Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Наўмыснае атручваньне»: новыя матэрыялы ФБР праліваюць сьвятло на раптоўную хваробу крытыка Крамля


Уладзімір Кара-Мурза, 2016 г.
Уладзімір Кара-Мурза, 2016 г.

Амэрыканскія ўлады расьсьледавалі два эпізоды раптоўнай хваробы расейскага апазыцыянэра Уладзіміра Кара-Мурзы як «наўмыснае атручваньне». Паводле афіцыйных зьвестак, амэрыканскія навукоўцы і лекары разглядалі магчымасьць атручваньня біятаксінамі або радыяактыўнымі рэчывамі.

Прапануем пазнаёміцца з матэрыялам расейскай службы Радыё Свабода ў скарачэньні.

Дакумэнты міністэрства юстыцыі ЗША, дадзеныя для эксклюзіўнага азнаямленьня Радыё Свабода, праліваюць сьвятло на расьсьледаваньне ФБР, якое спрабавала высьветліць, чаму Ўладзімір Кара-Мурза двойчы за два гады раптоўна занядужаў у Маскве. Гэтыя зьвесткі — частка пакету дакумэнтаў, перададзеных міністэрствам юстыцыі ЗША Кара-Мурзу ў адказ на яго запыт аб тым, што менавіта ўрад ЗША ведае пра яго раптоўную цяжкую хваробу ў 2015 і 2017 гадах.

Кара-Мурза, які цяпер жыве з жонкай і дзецьмі каля Вашынгтону, лічыць, што ён быў двойчы атручаны ў Маскве праз сваю датычнасьць да распрацоўкі санкцыяў ЗША супраць расейскіх афіцыйных асобаў, якія маюць дачыненьне да парушэньня правоў чалавека. У абодвух выпадках расейскія лекары зафіксавалі наступствы атручэньня «неўстаноўленым рэчывам».

У першым пакеце дакумэнтаў, зь якім пазнаёмілася Радыё Свабода, ёсьць зьвесткі, што ФБР атрымала дазвол ад Кара-Мурзы адправіць узоры яго крыві на аналізы ў вядучыя амэрыканскія вайсковыя лябараторыі. У дакумэнтах таксама гаворыцца, што дырэктар ФБР Крыстафэр Рэй непасрэдна ўдзельнічаў у расьсьледаваньні — верагодна, на вымаганьне Кангрэсу. Аднак міністэрства юстыцыі ЗША пакуль не дало некалькіх сотняў старонак справы Кара-Мурзы, хоць фэдэральны суд прызнаў законным ягонае патрабаваньне. (…)

Стывэн Рэйдмэйкер, які прадстаўляе інтарэсы Кара-Мурзы ў судзе, сказаў Радыё Свабода, што 275 старонак справы не выдаюць у сувязі «з кансультацыямі зь іншымі агенцтвамі» і яшчэ 10 — зь меркаваньняў нацыянальнай бясьпекі. (…)

Выпадак Кара-Мурзы ад гісторыяў Навальнага і Скрыпаля адрозьнівае тое, што яго расьсьледаваньнем займалася ФБР і былі залучаныя яго шматлікія сьледчыя і навуковыя рэсурсы. Рэйдмэйкер шкадуе з прычыны нежаданьня Вашынгтону расказаць больш пра справу Кара-Мурзы, тады як Нямеччына даволі хутка зрабіла заяву ў справе Навальнага. (…)

«Наўмыснае атручваньне»

Новыя зьвесткі, датаваныя сярэдзінай 2018 году, паказваюць, што сьледчыя ФБР выключылі вэрсію, якой, паводле жонкі Кара-Мурзы Яўгеніі, першапачаткова трымаліся расейскія лекары ў 2015 годзе: перадазаваньне цыталапрамам. Кара-Мурза прымаў гэты антыдэпрэсант, а таксама лекі ад пякоткі.

Палітычныя апанэнты Кара-Мурзы, інтэрнэт-тролі і расейскія дзяржаўныя мэдыя прадстаўлялі яго наркаманам, а магчымае атручэньне — няправільным прыёмам прэпаратаў, хоць ён ужо не прымаў цыталапрам, калі ў 2017 годзе зь ім зноў здарыліся сымптомы атручэньня.

«Заключэньні мэдыкаў і вынікі аналізаў лябараторыяў ФБР выключаюць перадазаваньня рэцэптурным прэпаратам і/або алькаголем, — гаворыцца ў справаздачы вашынгтонскага аддзяленьня ФБР ад 13 чэрвеня 2018 году. — ФБР расьсьледуе гэтую справу як наўмыснае атручваньне». (…)

«Нейкі біятаксін»

Кара-Мурза праляжаў у маскоўскай лякарні шэсьць тыдняў. Калі яго стан стабілізаваўся і яго выпісалі, ён з жонкай Яўгеніяй вярнуўся дадому ў ЗША. Крыніца, імя якой у дакумэнтах закрылі, падала ФБР для аналізу футболку Кара-Мурзы са сьлядамі ванітаў, споднюю бялізну, прабірку з абрэзкамі валасоў і пазногцяў, а таксама бутэлечку «з чымсьці падобным да крыві».

Гэтыя ўзоры былі адпраўленыя ў лябараторыю ФБР з Кўантыка, штат Вірджынія, «для таксыкалягічнага аналізу прычыны атручэньня Кара-Мурзы», як гаворыцца ў электронным паведамленьні ФБР ад 25 чэрвеня 2015 году. Там жа пазначана, што «ўзоры маюцца ў мінімальным аб’ёме, што можа ўскладніць і абмежаваць іх дасьледаваньне».

Яшчэ адно паведамленьне таго ж часу паказвае, што інфармацыю аб хадзе расьсьледаваньня атрымліваў дэпартамэнт зброі масавага паражэньня ФБР. Празь некалькі тыдняў Кара-Мурза пачаў курс рэабілітацыі ў шпіталі ў Вірджыніі недалёка ад Вашынгтону. Яму давялося зноўку вучыцца хадзіць, увесь наступны год ён карыстаўся кіем. (…)

Праз тры гады, у запісцы ад 13 чэрвеня 2018 году, паведамлюць, што ў выніку расьсьледаваньня інцыдэнту 2015 году мэдычная каманда ў справе Кара-Мурзы прыйшла да высновы, што ён «зьведаў узьдзеяньне нейкага біятаксіну. Гэта магло адбыцца як наўмысна, так і выпадкова».

Дзіўны суп

1 лютага 2017 году Кара-Мурза паабедаў у маскоўскім рэстаране, а празь некалькі гадзін яму зноў стала дрэнна. Пазьней ён успомніў, што яго заказ гатаваўся даўжэй за звычайны, а «суп быў вельмі нясмачны, практычна неядомы». Апазыцыйны актывіст, разам зь якім ён абедаў, піў толькі гарбату, і праблем са здароўем у яго не было.

Гэтыя зьвесткі з расьсьледаваньня ФБР справы Кара-Мурзы публікуюцца ўпершыню. На гэтым тыдні Навальны расказаў, што ўвечары напярэдадні атручэньня ў жніўні яму таксама давялося пакаштаваць нешта нясмачнае. Ён замовіў кактэйль, але «ён такі нясмачны, што я раблю пару глыткоў і пакідаю яго на стале. Апоўначы я іду спаць».

Вывучыўшы мэтададзеныя тэлефонных званкоў, Bellingcat і іх партнэры вызначылі, што празь некалькі гадзін пасьля таго, як Навальны пайшоў спаць, афіцэры ФСБ, якіх яны лічаць датычнымі да яго атручваньня, пачалі актыўна абменьвацца паведамленьнямі. Праз восем гадзін Навальнаму стала дрэнна ў самалёце, які вылецеў з Томску ў Маскву.

Кара-Мурзу стала дрэнна праз 12 гадзін пасьля таго, як ён зьеў нясмачны суп. Ён палічыў гэты факт досыць важным, каб расказаць пра яго агенту ФБР у ходзе расьсьледаваньня другога эпізоду атручэньня. Ён прызнаваў, што даказаць, што ў супе зьмяшчалася нейкае таксычнае рэчыва, будзе складана.

Стандартныя тэсты

У 2017 годзе, адрозна ад інцыдэнту двухгадовай даўніны, паплечнікі і сваякі Кара-Мурзы змаглі хутка ўзяць і вывезьці ў ЗША ўзоры яго крыві і тканак для аналізу ФБР.

ФБР замовіла аналізы ў лябараторыі ў Кўантыка, аднак паводле прадстаўленых дакумэнтаў адзіным падазроным вынікам быў павышаны ўзровень барыю ў мачы. Узор крыві адправілі ў іншую лябараторыю для пацьверджаньня, аднак аналіз «ня выявіў таксыкалягічна значных вынікаў». (…)

Увосень расейскія дзяржаўныя мэдыя заяўлялі, што прадстаўленыя на той момант зьвесткі амэрыканскага сьледзтва пацьвярджаюць, што Кара-Мурзу не атруцілі. Аднак у дакумэнтах такога сьцьвярджэньня няма. Лябараторныя зьвесткі паказваюць, што ФБР праводзіла тэсты на наркотыкі і іншыя рэчывы, але не на экзатычныя яды, лічыць Брус Голдбэргер, галоўны рэдактар «Часопіса аналітычнай таксыкалёгіі» і прэзыдэнт амэрыканскага Ўпраўленьня крыміналістычнай таксыкалёгіі. (…)

На найвышэйшым узроўні

Кара-Мурза працаваў разам з Барысам Нямцовым, былым губэрнатарам, віцэ-прэмʼерам, які пасьля стаў лідэрам апазыцыі і яркім крытыкам расейскага прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна. Нямцоў быў застрэлены каля Крамля ў лютым 2015 году, гэта значыць прыкладна за тры месяцы да таго, як Кара-Мурза сутыкнуўся зь першым эпізодам раптоўнай хваробы.

Ён лічыць, што абодва інцыдэнты атручваньня былі помстай за яго палітычную дзейнасьць, у прыватнасьці за лабіяваньне «акту Магніцкага» 2012 году, калі Вашынгтон увёў санкцыі супраць расейскіх афіцыйных асобаў, якія маюць дачыненьне да парушэньня правоў чалавека. Гэты закон выклікаў шалёную рэакцыю ў Крамлі. (…)

Паплечнікі Кара-Мурзы у Кангрэсе патрабуюць ад ФБР устанавіць, чым былі выкліканыя яго хваробы. Сам ён лічыць, што афіцыйны дакумэнт мог бы стаць для яго абаронай ад магчымых будучых замахаў і папярэджаньнем тым, хто іх плянуе.

Да сярэдзіны 2018 году ФБР абяцала кангрэсмэнам зрабіць заяву або выдаць афіцыйны дакумэнт з гэтай нагоды, аднак пасьля, да іх незадавальненьня, адмовілася дзяліцца якой-небудзь інфармацыяй. Адзін сэнатар нават выказаў здагадку, што ФБР засакрэціла рэчыва, якое справакавала хваробу Кара-Мурзы.

У размове з Радыё Свабода Кара-Мурза правёў паралель са справай Навальнага, калі канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель публічна асудзіла Расею пасьля таго, як нямецкія ўлады вызначылі, што ён быў атручаны «Новичком». Расьсьледаваньне ФБР было «высокапрафэсійным, складаным і ўсеахопным. Што да палітычных лідэраў, там сытуацыя зусім іншая, — лічыць Кара-Мурза. — Усё, што я магу сказаць: паглядзіце на рэакцыю нямецкіх уладаў на справу Навальнага і амэрыканскіх — на мой выпадак. Цяжка ўявіць больш уражальнае адрозьненьне».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG