Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ня толькі сёстры Грузьдзевы. Хто зь вядомых беларусаў «падпісаўся» за Лукашэнку?


Прыхільніца Лукашэнкі на шэсьці ў Менску, 14 кастрычніка
Прыхільніца Лукашэнкі на шэсьці ў Менску, 14 кастрычніка

За перамены падпісваюцца сотні спартоўцаў, мэдыкаў і дзеячоў культуры. Свабода пацікавілася, хто ў «сьпісах» з другога боку.

24 лістапада выданьне Міністэрства спорту і турызму «Спартыўная панарама» надрукавала тэкст звароту ў падтрымку дзейнай улады.

«Наш голас — гэта голас сапраўднай спартовай супольнасьці Рэспублікі Беларусь. Мы заклікаем беларускую і міжнародную грамадзкасьць пачуць нас і ўспомніць, што спорт заўсёды быў па-за палітыкай», — гаворыцца там.

Напачатку заставалася невядомым, хто са спартоўцаў далучыўся да гэтай праўладнай ініцыятывы і паставіў свой подпіс пад зваротам. Аднак пазьней спартовыя СМІ здабылі некалькі прозьвішчаў, сярод якіх ёсьць сапраўды вядомыя імёны.

У канцы верасьня з падобнай ініцыятывай ужо выступіў шэраг беларускіх сьпевакоў. Замест публічнага звароту яны запісалі ў падтрымку Аляксандра Лукашэнкі кліп.

Свабода сабрала кароткую інфармацыю пра тых, хто вырашыў заступіцца за дзейную ўладу.

Кацярына Карстэн — вясьлярка, адна з самых вядомых у сьвеце і тытулаваных беларускіх спартовак.

Удзельніца шасьці Алімпіяд, на чатырох зь якіх стала мэдалісткай, а на дзьвюх заняла першае месца. Да таго ж Карстэн шэсьць разоў перамагала на чэмпіянатах сьвету. 29 жніўня 2019 году завяршыла прафэсійную кар’еру, жыве ў Кёльне.

Кацярына Карстэн, архіўнае фота
Кацярына Карстэн, архіўнае фота

Яніна Правалінская-Карольчык — лёгкаатлетка, штурхальніца ядра.

Выйграла Алімпіяду-2000 у Сыднэі, чэмпіёнка сьвету 2001 году. Пасьля завяршэньня спартовай кар’еры працягвае грамадзкую дзейнасьць. У 2019 годзе, напрыклад, удзельнічала ў арганізаванай Менгарвыканкамам «Школе актыўнага грамадзяніна», сустракалася з вучнямі сярэдніх школ і «выхоўвала ў дзецях актыўную грамадзянскую пазыцыю і пачуцьцё адказнасьці за сваю краіну».

Аляксандар Масяйкоў — вясьляр, удзельнік аб’яднанай алімпійскай каманды краін СНД на Алімпіядзе 1992 году ў Барсэлёне.

Масяйкоў быў выбраны дэпутатам Палаты прадстаўнікоў 7-га скліканьня ад Магілёўскай прамысловай акругі. Там ён намесьнік старшыні пастаяннай камісіі аховы здароўя, фізкультуры, сямейнай і моладзевай палітыкі.

Аляксей Абалмасаў — вясьляр, чэмпіён Алімпіяды ў Пэкіне 2008 году. Акрамя гэтага, Абалмасаў двойчы выйграваў чэмпіянаты сьвету і тры разы — чэмпіянаты Эўропы. Пасьля завяршэньня спартовай кар’еры служыў ва ўнутраных войсках, мае званьне старшага лейтэнанта. Цяпер працуе трэнэрам у веславаньні.

Сяргей Булыгін — савецкі біятляніст. Выйграў Алімпіяду 1984 году ў Сараеве. Нарадзіўся ў Новасібірскай вобласьці. У Беларусі Булыгін пастаянна жыве з 1996 году, на пачатку 90-х гадоў пераганяў ужываныя аўтамабілі з Эўропы ў краіны былога СССР. У 1998 годзе Булыгіна выбралі намесьнікам кіраўніка беларускай фэдэрацыі біятлёну. Цяпер на сайце фэдэрацыі інфармацыі пра яго няма.

Руслан Аляхно — сьпявак, былы ўдзельнік Акадэмічнага ансамблю песьні і танца Ўзброеных сіл Беларусі. У 2008 годзе прадстаўляў Беларусь на конкурсе «Эўравізія» ў Бялградзе, але ня трапіў у лік 10 наймацнейшых у сваім паўфінале і да фіналу не дабраўся. Узнагароджаны мэдалём Францішка Скарыны.

Ірына Дарафеева — сьпявачка, заслужаная артыстка Беларусі. Працуе загадчыцай катэдры мастацтва эстрады Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту культуры. Таксама была дэпутаткай Палаты прадстаўнікоў 6-га скліканьня.

Ірына Дарафеева, архіўнае фота
Ірына Дарафеева, архіўнае фота

Алёна Ланская — сьпявачка, заслужаная артыстка Беларусі.

Сапраўднае прозьвішча — Ляпохіна. Удзельнічала ў «Эўравізіі» ў 2013 годзе, дзе заняла 16-е месца. Актыўна падтрымала Аляксандра Лукашэнку яшчэ да выхаду сумеснага кліпа. Ланская абвінаваціла Сьвятлану Ціханоўскую ў арганізацыі Майдану. Пра мірныя акцыі пратэсту выказалася наступным чынам: «Проста беларусам надакучыла быць беднымі, і яны захацелі стаць жабракамі».

Алёна Ланская
Алёна Ланская

Анатоль Ярмоленка — сьпявак, народны артыст, аўтар гіту «Слухай бацьку».

У 2015 годзе атрымаў прэмію ФСБ Расеі «за шматгадовую творчую дзейнасьць у духоўна-маральным і патрыятычным выхаваньні грамадзян», а ў 2016-м — прэмію Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі ў галіне літаратуры і мастацтва.

Уладзімер Громаў — саліст Вялікага тэатру, народны артыст Беларусі.

Аляксандар Саладуха — сьпявак, заслужаны артыст Беларусі.

Выдаў 12 музычных альбомаў, працуе ў жанры поп-песьні і шансону. У 2014 годзе першым зь беларускіх поп-выканаўцаў выступіў у «Менск-Арэне». У кастрычніку 2020 году зьявілася інфармацыя пра ягоны магчымы выступ на дваровым канцэрце на «плошчы Пераменаў», аднак пазьней яна не пацьвердзілася. Разам зь сёстрамі Грузьдзевымі быў запрошаны на закрытую цырымонію інаўгурацыі Аляксандра Лукашэнкі ў канцы верасьня.

Аляксандар Саладуха
Аляксандар Саладуха

Жанэт — сьпявачка і тэлевядоўца.

Вакалістка Моладзевага тэатру эстрады. З 2014 году рэгулярна вядзе мерапрыемствы прэзыдэнцкага спартовага клюбу, выступае на Калядных хакейных турнірах, а таксама на мерапрыемствах з удзелам Аляксандра Лукашэнкі.

Сёстры Грузьдзевы — сьпявачкі, атрымалі шырокую вядомасьць летам 2020 году дзякуючы сваім публічным выступам у падтрымку дзейнай улады, пасьля падзей жніўня сваёй пазыцыі не зьмянілі. Паходзяць з Горадні, але сям’я часта пераяжджала праз працу бацькі, які быў галоўным энэргетыкам «Гроднапрамбуду». У інтэрвію журналісту «Онлайнэра» Аляксандру Чарнуху прызналіся, што за дзясяткі гадоў творчай дзейнасьці запісалі каля 10 песень. Разам з Аляксандрам Саладухам удзельнічалі ў інаўгурацыі Лукашэнкі ў Палацы Незалежнасьці.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG