Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амапавец адсудзіў у «Нашай Нівы» 1500 рублёў. Газэта просіць дапамогі


Падчас акцыі пратэсту ў Горадні 18 жніўня. Ілюстрацыйнае фота
Падчас акцыі пратэсту ў Горадні 18 жніўня. Ілюстрацыйнае фота

Суд Маскоўскага раёну Менску прысудзіў амапаўцу Андрэю Бекішу маральную кампэнсацыю за артыкул у «Нашай Ніве». Судзьдзя Іна Ялавая ацаніла яго перажываньні ў 1500 рублёў.

Імя Андрэя Бекіша стала вядомым сёлета ў ліпені. Блогер Сьцяпан Пуціла апублікаваў у сваім тэлеграм-канале відэа, як апрануты ў цывільнае сілавік падскоквае да аднаго з затрыманых пратэстоўцаў са сьпіны і некалькі разоў б’е яго.

Празь некалькі дзён «Наша Ніва» падрыхтавала тэкст з расповедамі аднаклясьнікаў амапаўца пра тое, якім ён быў у дзяцінстве.

Што не спадабалася герою? Напрыклад, што «зь вялікім імпэтам зьбіваў пратэстоўцаў». Таксама пераконваў, што яго аднаклясьнікі не казалі наступнага: «якім жа трэба быць баязьліўцам, каб такое рабіць...», «у яго здараліся нейкія заскокі», «павінен жа я ведаць, ці падаваць яму руку». Былі пытаньні і да такой гісторыі: «На ўроку фізкультуры я зьбірала мячыкі пасьля ўроку, а ён падышоў да мяне і проста ўдарыў пад дых. Аж у вачах пацямнела».

Нягледзячы на тое, што ўся Беларусь бачыла, як Бекіш зьбіваў дэманстранта, які не супраціўляецца, а тая самая аднаклясьніца пацьвердзіла ў судзе, што менавіта яе некалі біў у жывот Андрэй, суд аказаўся на баку сілавіка.

«Наша Ніва» будзе вымушаная сплаціць грошы, хоць, як гаворыцца ў рэдакцыйным артыкуле, «пакуты» Бекіша не падмацаваныя нічым — сума ўзятая са столі. Калі ігнараваць рашэньне, сродкі сьпішуць з рахунку.

«Наша Ніва» просіць чытачоў дапамагчы з выплатай «кампэнсацыі». Рэквізыты па спасылцы.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG