Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ціханоўская і Алексіевіч абмеркавалі варыянты дапамогі беларускаму народу


Сьвятлана Ціханоўская і Сьвятлана Алексіевіч, Бэрлін, 13 сьнежня 2020
Сьвятлана Ціханоўская і Сьвятлана Алексіевіч, Бэрлін, 13 сьнежня 2020

Святлана Ціханоўская 13 сьнежня пачала двухдзённы рабочы візыт у Бэрлін.

Як паведаміла прэс-службы экс-кандыдаткі ў прэзыдэнты, у сталіцы Нямеччыны яна сустрэлася зь ляўрэаткай Нобэлеўскай прэміі ў галіне літаратуры Сьвятланай Алексіевіч.

«Яны абмеркавалі, як можна дапамагчы людзям у Беларусі. Алексіевіч паведаміла, што зьбірае матэрыялы для магчымай кнігі — гісторыі герояў гэтай рэвалюцыі», — адзначаецца ў прэс-рэлізе.

Ціханоўская падкрэсьліла, што на кожнай сустрэчы з замежнымі палітыкамі расказвае гісторыі беларусаў і кожную зь іх перажывае як асабістую. Алексіевіч прызналася, што была пад уражаньнем ад таго, як паслы розных краін праявілі салідарнасьць і падтрымалі яе ў Менску, калі была небясьпека яе затрыманьня. Алексіевіч не змагла заставацца ў краіне і адчувае віну за гэта, сказана ў паведамленьні па выніках сустрэчы.

Увечары Ціханоўская ўзяла ўдзел у мітынгу беларускай дыяспары. Каля 300 чалавек са сьцягамі сабраліся каля Бэрлінскай канцэртнай залі, на якой была мастацкая інсталяцыя.

«Кожны беларус, незалежна ад таго, дома ён або за мяжой, — цяпер герой. Цяпер вельмі важна падтрымліваць адзін аднаго і мець зносіны з эўрапейскімі палітыкамі, каб яны дапамагалі беларусам», — заявіла Ціханоўская прысутным.

Пасьля гэтага яна выступіла ў Бэрлінскім катэдральным саборы ў часе малітвы за мір у Беларусі.

14 сьнежня Ціханоўская сустрэнецца з прэзыдэнтам Нямеччыны Франкам-Вальтэрам Штайнмаерам і іншымі буйнымі нямецкімі палітыкамі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG