Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Хлусьня ў нашай сыстэме існуе гадамі». Звольнілі дырэктара ліцэю, які адмовіўся ўзначаліць выбарчую камісію


Юры Хромін
Юры Хромін

Жыхар Ліды Юры Хромін 24 гады працаваў у школе, апошнія два гады — дырэктарам ліцэю. Ён адмовіўся ўзначаліць выбарчую камісію на сваім участку. 19 лістапада зь ім не працягнулі кантракт.

«Я магу зразумець, чаму людзі маўчаць»

Юрыю Хроміну 49 гадоў, ён гісторык па адукацыі. Працуе ў школе з 1993 году. Два гады таму яму прапанавалі стаць кіраўніком прэстыжнай гарадзкой установы — ліцэю № 1. Зарабляў 1500–1800 рублёў. Яго цанілі на гэтай пасадзе, асаблівых пытаньняў да яго раней не было. Жонка — настаўніца біялёгіі, працуе як рэпэтытар. Двое дзяцей. Разам яны хадзілі на апазыцыйныя мітынгі.

Жонка Юрыя Алена падтрымлівае мужа
Жонка Юрыя Алена падтрымлівае мужа

«Я не скажу, што я ў шоку», — кажа Юры пра сваё звальненьне.

Калі яму не працягнулі кантракт, спаслаліся на спагнаньні, якія сёлета атрымаў дырэктар.

Першае — за тое, што пэдагог-арганізатар ліцэю папярэдзіла вучняў, каб тыя не хадзілі на мітынг Сьвятланы Ціханоўскай. Інфармацыя, што ліцэістаў запужваюць, трапіла ў апазыцыйныя тэлеграм-каналы. Юры Хромін кажа, што тады яго афіцыйна пакаралі нібыта за тое, што дапусьціў такую «недэмакратычную пазыцыю» пэдагога. Другое спагнаньне ён атрымаў ужо пасьля выбараў — за тое, што неналежна правеў пэдагагічную нараду.

Сваю грамадзянскую пазыцыю Хромін агучыў адразу пасьля 9 жніўня, спачатку перад настаўнікамі, потым — перад дырэктарамі іншых школ.

«Я сказаў, што выбары сфальсыфікавалі і што гвалт у дачыненьні да пратэстоўцаў недапушчальны. Нам як кіраўнікам трэба выказаць сваю пазыцыю», — успамінае Юры Хромін.

Запіс у працоўнай кніжцы аб звальненьні
Запіс у працоўнай кніжцы аб звальненьні

Улетку Хроміну «настойліва» прапанавалі ачоліць выбарчую камісію ў ліцэі. Ён адмовіўся і напісаў заяву на звальненьне па ўласным жаданьні. Аднак тады яго ня звольнілі. Выбарчы ўчастак узначаліла чыноўніца, якая выконвала абавязкі загадчыка ўпраўленьня райвыканкаму.

З ініцыятывы Хроміна пасьля выбараў настаўнікі ліцэю напісалі зварот з традыцыйнымі патрабаваньнямі калектыву. Аднак ён кажа, што сярод настаўнікаў не было агульнай пазыцыі, таму гэты зварот ён нікуды далей не перадаў, каб тыя пасьля не пашкадавалі, што на эмоцыях паставілі свой подпіс.

На сустрэчы з дырэктарамі яго падтрымаў адзін калега, іншыя маўчалі. Многія зь іх узначальвалі выбарчыя камісіі.

«Я магу зразумець, чаму людзі маўчаць. Бо яны ў гэтым удзельнічалі. Ім таксама страшна. Гэтая сыстэма пачне руйнавацца, калі рызыка застацца ў ёй будзе большая, чым выйсьці зь яе», — мяркуе суразмоўца.

Дырэктара звольнілі за спагнаньні
Дырэктара звольнілі за спагнаньні

Калі стала вядома пра ягонае звальненьне, за вяртаньне Хроміна ў школу сталі падпісвацца настаўнікі ліцэю і іншых школаў, бацькі вучняў. Сабралі некалькі дзясяткаў подпісаў. Аднак гэта нічога не зьмяніла ў лёсе дырэктара.

Пасьля звальненьня яму ўжо прапанавалі працу, зьвязаную з адукацыяй.

Раней Хромін спрабаваў зьмяніць сыстэму знутры. Ён балятаваўся на пасаду мясцовага дэпутата на пачатку 2000-х.

«Людзі, якія трапляюць у гэтую сыстэму, — становяцца нямымі. Толькі чалавек, які не зьяўляецца часткай сыстэмы, можа нешта гаварыць», — мяркуе мужчына.

На тых выбарах Хромін прайшоў у другі тур, у якім перамог першы сакратар БРСМ.

Раней Хромін балятаваўся ў дэпутаты
Раней Хромін балятаваўся ў дэпутаты

«Кажуць: „Трэба напісаць“. І ты пішаш гэтую лічбу».

— Як вы думаеце, чаму менавіта настаўнікаў выбіраюць на ролю сяброў выбарчай камісіі?

— Яны самыя безадмоўныя, запалоханыя, маўклівыя. Яны не выходзяць з сыстэмы. У іх абсалютная няўпэўненасьць у сваіх сілах, што яны будуць здольныя сябе забясьпечыць. Большасьці ўжо за 40. Пайсьці гандлёвым прадстаўніком?

На думку Юрыя Хроміна, перадусім дачыненьне да фальсыфікацыі выбараў маюць старшыня і сакратар камісіі.

— Хлусьня ў нашай сыстэме існуе гадамі. Гэта як калі чалавеку прапануюць парушыць першы раз... Зразумела, што падтасоўкі былі ў большасьці дырэктараў школ. Але гэта здарылася ня сёньня і ня ўчора.

Гісторык мяркуе, што людзі масава выйдуць на вуліцы, калі пачнецца эканамічны крызіс
Гісторык мяркуе, што людзі масава выйдуць на вуліцы, калі пачнецца эканамічны крызіс

— Людзей ставяць ва ўмовы, што яны вымушаныя хлусіць. Вось ідзе кампанія — забясьпечыць спартовым інвэнтаром. Няма ў мяне грошай набыць 60 пар лыж. Кажуць: «Трэба напісаць». І ты пішаш гэтую лічбу. Бо інакш на цябе будуць сварыцца, на іх будуць сварыцца, і гэтак далей.

Мне кажуць: «Мы не адкрыем школу на пачатку году, калі ня будзе 100% забясьпечанасьці спартовым інвэнтаром». У мяне няма гэтых 100%, і я пішу. Усе разумеюць, што гэта фармальнасьць і што, хутчэй за ўсё, ніхто ня пойдзе лічыць лыжы, бо яны гэтаксама ведаюць, што іх там ня будзе.

У выбарчую камісію ўваходзяць людзі, якія моцна не задумваюцца. Нехта — дзеля 100 рублёў. Я казаў: давайце праводзіць выбары ў банку. Школа павінна быць не заплямленая. Гэта стэрэатып, што настаўнікі падрабляюць выбары. Іх там каля 20%. Лягчэй за ўсё перакінуць віну на настаўнікаў. Адказнасьць нясе ўсё грамадзтва.

Падзеі ў Беларусі гісторык параўноўвае з буржуазнымі рэвалюцыямі
Падзеі ў Беларусі гісторык параўноўвае з буржуазнымі рэвалюцыямі

— Вы крыўдуеце на людзей, што тыя раней закрывалі вочы на фальсыфікацыі. А настаўнік не адчувае на сабе адказнасьці за тое, што ён робіць?

— Ёсьць катэгорыя людзей — безадмоўныя. Ён, можа, будзе супраць, але ён пабаіцца сказаць. Чаму сёньня ўсё грамадзтва маўчыць? Чаму сёньня ўсе ня кінулі працу і ня ўдзельнічаюць у забастоўках? Баяцца. У Лідзе больш за 70% галасавалі за перамены. Дзе гэтыя людзі?

Юры Хромін як гісторык сьцьвярджае, што ў Беларусі адбываецца нацыянальная буржуазная рэвалюцыя. На думку гісторыка, гэтая рэвалюцыя пачалася заўчасна. Бо яе прычынай стаў толькі палітычны, а не эканамічны крызіс. Масава людзі выйдуць на вуліцы, калі ім ня будзе чаго губляць, думае суразмоўца.

Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG