Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўразьвяз пачынае вакцынацыю ад COVID-19. Тым часам новы штам каранавірусу дабраўся да Францыі


Вакцына ад COVID-19.
Вакцына ад COVID-19.

Увядзеньне новай вакцыны ад COVID-19 у краінах Эўразьвязу пачнецца нягледзячы на тое, што краіны, якія ўваходзяць у блёк, вяртаюцца ў строгі карантын у сувязі з новым штамам вірусу, паведамляе AFP.

Як мяркуюць навукоўцы, новы штам вірусу зьяўляецца больш праблемным, ён распаўсюджвацца з Брытаніі, дзе быў зафіксаваны ўпершыню.

Пандэмія забрала больш за 1,7 мільёна жыцьцяў і мэдыкі яшчэ фіксуюць хваробу ў большасьці краінаў сьвету, але нядаўны пачатак вакцынацыі нарадзіў надзею, што 2021 год будзе спакайнейшым.

За некалькі гадзін да паступленьня першых дозаў вакцыны ў Францыю міністэрства аховы здароўя гэтай краіны пацьвердзіла, што выявіла першы выпадак новага штаму ў грамадзяніна, які вярнуўся зь Вялікай Брытаніі 19 сьнежня. Пасьля прылёту з Лёндану яго накіравалі на самаізаляцыю ў горад Тур, а таксама дасьледавалі кантакты мэдыкаў, якія ўзаемадзейнічалі зь ім. Хвароба праходзіць бессымптомна.

Амаль ня быў заўважны звычайны ажыятаж у калядныя дні для Сіднэю, бо жыхары Аўстраліі ў значнай ступені прыслухаліся да просьбы прэм’ер-міністра застацца дома з улікам рызыкі заражэньня.

Пакуль некаторыя эўрапейскія дзяржавы назіраюць за вяртаньнем жорсткіх абмежаваньняў пасьля Калядаў, камуністычнае кіраўніцтва Кітаю выступіла з заявай аб «надзвычайным посьпеху» ў барацьбе краіны з каранавірусам, які зьявіўся летась у правінцыі Хубэй.

Ва ўсім сьвеце людзей заклікаюць паважаць прынцыпы сацыяльнага дыстанцыяваньня, бо Сусветная арганізацыя аховы здароўя заклікала людзей памятаць пра вялікія ахвяры, на якія пайшлі многія людзі дзеля выратаваньня жыцьцяў.

Новы штам вірусу

Новы штам вірусу прымусіў больш за 50 краін увесьці абмежаваньні на паездкі ў Вялікую Брытанію. Але Беларусь пералёты не адмяніла.

Выпадкі новага штаму зарэгістравалі ў Даніі, Лібане, Нямеччыне, Аўстраліі і Нідэрляндах. У Японіі выявілі 5 інфэкаваных чалавек, якія вярнуліся самалётам акурат зь Вялікай Брытаніі.

Паўднёвая Афрыка выявіла аналягічную мутацыю ў некаторых людзей, але ў пятніцу там абверглі заявы брытанцаў, што гэта больш небясьпечны штам, чым той, які паходзіць зь Вялікай Брытаніі.

Закрыцьцё мяжы Вялікай Брытаніі і Францыі на 48 гадзін прывяло да ўзьнікненьня коркаў на 10 000 грузавікоў на паўднёвым усходзе Англіі, шэраг кіроўцаў вымушаныя былі прабыць там у сьвяточныя дні.

Кіраўнік партовага апэратару Кале заявіў агенцтву AFP, што пасьля таго, як порт застаўся адкрытым на Каляды, пра сытуацыю трэба паклапаціцца ў найбліжэйшы час.

Новыя абмежаваньні

Некаторыя краіны, якія зьлёгку аслабілі абмежаваньні на Каляды, зноў увялі іх — напрыклад, у Аўстрыі з суботы ўвялі камэнданцкую гадзіну, якая будзе доўжыцца да 24 студзеня. Паводле BBC, больш за 40% насельніцтва Англіі ў закранулі самыя жорсткія абмежавальныя меры, якія ўключаюць закрыцьцё ўсіх неістотных прадпрыемстваў і абмежаваньне сацыяльных кантактаў.

У суботу таксама пачаліся новыя блякаваньні актыўнасьці ў Шатляндыі і Паўночнай Ірляндыі. Таксама і Ўэльс увёў абмежаваньні пасьля паслабленьня на Каляды.

Паводле зьвестак AFP, у Эўропе зафіксавана больш за 25 мільёнаў выпадкаў інфэкцый каранавірусам.

Надзея на вакцыну

Вакцынацыя ва ўсіх 27 краінах Эўрапейскага Зьвязу пачнецца ў нядзелю пасьля таго, як 21 сьнежня рэгулятары зацьвердзілі вакцыну Pfizer-BioNTech.

Па меры распаўсюджваньня вакцыны па ўсім сьвеце, кіраўнік САЗ Тэдрас Гебрэесус 25 сьнежня папярэдзіў:

«Вакцыны прапануюць плянэце выйсьце з гэтай трагедыі. Але спатрэбіцца час, каб вакцынаваць увесь сьвет».

У калядным пасланьні Папы Рымскага ўтрымлівалася просьба аб «вакцынах для ўсіх».

«Я заклікаю ўсіх кіраўнікоў дзяржаў, бізнэсу, міжнародных арганізацыяў садзейнічаць супрацоўніцтву, а не канкурэнцыі, знайсьці рашэньне для ўсіх, асабліва для найбольш уразьлівых ва ўсіх рэгіёнах», — сказаў Папа Францішак.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG