Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзярждоўг вырас, але людзі засвоілі Psiphon. 5 сумных і 5 пазытыўных лічбаў адыходзячага году


Конемабіль жыхара вёскі Княжыцы Шклоўскага раёна Аляксея Вусікава
Конемабіль жыхара вёскі Княжыцы Шклоўскага раёна Аляксея Вусікава

Адыходзячы год шмат у чым арыгінальны і непаўторны. Асабліва ён непаўторны для беларускай эканомікі. Гартаем беларускую статыстыку і спрабуем знайсьці там пазытыў.

Нэгатыў

59 мільярдаў даўгоў

На 1 лістапада гэтага году запазычанасьць усіх беларускіх арганізацый складала 59,5 мільярда рублёў. У тым ліку пратэрмінаваная запазычанасьць 7,5 мільярда, ці 12,7% ад агульнага доўгу.

Мінус 447 мільёнаў даляраў укладаў

Пасьля жнівеньскіх падзей беларусы пачалі масава забіраць грошы з банкаў. На верасень, паводле статыстыкі Нацбанку, на ўкладах было 4,9 мільярда даляраў. У параўнаньні з жніўнем гэтая лічба скарацілася на 447 мільёнаў даляраў. Значыць, беларусы забралі з укладаў амаль паўмільярда.

Дзяржаўны доўг — плюс 22,4%

З пачатку году дзяржаўны доўг Беларусі вырас на 13 мільярдаў рублёў, ці на 22,4%. У студзені ён складаў 44 мільярды рублёў, цяпер — 57,9 мільярда.

Замежны доўг вырас да 18 мільярдаў даляраў і цяпер складае траціну ад ВУП Беларусі.

Замежны гандаль — мінус 8 мільярдаў даляраў

За восем месяцаў сёлета замежнагандлёвы таваразварот скараціўся на 17,7% і склаў 44,7 мільярда рублёў. Зьменшыўся амаль на 8 мільярдаў даляраў. Экспарт зь Беларусі зьнізіўся на 16,2% і склаў 22,9 мільярда. Зьмяншэньне — на 3,7 мільярда.

Рубель патаньнеў на 18%

1 студзеня гэтага году даляр паводле Нацбанку каштаваў 2,1 рубля. Цяпер даляр каштуе 2,57 рубля, беларускі рубель «прасеў» на 18% з пачатку году.

Пазытыў (але не заўжды)

Сярэдні заробак павялічыўся на 181 рубель

Са студзеня па лістапад сярэдні заробак вырас на 181 рубель і цяпер складае 1300 рублёў. У студзені ён быў 1118 рублёў. Але ў даляравым эквіваленце заробак страціў. Калі ў студзені ён складаў 532 даляры, то цяпер толькі 505, упаў амаль на 30 даляраў.

Шэнген патаньнеў да 35 эўра

З 1 лістапада гэтага году шэнгенская віза для беларусаў стала каштаваць 35 эўра (раней было 60 эўра). Ад гэтай даты набыла моц дамова аб рэадмісіі паміж Беларусьсю і Эўразьвязам.

Згодна з пагадненьнем, Беларусь абавязваецца прымаць на сваю тэрыторыю грамадзян, якія парушылі ўмовы ўезду на тэрыторыю ЭЗ або ўмовы знаходжаньня ў ЭЗ.

За мяжой купілі больш беларускай малочкі

Нягледзячы на агульнае зьніжэньне экспарту з Беларусі, некаторыя беларускія прадукты сталі купляць больш. Са студзеня па кастрычнік малочных прадуктаў зь Беларусі прадалі на 2 мільярды даляраў. Летась на гэтым зарабілі 1,94 мільярда даляраў.

Больш за 6 мільёнаў даляраў на дапамогу пацярпелым да і пасьля выбараў

З жніўня на дапамогу беларусам, пацярпелым ад гвалту сілавікоў, зьбіраюць грошы адразу некалькі фондаў. За гэты час у фонды прыйшло ахвяраваньняў на больш як 6 мільёнаў даляраў. 5 зь іх, паводле статыстыкі фондаў, ужо пайшлі на дапамогу пацярпелым, выплаты штрафаў, падтрымку звольненым рабочым, дзеячам культуры і спартоўцам.


Больш за 2,5 мільёна беларусаў абышлі блякаваньне інтэрнэту

З 9 жніўня ў Беларусі пачалі адключаюць інтэрнэт, а людзі сталі актыўна карыстацца VPN і ананімайзэрамі. Толькі сэрвісам Psiphon скарысталіся 2,5 мільёна беларусаў — палова дарослага насельніцтва.

Ёсьць у гэтым і нэгатыўны момант. Праз адключэньне інтэрнэту ў жніўні панесьлі страты многія ІТ-кампаніі, некаторыя зь іх пасьля прынялі рашэньне аб пераводзе бізнэсу ў іншую краіну.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG