Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Даверчыя граматы былі падпісаныя Лукашэнкам. Я ня мог іх уручаць». Экс-амбасадар Беларусі ў Аргентыне — пра прычыны адстаўкі


Уладзімер Астапенка
Уладзімер Астапенка

«Амбасадар заўсёды прадстаўляе кіраўніка дзяржавы. І я, знаходзячыся ў гэтай якасьці, ня мог сябе больш уявіць на гэтай працы. Я вельмі хваравіта ўспрымаў усе рэальныя навіны зь Беларусі, якія мы пачалі атрымліваць бесьперапынна праз інтэрнэт у далёкай Аргентыне. І гэтая думка для нас стала навязьлівай на нейкім этапе».

Уладзімер Астапенка, ужо былы пасол Беларусі ў Аргентыне і па сумяшчальніцтве ў Чылі, Парагваі, Пэру і Ўругваі, а да гэтага — намесьнік міністра замежных спраў Беларусі, 23 верасьня, у дзень інаўгурацыі Аляксандра Лукашэнкі, падаў у адстаўку. Аднак у канцы кастрычніка ён адклікаў заяву і падаў новую, дзе спаслаўся на парушэньне законаў уладамі краіны. Трэцяга лістапада Лукашэнка сваім указам вызваліў Астапенку ад пасады Надзвычайнага і Паўнамоцнага амбасадара «ў сувязі з учыненьнем правіны, несумяшчальнай са знаходжаньнем на дыпляматычнай службе», а таксама пазбавіў дыпляматычнага рангу.

Пасьля звальненьня Ўладзімер Астапенка паляцеў у Польшчу, там увайшоў у склад Народнага антыкрызіснага кіраўніцтва — гэтая структура існуе паралельна з Каардынацыйнай радай. Пятага лістапада ён зьвярнуўся да беларускіх чыноўнікаў — папрасіў іх не зьдзяйсьняць подлых учынкаў.

У інтэрвію вядучай «Настоящего Времени» Ірыне Рамалійскай былы дыплямат расказаў, як стаў «былым» і што плянуе рабіць далей.

— Першая мая спроба — заява з просьбай звольніць [мяне] па згодзе бакоў. На працягу месяца я на гэтую заяву не атрымаў ніякай рэакцыі. А затым была такая цікавая вонкавая акалічнасьць. Да мяне прыйшоў ліст ад прэзыдэнта Пэру, у якім мяне запрашалі ўручаць даверчыя граматы ў якасьці пасла Рэспублікі Беларусь у Пэру. Гэтыя граматы ўтрымліваюць тэкст, які абвяшчае: «Прашу верыць усяму таму, што [пасол] кажа ад майго імя», — гэтыя граматы былі падпісаныя прэзыдэнтам Лукашэнкам. У новых абставінах я ня мог уручаць такія граматы, і пра гэта я заявіў Міністэрству замежных спраў.

Затым я падаў новую заяву з патрабаваньнем скасаваць са мной працоўны кантракт у сувязі з парушэньнем наймальнікамі заканадаўства. І ўрэшце атрымаў выніковы ўказ, у адпаведнасьці зь якім я быў звольнены з займанай пасады ў сувязі з учыненьнем правіны, несумяшчальнай са знаходжаньнем на дыпляматычнай службе. Што гэта за правіна — я ня ведаю. Але я ўспрыняў гэты ўказ з маральнай палёгкай.

— Уладзімер, а пасьля гэтага вы не размаўлялі з самім Лукашэнкам або зь міністрам?

— Не. Я так разумею, што не было ўжо ахвоты ні ў таго, ні ў другога боку.

— Якія ўвогуле настроі ў дыпкорпусе? Ці шмат іншых дыпляматаў у Беларусі, якія ня згодныя з Лукашэнкам і з той палітыкай, якую ён праводзіць цяпер?

— Мне цяжка гаварыцьза ўвесь дыпляматычны корпус, тым больш што я досыць доўгі час правёў на вельмі вялікай адлегласьці ад радзімы. Ведаю адно, што ў МЗС у большасьці сваёй працавалі нармальныя, разумныя людзі. Ведаю па водгуку ад маіх калегаў, што мае дзеяньні ў цэлым падтрымліваюцца, і многія выказвалі словы салідарнасьці з маёй пазыцыяй. Мяне зьдзівіла толькі тое, што сярод амбасадараў не знайшлося больш ахвотных рушыць усьлед майму прыкладу, хоць я заклікаў іх да гэтага па ўнутраных каналах сувязі.

Сваю другую заяву аб звальненьні ў сувязі з парушэньнем наймальнікам заканадаўства я разаслаў ва ўсе амбасады і прапанаваў паслам задумацца над пытаньнем, каго яны прадстаўляюць пасьля 23 верасьня і як яны будуць глядзець заўтра ў вочы сваякам загінулых, сваякам зьбітых, як яны будуць прэтэндаваць на тое, каб прадстаўляць інтарэсы беларускага народу.

— Адказ ад каго-небудзь атрымалі?

— Па вялікім рахунку, не.

— Чаму? Баяцца, ці зручна, ці ня хочацца ўвязвацца?

— Мне цяжка за іх адказаць. Напэўна, кожны зь іх мае адказ на гэтае пытаньне. У прынцыпе, да пасады пасла кожны зь іх ішоў сваёй дарогай. Гэта досыць высокая пасада, з добрым заробкам, камфортная ў пэўным сэнсе. Можа, людзі не гатовыя ад усяго гэтага адмовіцца. Можа, хоць я ў гэтым сумняваюся, ёсьць і ідэйныя прыхільнікі дзейнага рэжыму, якія ня хочуць яго мяняць на нешта іншае.

— Як блізкія ўспрынялі тое, што вы адмаўляецеся ад такой пасады, дзе добрая зарплата, стабільнасьць, статус, павага?

— Калі б мая сям’я па-іншаму сябе паводзіла, то, напэўна, і ў мяне былі б іншыя цяжкасьці. Мая жонка мяне цалкам падтрымала, мы выхоўваем 12-гадовага сына, які ў сілу свайго ўзросту ня так актыўна залучаны ў палітыку, але таксама разумее, што нешта ў краіне адбываецца ня так.

— Вернемся да Народнага антыкрызіснага кіраўніцтва. Вы там будзеце займацца вонкавай палітыкай?

— У прынцыпе, так.

— А што канкрэтна будзеце рабіць? У чым будзе заключацца гэтая праца?

— Наколькі я разумею, цяпер будуюцца кароткатэрміновыя, сярэднетэрміновыя, доўгатэрміновыя пляны па рабоце Народнага антыкрызіснага кіраўніцтва. Мне яшчэ толькі трэба будзе ўключыцца ў гэтую працу, таму, можа, нейкіх дэталяў я ня ведаю, але ў цэлым магістральная лінія ўжо пазначаная. Ёсьць патрабаваньні беларускага народу, ёсьць міжнародная падтрымка гэтых патрабаваньняў.

Напэўна, нашай мэтай будзе сумясьціць гэтыя рэчы яшчэ шчыльней, каб гэтыя патрабаваньні падтрымлівала ўсё большая колькасьць дзяржаў, каб гэтыя патрабаваньні былі падтрыманыя сусьветнай грамадзкасьцю, каб можна было ў пэўнай ступені аказаць ціск на дзеючы рэжым і ў канчатковым выніку дамагчыся пастаўленых перад сабой мэтаў і прыйсьці да новых, свабодных, сумленных выбараў.

— Чаму Народнае антыкрызіснае кіраўніцтва ​існуе асобна ад Каардынацыйнай рады?

— Каардынацыйная рада была створаная ў Менску, і працаваць ёй там, па вялікім рахунку, не далі. Пачаўся крымінальны перасьлед яе кіраўніцтва, націск на ўсіх астатніх членаў, людзям прыйшлося пакінуць Рэспубліку Беларусь. Таму сёньня шэраг членаў Каардынацыйнай рады апынуўся ў Варшаве. І, наколькі я разумею, па ўзгадненьні з Каардынацыйнай радай і са Святланай Ціханоўскай было прынята рашэньне заснаваць такую структуру тут для таго, каб яна пачала займацца практычна, прадметна падрыхтоўкай краіны да пераходнага пэрыяду. І каб была гатовая ў пераходны пэрыяд узяць на сябе адказнасьць для вырашэньня ўсіх бягучых пытаньняў, для таго каб забясьпечыць найменш праблемны пераход улады і ўстойлівае разьвіцьцё эканомікі краіны.

— Мне здаецца, гэта пра адно і тое ж, толькі іншымі словамі. І гэтыя два органы, па сутнасьці, дублююць адзін аднаго, проста адным — адны людзі кіруюць, другі — Латушка стварыў асобна.

— Я пакуль ня вельмі гатовы дыскутаваць на гэтую тэму. Сама Каардынацыйная рада — гэта досыць шырокі, вялікі і ня вельмі структураваны орган. У маім разуменьні, калі мы гаворым пра Народнае антыкрызіснае кіраўніцтва, гаворка ідзе пра кампактную структуру, якая сёньня ўжо прадстаўленая маладымі дынамічнымі прафэсійнымі людзьмі і якая можа вырашаць задачы, якія стаяць перад ёй.

— Як вы ацэньваеце падтрымку пратэстоўцаў з боку ЭЗ, Злучаных Штатаў? Ці дастатковая яна?

— Калі коратка, у любым выпадку падтрымка ёсьць, і за яе нам трэба сказаць вялікі дзякуй. Перакананы, што гэтая падтрымка магла б быць значна большая, перакананы, што гэтая падтрымка магла б быць значна больш адрасная і значна больш эфэктыўная. Можа, у гэтым і заключаецца адна з задач, якія павінна вырашаць гэтая новая структура — Народнае антыкрызіснае кіраўніцтва. І ў гэтым я бачу сваю місію ў тым ліку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG