Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паэт Міхал Бараноўскі: «Жыцьцё не тэатар, і кроў ліецца не бутафорская»


Міхал Бараноўскі
Міхал Бараноўскі

Найлепшай паэтычнай кнігай 2020-га паводле вэрсіі Радыё Свабода стала «VOLUMEN.2» Міхала Бараноўскага. Гэта другая кніга маладога аўтара. За першую — «VOLUMEN.1» — у 2017 годзе ён атрымаў прэмію «Дэбют» імя Максіма Багдановіча.

На просьбу Радыё Свабода Міхал Бараноўскі разважае пра аднолькавую назву дзьвюх сваіх кніг, пра наватарства і самарэкляму маладых паэтаў і пра іх месца на барыкадах у сёньняшняй бунтоўнай Беларусі.

Пра што кніга «VOLUMEN.2»

Другая кніга маладога паэта складаецца зь сямі разьдзелаў, у якіх аўтар спрабуе разважаць як над асабістымі, так і над грамадзкімі пытаньнямі: адказнасьці за свой выбар і прынятыя рашэньні, вечнай адзіноты ды супрацьстаяньня эрасу і танатасу, памяці і бяспамяцтва, унутранай свабоды і несвабоды, пошуку гармоніі ў негарманічным сьвеце.

— Ваша другая кніга мае тую ж самую назву, што і першая. Толькі нумарацыя зьмянілася. Унікальны, здаецца, выпадак у беларускай літаратуры. Трэцяя і наступныя таксама будуць так называцца? І, дарэчы, у слова «volumen» шмат сэнсаў. Які вы ўкладваеце ў яго і чаму так называеце свае кнігі?

— Можна было б неяк аджартавацца і сказаць, што няма часу думаць над назвамі, трэба вершы пісаць... Але насамрэч гэтае пытаньне для мяне даволі сур’ёзнае і адказнае. Калі прабягаю вачыма па кніжных паліцах, вока не-не ды і зачэпіцца за прыгожую трапную назву. Як яны прыдумляюцца, загадка. Адпаведна, можна зрабіць выснову, што я пазьбягаю адказнасьці, маладушнічаю. У нейкай ступені так яно і ёсьць, праўда, толькі часткова. Для мяне вельмі важнымі зьяўляюцца назвы разьдзелаў, яны нараджаюцца ледзь не раней за вершы, у іх зьмешчаныя. Калі такім жа натуральным чынам мне зьявіцца назва наступнай кніжкі (калі ўвогуле зьявіцца наступная кніжка), то, магчыма, зададзеная сыстэма парушыцца.

Сэнсавае напаўненьне хацелася б пакінуць без тлумачэньня — калі жывеш у час пост-пост…чагосьці там, роскід прачытаньняў лёгка скача ад пустаты да глыбакадумнасьці. Таму як хто пабачыць, так будзе і правільна. І наконт унікальнасьці… Я ня так дасьведчаны ў тэме, як хацелася б, але магу прыгадаць нумарныя «Сшыткі» Лявона Вашко, альбомы цудоўных «цэпэлінаў», першыя і другія «Чытаньні для дзетак беларусаў». Пэўна, калі падумаць, узгадаецца і нешта яшчэ.

— Крытыкі называюць вас экспэрымэнтатарам у сучаснай беларускай паэзіі. Думаю, вы ня будзеце гэтага адмаўляць, але ці сьвядома вы ідзяце на навацыі, ці гэта атрымліваецца міжволі, у сілу прыроды вашай творчасьці?

— Якраз-такі паспрабую гэтую характарыстыку адпрэчыць. Ну які я там экспэрымэнтатар? Вядома, ня ўсе вершы ў кнізе «VOLUMEN.2» напісаныя ў слупок і ў рыфму, але калі ў ёй і ёсьць нейкія спробы выйсьці па-за межы, то гэта спробы выйсьці за межы таго, што рабіў раней канкрэтна я. Лічу сябе хутчэй традыцыяналістам і пасьлядоўнікам, чым экспэрымэнтатарам і наватарам. Беларуская паэзія разнастайная і шматаблічная. За час яе існаваньня напрацаваны багаты набытак у самых нечаканых кірунках. Тое, што пэўныя пэрліны не навідавоку, крыху засмучае.

Мне здаецца, у нас па інэрцыі захоўваецца савецкі эстэтычны канон, літаратурная герархія, што перашкаджае пошуку ды ўспрыняцьцю зробленага сапраўднымі першапраходцамі. На іх не накіраваны пражэктар грамадзкай увагі. Яны ў сподзе, а мы раптам аказваемся экспэрымэнтатарамі. Я чытаю, радуюся, як дзіця, знаходкам і крочу сьледам, час ад часу дазваляючы сабе крыху збочыць. Пакруціць на языку нейкае новае слова. Дафармуляваць тое, што здалося няпэўным і неўнаяўленым. Люблю рознае, не акцэнтуюся на нейкай адной эстэтыцы, таму вершы ў новай кнізе даволі разнастайныя па зьмесьце і сродках выяўленьня. Аб прыродзе творчасьці нічога сказаць не магу.

— Вас цяжка абвінаваціць у самапіяры, чым, прызнаемся, цяпер моцна захапляецца маладая (і ня толькі маладая) літаратурная генэрацыя. Не заўважаныя вы і ў нейкіх тусоўках, якія актыўна раскручваюць, так бы мовіць, сваіх. Наколькі важна ўсё гэта дзеля здабыцьця посьпеху ў публікі? І ўвогуле, што на вашу думку, робіць вядомым і папулярным сучаснага беларускага паэта?

— Кніжка сама сябе не напіша (з гэтым паўбяды), і, на жаль, сама сябе не прадасьць. Таму ня дзіва, што людзі такую ўвагу ўдзяляюць рэкляме. Хораша — у каго гэта атрымліваецца натуральна, так сабе — калі гэта выглядае натужна. У «машыне» мясцовага літаратурнага працэсу відавочна адсутнічае колькі запчастак, таму аўтары па-за сваёй воляй (а нехта і ў ахвотку) займаюцца самапрасоўваньнем. Калі мяне няма ў чым абвінаваціць, то значыць, зь піярам я недапрацоўваю. Праўда, у сваё апраўданьне скажу, што нейкія захады ўсё-такі былі зроблены: вялікая частка вершаў была прадстаўлена на старонках часопісаў «Дзеяслоў», «Маладосць», «Полымя», газэты «ЛіМ», я прэзэнтаваў кнігу на выдатным фэстывалі Pradmova, дасылаў нізку вершаў для ўдзелу ў конкурсе «Эксьлібрыс» Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і як ляўрэат чытаў яе на вечарыне, прысьвечанай 60-годзьдзю Анатоля Сыса, удзельнічаў у імпрэзах, дзяліўся вершамі і расказваў пра падзеі, зьвязаныя з кнігай, у сацыяльных сетках. Так што, ня так і мала.

Я да таго, што пэўныя дзеяньні аўтар, у тым ліку і малады, можа зрабіць. Больш за тое, ёсьць цікавыя адукацыйныя ініцыятывы: «Школа маладога літаратара» з магчымасьцю выдаць кнігу ў сэрыі «Пункт адліку» і «Беларускі калегіюм», школа крэатыўнага пісьма «Літара» Адама Глобуса, майстэрня Ксеніі Шталянковай і Віктара Марціновіча, конкурсы. Ступень закрытасьці нейкіх супольнасьцяў значна перабольшаная. Хадзіце, знаёмцеся, арганізуйце сумесныя выступленьні і дапамагайце адзін аднаму даносіць сваю творчасьць людзям. Можа, і здарыцца нейкі цікавы зьбег абставінаў і пра цябе дазнаюцца паўсюль і адразу, але гучыць яно неяк казачна — трэба рухацца.

Што да посьпеху, то варта было б вызначыцца з паняткам. Бо ў нашых шыротах усё вельмі адносна і ўмоўна. Гэта колькасьць прададзеных экзэмпляраў кнігі? Гэта атрыманая прэмія? Гэта ўхвальнае слова мэтра альбо згаданых вышэй супольнасьцяў? Цікава, але гэтыя рэчы часьцяком не перасякаюцца.

Зь вядомасьцю крыху прасьцей, але зноў жа… Вядомасьць часта ідзе ў зьвязку з сацыяльным запатрабаваньнем. Калі творца піша тое, што хоча пачуць чытач, то ён мае больш шансаў быць расчутым. І хораша, калі ў каго атрымліваецца рабіць гэта натуральна. Хораша, калі ў вершы застаецца паэзія. Жывая. Тут няма дакладнай рэцэптуры, інакш усе былі б вядомымі, папулярнымі і толькі пасьпявалі б раздаваць аўтографы.

— Бурлівыя падзеі ў сёлетняй Беларусі зрабілі надзённай зьяву «паэт на барыкадах». Што думаеце пра яе, ці адчуваеце сябе яе часткай?

— Я адчуваю вялікую адказнасьць за словы і думкі, якія трансьлюю ў вершах. Так было заўсёды, але сёлета пачуцьцё адказнасьці асабліва абвостранае. Ва ўмовах інфармацыйнга бамбаваньня галава ідзе кругам. Так лёгка пабачыць жаданае замест рэальнага. Так лёгка рушыць сьледам за эмоцыяй, а ў выніку атрымаць ня тое, на што разьлічваў. Кажуць, што самае гарачае месца ў пекле прызначана для тых, хто ў пару маральнага крызісу захоўвае нэўтралітэт. Дык вось, я ў такім пекле — тут і цяпер. Разгубленасьць, роспач, стакгольмскі сындром, унутраная несвабода, жах. Многія расказвалі пра эмацыйныя арэлі, а ў мяне няма ніякіх арэляў — ёсьць адчуваньне, што я сарваўся ў прорву і лячу ўніз.

Я ня маю маральнага права нешта выкрыкваць на барыкадах, калі сам ня маю веры. І гэтае бязьвер’е разбурае. Зайздрошчу тым, у каго сёньня ёсьць глеба пад нагамі, упэўненасьць у сваёй праваце і ў будучыні, да якой яны ідуць альбо заклікаюць, гатоўнасьць плаціць цану. Стараюся быць праўдзівым перад сабой, а не прымерваць чужыя ролі: герояў, ахвяраў ці катаў. Жыцьцё не тэатар, і мы ў ім не акторы, і кроў ліецца не бутафорская.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG