Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нацыянальныя сьцягі на бальконах суды пачалі разглядаць як адзіночныя пікеты


Да 1995 году бела-чырвона-белы сьцяг быў дзяржаўным.
Да 1995 году бела-чырвона-белы сьцяг быў дзяржаўным.

Жыхара Новай Баравой, што пад Менскам, асудзілі за сьцяг на лоджыі.

Бел-чырвона-белае палатно, паводле яго, вісіць ня звонку, а за шклом, з боку кватэры. У судзе ж палічылі гэта адзіночным пікетам. І такі выпадак не адзіны, перадае Tut.by.

На жыхара Новай Баравой Арцёма склалі пратакол, у якім сказана, што ён 21 лістапада ў 15:20 вывесіў «для публічнай дэманстрацыі на ўсеагульны агляд не зарэгістраваны ў адпаведнасьцi з палажэньнямi Закону Рэспублікі Беларусь ад 26.05.2012 «Аб афіцыйных геральдычных сымбалях» бела-чырвона-белы сьцяг, у цэнтры якога разьмешчаны герб Пагоня».

У міліцыі палічылі гэта «наўмысным правядзеньнем адзіночнага пікету без дазволу Менскага райвыканкаму», а таксама «публічным выказваньнем сваіх грамадзка-палітычных настрояў».

На думку інспэктара, Арцём парушыў артыкул 10 Закону Рэспублікі Беларусь «Аб масавых мерапрыемствах».

«Суд быў 26 лістапада, – расказаў Арцём.– Я быў з адвакатам, яна адзначала, што лоджыя не публічнае месца, што пікет прадугледжвае прысутнасьць хаця б аднаго чалавека. На бальконе вісеў толькі сьцяг – гэта відаць і на фота міліцыі, – падзяліўся Арцём. – А ў той час, які пазначаны ў пратаколе, я наогул ляжаў на канапе і глядзеў тэлевізар. Я не стаяў на лоджыі і не крычаў адтуль лёзунгаў. У мяне дома ёсьць відэакамэра, файлы зь яе мы спрабавалі паказаць суду – там дакладна відаць, дзе я знаходжуся. Але судзьдзя ня стала нават глядзець гэтае відэа».

Арцёму прысудзілі штраф у 20 базавых велічыняў (540 рублёў) паводле артыкулу 23.34 КаАП (Парушэньне парадку арганізацыі або правядзеньня масавых мерапрыемстваў). Арцём кажа, што ня згодны з такім рашэньнем суду:

«Вядома, мы будзем абскарджваць. Я ня згодны з такім рашэньнем, лічу, што ў сябе дома магу выказваць свае палітычныя погляды, як хачу. Лоджыя – гэта мая тэрыторыя».

Вядома, што гэта не адзінкавы такі выпадак пасьля загаду Лукашэнкі прыбраць з вуліц і дамоў гарадоў бела-чырвона-белую сымболіку.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG