Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Спадзяюся вярнуцца». «Бел-чырвона-белая нявеста» расказала пра свой ад’езд зь Беларусі


Іна Зайцава ў Кіеве
Іна Зайцава ў Кіеве

Іна Зайцава, якая стала вядомая ў Беларусі пасьля ўдзелу ў акцыях пратэсту ў вясельнай сукенцы з чырвонай паласой на падоле, зьехала ва Ўкраіну, асьцерагаючыся далейшых рэпрэсій супраць сваёй сям’і. Пра гэта яна расказала Свабодзе.

«Майму мужу прысудзілі „суткі“ не таму, што ён вёў актыўную рэвалюцыйную дзейнасьць, а таму, што гэта рабіла я. Пра гэта мне ў вочы сказалі ў РУУС. Зьяжджаючы з краіны, я, па сутнасьці, адвяла ўдар ад свайго мужа. Спадзяюся, што ён зараз выйдзе, і яму нічога больш ня выставяць», — сказала Свабодзе Іна Зайцава.

Андрэя Зайцава асудзілі на 13 дзён арышту ў пачатку сьнежня праз абвінавачаньне ў несанкцыянаваным адзіночным пікеце, якім палічылі нацыянальны сьцяг на ўласным прыватным доме ў пасёлку Сокал. Ён знаходзіцца ў ізалятары ў Баранавічах і мае выйсьці на свабоду 24 сьнежня апоўдні.

«У Беларусі ёсьць каму пра яго паклапаціцца, ёсьць сваякі, і я дакладна ведаю, што яго сустрэнуць. Перад тым, як яго затрымалі, мы абмяркоўвалі гэта, і ён прасіў мяне зьехаць у выпадку ягонага арышту, каб мы не былі закладнікамі сытуацыі».

Іна Зайцава не разглядае варыянту пераезду ў замежжа на сталае жыхарства. «У мяне няма плянаў зьяжджаць. Я магу часова знаходзіцца за межамі Беларусі з прычыны напружанай сытуацыі. Але я нічога не зрабіла такога, каб я не магла вярнуцца назад, таму я не разглядаю варыянту пераезду. Я проста часова за межамі. Будзем лічыць, што я на зімовых вакацыях. Але калі мне спатрэбіцца больш як 90 дзён і вельмі моцна прыцісьне, то я магу зьвярнуцца ва Ўкраіне па від на жыхарства. Але я спадзяюся вярнуцца».

«Пакуль нам з жытлом дапамог дабрачынны фонд „Родны кут“, які ў Кіеве арганізавалі мае знаёмыя. Пазьней будзем шукаць арэнднае жытло, а далей... Усё так хутка мяняецца, што цяпер цяжка нешта плянаваць. Ведаю адно: мы дакладна ня будзем вяртаць дзяцей на тэрыторыю Беларусі, каб не перажываць за іхную бясьпеку».

Іна Зайцава дадала, што ў школу, дзе вучыцца яе старэйшае дзіця, накіроўвалі запыт пра сям’ю. «Але паколькі потым не было ніякіх размоў на гэтую тэму, то, мяркую, што школа пазытыўна адказала пра нашу сям’ю».

Кіеў
Кіеў

Паводле актывісткі, міліцыя некалькі разоў папярэджвала пра тое, што яны знойдуць, «з кім застануцца на 15 дзён ейныя дзеці». «Яны казалі, што доўга шкадавалі мяне, але, раз я працягваю, то шкадаваць больш ня будуць. У РУУС нават сказалі, што мне прысьвячалі цэлы сход, ці як там у іх называецца, „планёрка“... На ёй казалі, што мяне трэба ўжо спыняць, і, уласна, пасьля гэтага і затрымалі майго мужа».

У Кіеве Інна Зайцава далучылася да беларускіх акцый у сваёй вядомай вясельнай сукенцы. «Гэта ўжо другая сукенка. Я яе купіла адразу, як мяне вызвалілі ў Горадні, і яшчэ ў Менску выходзіла ў ёй на акцыі, а цяпер яна са мной у Кіеве», — дадала актывістка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG