Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Удава Тарайкоўскага: «У сілавікоў разьвязаныя рукі»


Народны мэмарыял на месцы забойства Аляксандра Тарайкоўскага
Народны мэмарыял на месцы забойства Аляксандра Тарайкоўскага

Удава першага загінулага на пратэстах у БеларусіАляксандра Тарайкоўскага — аб праверцы Сьледчага камітэту.

У Беларусі першым загінулым ад рук сілавікоў падчас пратэстаў стаў 34-гадовы жыхар Менску Аляксандар Тарайкоўскі. На мінулым тыдні Сьледчы камітэт прыпыніў праверку па факце яго сьмерці. Пра гэта журналіст тэлеканалу «Настоящее время» Цімур Алеўскі пагутарыў з удавой Аляксандра Аленай Герман.

— Сто дзён для вас — якімі яны былі?

— Цяжкімі. Разумееце, да гэтага ў мяне была звычайнае разьмеранае жыцьцё: дом, праца, дзеці. І раптам у адзін момант яно разарвалася на «да» і «пасьля». І так, як было да, ужо ня будзе. Я засталася адна, без мужчынскай падтрымкі, з дваімі дзецьмі. Вельмі страшна. Мы ўсе чакалі, чым скончыцца праверка. Нас адразу папярэдзілі, што максымальны тэрмін праверкі будзе тры месяцы, і 10 лістапада, калі скончыўся гэты тэрмін, мы зь нецярплівасьцю чакалі, што ж адкажуць. У прынцыпе, адказ быў прадказальны.

— Як яны растлумачылі тое, што праверка скончылася нічым?

— Яны не тлумачылі, проста даслалі пісьмовы адказ, вось і ўсё. Але гэта было прадказальна, таму што зь дзеяньняў сілавікоў зразумела, што ў іх разьвязаныя рукі, што ім за гэта нічога ня будзе. І калі распачаць крымінальную справу, то гэта будзе як здрада. Таму яны цягнуць час.

— Як вы думаеце, ці ўдасца знайсьці людзей, якія стралялі ў вашага мужа?

— Вельмі хочацца ў гэта верыць. Але надзея растае проста з кожным днём.

— Я хацеў спытаць, вам патрэбна нейкая дапамога? Ці ёсьць яна і ад каго?

— Дапамога грандыёзная. Дапамагаюць людзі, пішуць. Я цяпер, можна сказаць, пайшла ў працу, каб неяк адцягнуцца, таму што проста невыносна заставацца дома адной, сам-насам са сваімі думкамі. Цяпер працую. Так, людзі дапамагаюць, пішуць, тэлефануюць, прапаноўваюць дапамогу.

— Вам цяжка, калі вам тэлефануюць, нагадваюць пра тое, што здарылася, ці ад гэтага лягчэй? Прабачце за такія пытаньні.

— Той боль заўсёды са мной, таму я пра яго не забываю. У мяне пастаянна ў вачах гэтыя кадры, дзе ўся майка ў крыві, ён падае. Таму мне яны не нагадваюць.

— Вы на іх увесь час натыкаецца?

— Так. Таму што, калі дома, то пастаянна гляджу навіны, і нейкія старыя кадры праскокваюць.

— Што вы думаеце пра сілавікоў, якія не даюць захаваць мэмарыял Аляксандра Тарайкоўскага каля станцыі мэтро «Пушкінская»? Што вы наогул думаеце пра гэты мэмарыял?

— Гэта народны мэмарыял. Людзі прыходзяць туды выказаць сваю салідарнасьць, пакласьці кветкі, пастаяць. Для чаго мэмарыял? Каб памяталі пра загінулых, якія пратэставалі, каб гэта ніколі больш не паўтарылася. Быў час, што сілавікі стаялі ахоўвалі, не дапускалі людзей да мэмарыялу. Увесь час там дзяжурылі сілавікі. Нават калі мы прыяжджалі пасьля могілак на 9 дзён, да нас, да родных, таксама падышлі, папрасілі адысьці. Хіба гэта па-чалавечы?

— Яны ведалі, што вы ўдава?

— Мы былі вялікай групай родных, ня ведаю. Мы потым сказалі, што мы родныя, яны сказалі: можаце пастаяць нядоўга. Дазвол нам далі.

— Людзі, якія тады стаялі ў гэтым ланцужку, зь якога пачуўся стрэл, як вам здаецца, ці здарыцца дзень, калі яны будуць шкадаваць, што Аляксандар Тарайкоўскі загінуў? Я маю на ўвазе ня ў сэнсе, што помста іх дагоніць, а я маю на ўвазе чалавечае шкадаваньне пра гэта.

— Ведаеце, я думала пра гэта. Што адчуваў чалавек, які зрабіў гэта? Ён павінен ведаць, што гэта ён. Хутчэй за ўсё, іх там апрацоўваюць, прапаганда працуе. Іх пераконваюць, што на вуліцы выходзяць бандыты, ворагі. Напэўна, гэты чалавек сябе так суцяшае, што ён зрабіў добры ўчынак — выратаваў людзей ад тэрарыста, у якога было ў руках выбуховае прыстасаваньне. Я ня ведаю.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG