рэпартэраў рэгіянальных выданьняў і блогераў да рэдактараў нацыянальных СМІ і замежных карэспандэнтаў пацярпелі сёлета ў Беларусі за выкананьне прафэсійных абавязкаў. Дзевяць журналістаў сустракаюць Каляды і Новы год за кратамі, як Ігар Лосік. Іх блізкія і родныя будуць балюча адчуваць пустату на іх месцы за сьвяточным сталом. Нашы думкі, малітвы, самыя цёплыя пажаданьні — тым, хто працягвае годна і мужна прыносіць самую дарагую ахвяру дзеля будучыні — сваю свабоду.

Гісторыя вучыць доўгатэрміноваму погляду і так нараджае надзею. Сёлета аўтар Свабоды музыка Лявон Вольскі выпусьціў альбом «Амэрыка», у якім ёсьць песьня, напісаная на словы прадмовы да кнігі Бібліятэкі Свабоды «Тантамарэскі». Калі летась я пісаў тую прадмову, дык думаў, што пішу пра мінулае. Песьня называецца «Палон», і ў 2020-м яна гучыць і пра сёньняшні дзень, і пра заўтрашні.

Дарагія сябры, жадаем вам добрых навінаў у Новым годзе ў асабістым і прафэсійным жыцьці, у сям’і і вашай грамадзе, у доме і краіне, а значыць — і на Радыё Свабода. Свабода як любоў і надзея — сьвята, якое заўсёды з намі.

Аляксандар Лукашук,
Дырэктар Беларускай службы Радыё Свабода

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG