Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адвакатка Міколы Дзядка параўнала яго затрыманьне з катаваньнямі ў Чачэніі


Мікалай Дзядок, архіўнае фота
Мікалай Дзядок, архіўнае фота

Блогера і анархіста Мікалая Дзядка брутальна затрымалі супрацоўнікі ГУБАЗіК 12 лістапада, апублікаваўшы відэа зь яго «прызнаньнямі». Адвакатка затрыманага Натальля Мацкевіч расказала «Новаму часу», як гэта адбывалася.

Паводле адвакаткі, 11 лістапада каля 23 гадзін у кватэру Дзядка на другім паверсе ў пасёлку Сасновы Асіповіцкага раёну, разьбіўшы акно, уварваліся сем супрацоўнікаў сілавых структур у масках. Яны захапілі блогера, прымянялі фізычны гвалт і спэцсродкі, пакуль не дамагліся «прызнаньняў» на камэру.

Затым яго адвезьлі ў Менск, дзе зь ім «працавалі» некалькі гадзін, патрабуючы доступу да дыска кампутара і тэлеграм-каналаў, і толькі пасьля 5 гадзін раніцы яго адвезьлі ў ІЧУ.

«Магу сказаць, што ў мяне было некалькі кліентаў, якія ўцяклі з Чачэніі пасьля прымяненьня да іх катаваньняў, і былі затрыманыя ў Беларусі для высылкі. Але я ніколі ня думала, што пачую, як падобныя гісторыі будуць адбывацца ў нашай краіне», — расказала Натальля Мацкевіч.

Яна спасылаецца на словы Мікалая Дзядка, што празь некалькі гадзін пасьля затрыманьня, калі ён ляжаў на падлозе ў памяшканьні аднаго зь ведамстваў, зь яго «ўзялі слова гонару», што ён больш нічога ня будзе гаварыць пра ГУБАЗіК.

Паводле адвакаткі, сапраўдны стан яе падабароннага пасьля затрыманьня бачны на відэа ГУБАЗіК, якія распаўсюдзілі ў афіцыйных акаўнтах.

«Нават крыху дасьведчаны чалавек адразу заўважыць на першым відэа сьляды прымяненьня газу з блізкай адлегласьці, а на другім відэа выразна відаць гематома на левым воку. Што яшчэ я ўбачыла ўжо ў ІЧУ: траўмы ад кайданкоў на руках, велізарныя сінякі на сьцёгнах і на сьпіне», — кажа Натальля Мацкевіч, якая заявіла хадайніцтва аб прызначэньні судова-мэдыцынскай экспэртызы.

Што можна сказаць наконт «кактэйляў Молатава» і «халоднай зброі», якія, па паведамленьні ГУБАЗіК нібыта былі выяўлены ў кватэры Мікалая?

Паводле адвакаткі, Мікалай Дзядок заявіў, што ў яго гэтых бутэлек не было. Ні ў адным маршы, мітынгу ці сходзе Дзядок апошнім часам ня ўдзельнічаў і да гвалтоўных дзеяньняў не заклікаў, сьцьвярджае ягоная абаронца.

Натальля Мацкевіч кажа, што пакуль няма канкрэтнага апісаньня інкрымінаванай Дзядку дзеі.

  • Тэлеграм-канал Міністэрства ўнутраных спраў 12 лістапада паведаміў, што супрацоўнікі Галоўнага ўпраўленьня барацьбы з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй затрымалі 32-гадовага Міколу Дзядка.
  • У паведамленьні гаворыцца, што ў сваім тэлеграм-канале ён «публічна заклікаў да ўдзелу ў масавых беспарадках і сілавых акцый „прамога дзеяньня“». Дзядок падазраецца ў справе аб арганізацыі масавых беспарадкаў.
  • На відэа, якое распаўсюдзіла МУС, Мікола Дзядок выглядае моцна пабітым, на твары ў яго пашкоджаньні.
  • У 2010 годзе Міколу Дзядка затрымалі ў справе аб нападзе на амбасаду Расейскай Фэдэрацыі. У зьняволеньні ён быў амаль пяць гадоў — ад верасьня 2010 да жніўня 2015-га. Пасьля вызваленьня жыў у Менску, Вільні, Коўне. Аднавіўся ў Эўрапейскім гуманітарным унівэрсытэце і скончыў навучаньне па праграме «Міжнародная палітыка і эканоміка».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG