Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэпрэсаваныя атлеты змогуць выступіць на Алімпіядзе, — Беларускі фонд спартыўнай салідарнасьці


Калёна спартоўцаў на пратэставым маршы 20 верасьня
Калёна спартоўцаў на пратэставым маршы 20 верасьня

Прадстаўнікі Беларускага фонду спартыўнай салідарнасьці (Belarusian Sport Solidarity Foundation) расказалі, як адбываецца інфармаваньне міжнародных структураў пра перасьлед атлетаў за грамадзянскую пазыцыю.

У відэаканфэрэнцыі 3 сьнежня бралі ўдзел старшыня фонду — трохразовая алімпійская прызэрка Аляксандра Герасіменя, выканаўчы дырэктар Аляксандар Апейкін і кіраўнік міжнароднага дэпартамэнту Анатоль Котаў.

Вядомая плыўчыха Аляксандра Герасіменя нагадала, што спартоўцы адны зь першых выказалі нязгоду з фальсыфікацыямі вынікаў прэыдэнцкіх выбараў і абурыліся гвалтам з боку сілавікоў.

«У адносінах да падпісантаў ліста спартовай грамадзкасьці неадкладна пачаліся рэпрэсіі: звальненьні, запалохваньні, пазбаўленьне стыпэндый, вывад за склад нацыянальных камандаў. Каб дапамагчы пацярпелым, быў створаны фонд. Дзеля захаваньня і падтрыманьня формы арганізуюцца зборы, выезды, увесь падрыхтоўчы працэс. Наладжаная камунікацыя з МАК і міжнароднымі фэдэрацыямі», — расказала яна.

На гэты момант вядома больш як пра 70 выпадкаў перасьледу за грамадзянскую пазыцыю. Фонд атрымаў блізу паўсотні заяваў на фінансавую дапамогу, 30 зь іх ужо ўхваленыя. Агульная сума кампэнсацыі перавысіла 100 тысяч эўра.

Адхіленыя і рэпрэсаваныя спартоўцы, якія пройдуць сіта кваліфікацыі і атрымаюць алімпійскія ліцэнзіі, змогуць удзельнічаць у Алімпіядзе — як мінімум пад нэўтральным сьцягам. Нават у тым выпадку, калі НАК Беларусі будзе гэтаму супрацьстаяць. Ужо ёсьць карт-блянш ад Міжнароднага алімпійскага камітэту і міжнародных фэдэрацый.

Дырэктар гандбольнага клюбу «Віцязь» Аляксандар Апейкін дадаў, што пры канцы лістапада МАК пачаў расьсьледаваньне фактаў перасьледу шэрагу беларускіх спартоўцаў. Ад імя фонду была накіраваная заява з апісаньнем прыкладаў парушэньняў і бязьдзейнасьці НАК Беларусі. Яна складаецца з прававой часткі, канкрэтных эпізодаў перасьледу і адсылкі да беспрэцэдэнтнага парушэньня правоў чалавека ў Беларусі.

Зварот падрыхтаваны пры кансультацыйнай падтрымцы нямецкай асацыяцыі Athleten Deutschland e.V. Прыкладзенае экспэртнае заключэньне юрыдычнай кампаніі Klinkert Rechtsanwälte PartGmB.

«26 лістапада атрымалі заяву з МАК, што арганізацыя пачынае разбор па фактах прэсінгу супраць падпісантаў ліста спартоўцаў. Гэта лёгкаатлеты Андрэй Краўчанка, Вольга Мазуронак, Дар’я Барысевіч, Сьвятлана Кудзеліч, дзюдаісты Аляксандар Вахавяк і Дзьмітры Шэршань. Яшчэ некалькі кейсаў на канчатковай стадыі, уключна з фрыстайлісткай Аляксандрай Раманоўскай і яе галоўным трэнэрам Мікалаем Казекам. Шэраг спартоўцаў прайшлі праз ізалятары — баскетбалістка Алена Леўчанка, дзесяціборац Андрэй Краўчанка, кікбаксэр Іван Ганін ды іншыя. Усё гэта таксама знойдзе сваё адлюстраваньне».

Беларускі фонд спартыўнай салідарнасьці просіць расьсьледаваць усе факты парушэньня Алімпійскай хартыі і прыняць меры ў адносінах да НАК Беларусі.

Акрамя таго, 1 сьнежня Фонд накіраваў заяву ў Міжнародную фэдэрацыю хакею, удакладніў колішні супрацоўнік прэзыдэнцкай адміністрацыі Анатоль Котаў.

Адно з патрабаваньняў — прыцягнуць да дысцыплінарнай адказнасьці старшыню Фэдэрацыі хакею Беларусі Дзьмітрыя Баскава ў сувязі зь дзеяньнямі, якія груба ганьбяць рэпутацыю гэтага віду спорту. Называецца датычнасьць функцыянэра да забойства мастака Рамана Бандарэнкі, удзел у агітацыйных акцыях у падтрымку рэжыму Лукашэнкі, дэманстратыўнае расьпіцьцё алькаголю на фоне алімпійскай сымболікі і ціск на спартоўцаў, якія выказваюць сваю грамадзянскую пазыцыю.

«Напярэдадні меркаванага чэмпіянату сьвету-2021 у Менску і Рызе накіраваны ліст у МФХ. Мы перакананыя: немагчыма праводзіць форум у краіне, дзе спартовыя функцыянэры стаяць за забойствам людзей. Старшыня Беларускай фэдэрацыі хакею, чалец выканкаму НАК, адзін з кіраўнікоў менскага „Дынама“ як апошні бандыт хавае твар пад маскай, але, на шчасьце, ёсьць маса сьведак ягонага саўдзелу. На фоне дэклярацый, што спорт па-за палітыкай, праўладныя функцыянэры дэманструюць цалкам адваротнае — самасуд за пазыцыю».

Паводле Анатоля Котава, 7 сьнежня адбудзецца паседжаньне выканкаму Міжнароднага алімпійскага камітэту, дзе беларускае пытаньне будзе разглядацца сярод першых. На яго перакананьне, за свае дзеяньні чыноўнікі НАК і Мінспорту Беларусі мусяць трапіць у санкцыйныя сьпісы. Той жа Баскаў ужо ў сьпісах неўязных — Латвія ўнесла яго і байца Дзьмітрыя Шакуту, яшчэ аднаго датычнага да забойства Бандарэнкі, у свой сьпіс, аўтаматычна санкцыі распаўсюджваюцца на ўвесь Эўразьвяз.

Таксама фонд выказаў занепакоенасьць абставінамі зьяўленьня праўладнага ліста спартовай супольнасьці. Ліст, ініцыяваны НАК і спартовым ведамствам, рассылаецца праз выканаўчыя органы ўлады і з выкарыстаньнем адміністрацыйнага ціску на супрацоўнікаў галіны ў парушэньне Алімпійскай хартыі. Нязгодным пагражаюць захадамі рэпрэсіўнага характару.

«Збор подпісаў адбываецца праз адміністрацыйны ціск, — камэнтуе Аляксандар Апейкін. — Людзей прымушаюць падпісваць пад пагрозай звальненьня ці спыненьня кантрактаў. Многія ня ведаюць, што апынуліся сярод падпісантаў, а некаторыя да спорту ня маюць наогул ніякага дачыненьня. Таму гэта плявок у твар пацярпелым спартоўцам і ўсяму беларускаму грамадзтву».

У сваю чаргу, Аляксандра Герасіменя заклікала адкрыта называць тых, хто прымушае падпісваць ліст у абарону рэжыму, каб уся краіна ведала сваіх антыгерояў-чыноўнікаў.

Беларускі фонд спартыўнай салідарнасьці ініцыяваў «рэвізію» шэнгенскіх візаў, выдадзеных функцыянэрам, якія маюць дачыненьне да ціску, а таксама пашырэньне сьпісу спартыўных чыноўнікаў, неўязных у краіны Эўразьвязу.

Дзеля падтрымкі атлетаў, звольненых з нацыянальных камандаў, сумесна са Свабодным аб’яднаньнем спартоўцаў SOS_BY распачаты дабрачынны праект «Спартоўцы свабоды». Дабрачынныя акцыі пройдуць у краінах Эўропы, у Расеі, ЗША, Канадзе, Японіі.

Беларускі фонд спартыўнай салідарнасьці, заснаваны сёлета ў жніўні, аказвае фінансавую, псыхалягічную, арганізацыйную ды іншую дапамогу тым, хто пацярпеў ад рэжыму, узаемадзейнічае зь міжнароднымі арганізацыямі ў розных відах спорту.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG