Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як дзьве беларускі дапамаглі вывезьці лячыцца ў Чэхію каля 40 параненых


Вольга Буракевіч (справа) і Крысьціна Шыянок. Фота Алега Навагурскага
Вольга Буракевіч (справа) і Крысьціна Шыянок. Фота Алега Навагурскага

У Чэхіі працуе праграма дапамогі беларускам і беларусам, якія пацярпелі ад гвалту сілавікоў падчас паслявыбарчых пратэстаў. На лячэньні ў гэтай краіне цяпер каля 40 чалавек. Ініцыятаркі дапамогі Вольга Буракевіч і Крысьціна Шыянок расказалі Радыё Свабода пра чэскую падтрымку і пра беларусаў, якія стаміліся адчуваць «я тут нічога не вырашаю». Паводле ўмоваў праграмы на некаторыя пытаньні яны ня мелі права адказваць.

Сьцісла:

  • Беларусамі апякуецца Medevac — праграма мэдычнай эвакуацыі параненых з краінаў, дзе адбываюцца войны, канфлікты і прыродныя катастрофы.
  • Наймаладзейшаму з пацярпелых, якія цяпер у Чэхіі, — 15 гадоў, найстарэйшаму — 56. Сярэдні ўзрост — 20–30 гадоў.
  • Самыя цяжкія выпадкі — раненьні ад куляў (грудзі, жывот, вока), раны па ўсім целе ад сьвятлашумавых гранат. Гэтыя раны вельмі дрэнна гояцца. Разрыў барабанных перапонак ад тых жа сьвятлашумавых гранат. Пераломы рук, ног, пазванкоў, закрытыя і адкрытыя чэрапнамазгавыя траўмы.
  • Шмат хто з параненых апасаўся за сваю бясьпеку. Скаргі, якія яны падавалі ў Сьледчы камітэт, абарочваліся справамі, заведзенымі на іх, а не на тых, хто іх зьбіваў.
Крысьціна Шыянок
Крысьціна Шыянок

«Надзея зьмянялася апатыяй, а потым зноў надзеяй»

Крысьціна Шыянок: Першыя дні пасьля выбараў былі для мяне як вір: звароты журналістаў, сустрэчы з палітыкамі, акцыі пратэсту, каардынацыя зь іншымі беларускімі дыяспарамі... Нязьменны быў толькі боль унутры. Боль за тых, хто пацярпеў у першыя дні і ночы пасьля выбараў. За тых, хто прайшоў празь зьдзекі і катаваньні. І калі зь Беларусі вярнулася Вольга, мая паплечніца па ініцыятыве беларусак Чэхіі BLRČR, яна агучыла патрэбу, якую мы абедзьве адчувалі: мы павінны дапамагчы параненым.

Вольга Буракевіч
Вольга Буракевіч

Вольга Буракевіч: У 2010 годзе на Плошчы я ўпершыню сваімі вачыма бачыла, як АМАП зьбівае людзей. У такі момант цябе пранізвае татальнае пачуцьцё бездапаможнасьці перад сілай, якая чыніць гвалт, а ты нічога ня можаш зрабіць. Частка цябе хоча бегчы дапамагчы, але розумам ты ўсьведамляеш, што нічога зрабіць ня можаш. У 2010-м таксама была хваля салідарнасьці са зьбітымі і арыштаванымі, але нашмат меншая, чым тое, што мы назіраем цяпер. Тады я езьдзіла па турмах і вазіла перадачы зьняволеным. Але агульнае пачуцьцё паразы і той самай паралізуючай бездапаможнасьці скавала мяне надоўга.

Падзеі гэтага лета ўсё ж паказалі, што грамадзтва гатовае да зьменаў і нейкіх супольных дзеяньняў. Была надзея, якая зьмянялася апатыяй, а потым зноў надзеяй. Я была ў Беларусі 9–12 жніўня, і хоць ня ўдзельнічала ў вулічных акцыях, але бачыла, як зьмяніўся мой горад Ліда. Бачыла, што людзі выходзяць на вуліцы, яны не абыякавыя і іх шмат.

Пасьля выбараў мы апынуліся ў інфармацыйнай блякадзе. Праз Тэлеграм і проксі ўдавалася сачыць за навінамі зь Менску і іншых гарадоў, і было пачуцьцё, што ты пасярод вайны ці ў акупаванай краіне. Мяне зноў ахоплівала гэтае пачуцьцё бездапаможнасьці. Гэтым разам яно ўзмацнілася яшчэ й тым, што я была цяжарная і з малым дзіцем, таму не магла сабе дазволіць быць сярод тых, хто выходзіў на пратэсты, хаця б у той жа самай Лідзе.

Пасьля вяртаньня ў Прагу я не пераставала задавацца пытаньнем — што я магу зрабіць? І я ўспомніла, што падчас Майдану і вайны ва Ўкраіне Чэхія аказвала мэдычную дапамогу параненым украінцам. Тады я падумала, што было б цудоўна нешта падобнае арганізаваць для пацярпелых падчас пратэстаў у Беларусі.

Далей гэтую думку Крысьціна агучыла на сустрэчы беларускай дыяспары з прэм’ер-міністрам Чэхіі.

«Чыноўніцы чэскага МУС разам з намі ня спалі па начах»

Шыянок: 19 жніўня прэм’ер Чэхіі Андрэй Бабіш прыняў беларускую дыяспару — на сустрэчы былі Віталь Цімошчанка ад суполкі «Пагоня», Алена Ціхановіч як прадстаўніца беларускай меншасьці ў Чэхіі, і я ад BLRČR. Адной з нашых просьбаў было, каб Чэхія ўзяла на лекаваньне пацярпелых. Прэм’ер нас запэўніў, што паспрыяе.

Потым быў круглы стол у Міністэрстве замежных спраў Чэхіі, дзе мы заручылася падтрымкай міністра Томаша Пэтршычка. Праз пару дзён адбылося пасяджэньне ўраду, на якім міністар унутраных спраў Ян Гамачэк прапанаваў аказаць дапамогу пацярпелым беларускам і беларусам у межах ужо існуючай праграмы Medevac. Далей нас чакалі працоўныя сустрэчы (бо праграму давялося перафарматоўваць) і паўтара месяца інтэнсіўнай працы. Чыноўніцы з чэскага Міністэрства ўнутраных спраў разам з намі ня спалі па начах.

Medevac — гэта праграма мэдычнай эвакуацыі параненых з краінаў, дзе адбываюцца войны, канфлікты і прыродныя катастрофы. Праграма існуе з 1993 году і мае сталы бюджэт — каля 60 мільёнаў чэскіх крон на год (больш за 2,5 мільёна даляраў). Зь ёй супрацоўнічае 8 чэскіх шпіталяў. Нам у нейкім сэнсе пашчасьціла, бо эпідэмія каранавірусу прыпыніла многія заплянаваныя рэчы — перадусім выезды чэскіх дактароў у іншыя краіны. Таму частка бюджэту захавалася, і нам ня трэба было займацца пошукам фінансаваньня. Упершыню ў гісторыі Medevac супрацоўнічаў не зь дзяржавай, а з грамадзянскай супольнасьцю. Дакладней, другі бок быў прадстаўлены дыяспарай, а не дзяржавай. Гэта быў новы досьвед для ўсіх.

Буракевіч: Мы стварылі нешта кшталту кансыліюму, куды ўвайшлі беларускія мэдыкі і фармацэўты, што жывуць і працуюць у Чэхіі. Пацярпелыя могуць канфідэнцыйна зьвяртацца на электронны адрас czhelp2020@gmail.com.

На гэты ж адрас пачалі пісаць і чэскія беларусы, якія хацелі неяк дапамагчы. Прапаноўвалі жытло, дапамогу ў суправаджэньні, кампутарную тэхніку. Стаматолягі прапанавалі бясплатна палячыць зубы нашым пацярпелым. А зусім нядаўна (пасьля інфармацыі ў чэскіх мэдыя пра знаходжаньне ў Чэхіі параненых зь Беларусі) з намі зьвязаўся чэскі фізіятэрапэўт і прапанаваў бясплатную рэабілітацыю для нашых пацыентаў. Такая салідарнасьць і жаданьне дапамагчы вельмі цешаць і даюць адчуваньне, што мы не адны ў гэтай барацьбе і ў гэтым болі.

Абвестка пра Medevac для беларусаў
Абвестка пра Medevac для беларусаў

«Яны ўсе для нас гераіні і героі»

Шыянок: Наймаладзейшаму з пацярпелых, якіх удалося вывезьці, — 15 гадоў, найстарэйшаму — 56. Сярэдні ўзрост — 20–30 гадоў. Пераважна хлопцы, але ёсьць і дзяўчаты. Яны ўсе для нас гераіні і героі, мужныя, сьмелыя, сьветлыя.

Большасьць параненых ужо атрымалі першасную мэдычную дапамогу ў Беларусі. Але, на жаль, ня ўсіх лячылі добра, таму тут яны праходзяць дадатковы мэдагляд. Некаторым прызначаюць лячэньне ў чэскім шпіталі, іншым — рэабілітацыю (фізіятэрапію). Перажытае не магло прайсьці бясьсьледна для псыхікі, таму ідзе і псыхалягічная дапамога — праца з чэскімі і беларускімі псыхолягамі, арт-тэрапія, рэляксацыі. Часам патрэбная крызісная інтэрвэнцыя.

Былі выпадкі, калі чэскія дактары даваліся дзіву, што ў целе пацыента пакінулі аскепкі альбо не заўважылі нейкі дыягназ. А часам выказвалі захапленьне працай беларускіх хірургаў.

Куля, якую дасталі зь цела аднаго з параненых
Куля, якую дасталі зь цела аднаго з параненых

Буракевіч: На самым пачатку мы адбіралі людзей зь цяжэйшымі раненьнямі. Потым ужо везьлі тых, каго лічылі лягчэйшымі выпадкамі. Былі й тыя, хто баяўся зьвяртацца да лекараў у Беларусі ці даваў нам няпоўную інфармацыю, і ў рэальнасьці праблемы са здароўем аказаліся цяжэйшыя, чым нам падавалася напачатку. Трэба было таксама ўлічваць факты ціску і перасьледу.

Раненьні людзей, якіх лечаць у Чэхіі ў рамках праграмы Medevac:

Асьцярожна! Гэтае фота можа шакаваць і выклікаць стрэс.

Самыя цяжкія выпадкі — раненьні ад куляў (грудзі, жывот, вока), раны па ўсім целе ад сьвятлашумавых гранат. Гэтыя раны вельмі дрэнна гояцца. Разрыў барабанных перапонак ад тых жа сьвятлашумавых гранат. Пераломы рук, ног, пазванкоў, закрытыя і адкрытыя чэрапнамазгавыя траўмы.

Асьцярожна! Гэтае фота можа шакаваць і выклікаць стрэс.
Асьцярожна! Гэтае фота можа шакаваць і выклікаць стрэс.

У аднаго хлопца куля засталася ў лёгкім, і яго адмовіліся апэраваць у Беларусі. У выніку яго апэравалі ў Чэхіі, але, па іроніі лёсу, ягоным хірургам быў беларус.

Другому хлопцу куля трапіла ў вока, якое, на жаль, так і не ўдалося выратаваць. Для мяне гэта быў горкі момант усьведамленьня, што ня ўсім мы можам дапамагчы, як бы ні стараліся.

Адной зь першых прыехала маладая дзяўчына з мноствам ранаў па ўсім целе ад разрыву шумавой гранаты. Нашая калега, якая яе суправаджала на аглядзе ў чэскага доктара, казала, што той ледзь не расплакаўся, калі яе ўбачыў. Мэдсястра хацела сысьці, а ён яе спыніў і сказаў: «Не, даражэнькая, глядзіце, што можа здарыцца, калі людзі тут перастануць хадзіць на выбары».

Ёсьць таксама мужчына зь цяжкай чэрапнамазгавой траўмай, якога ў Беларусі фактычна не лячылі. Усе спробы трапіць да нэўрахірурга ў Беларусі на агляд канчаліся нічым, як толькі дактары дазнаваліся, дзе і калі ён атрымаў пашкоджаньне галавы.

Быў і хлопец, якому выкруцілі з сустава руку і моцна зьбівалі толькі за тое, што знайшлі ў ягонай сумцы аптэчку з мэдыкамэнтамі, каб дапамагаць параненым. Ён шэсьць гадзін прабыў без мэдычнай дапамогі, пакуль руку ўправілі. Выявілася, што ён дапамагаў і дзяўчыне, якую мы прывезьлі пазьней, — ад сьвятлашумавой гранаты яна атрымала асколачныя раненьні па ўсім целе, адкрытую чэрапнамазгавую траўму і разрыў барабанных перапонак.

Шыянок: Мне давялося перакладаць для яго тут. Я, здавалася б, судовая перакладчыца з досьведам, але пасьля нашага зь ім першага супольнага візыту да доктара я доўга плакала каля шпіталя. Мая калега, якая перакладала на чэскую мову беларускую мэдычную дакумэнтацыю пацярпелых, супакойвала мяне тады праз тэлефон, што цяпер яны ў бясьпецы, пра іх клапоцяцца, што мы зрабілі ўсё, што маглі, што на іншае немагчыма паўплываць. Хоць і яна, нягледзячы на свой шматгадовы досьвед працы ў сфэры мэдычнага перакладу, нямела з таго, што бачыла ў тэчках, якія мы дасылалі.

Міністэрства дамовілася са сваім штатным псыхолягам, каб мы мелі да каго зьвярнуцца ў такія моманты.

«Было адчуваньне, што вывозіш параненых з вайны»

Шыянок: Я разумела, што нас чакае ня толькі сутыкненьне з тэмай гвалту, з чужым болем, але і трансфармацыя нас саміх. Гэта як добраахвотна пайсьці туды, дзе вайна. Сямейнікі ня ведалі, але здагадваліся, чым я занялася, і з разуменьнем паставіліся да таго, што мне не хацелася ніякай камунікацыі. Мы проста давалі знаць адно аднаму, што ў парадку. Гаварыць я магла, па сутнасьці, толькі з Вольгай, якая разам са мной усе гэтыя гісторыі чытала, бачыла гэтыя жахлівыя здымкі.

Буракевіч: Напачатку цяжка было чытаць гісторыі, дыягназы, бачыць фатаздымкі раненьняў і зьбітых да сінявы людзей. Было адчуваньне, што вывозіш параненых з вайны. Да таго ж шмат хто з параненых апасаўся за сваю бясьпеку. Скаргі, якія яны падавалі ў Сьледчы камітэт, абарочваліся справамі, якія заводзіліся на іх саміх, а не на тых, хто іх зьбіваў.

Тут цяпер людзі, якія атрымалі раненьні ня толькі ў Менску, але і ў Горадні, Наваполацку, Берасьці, Баранавічах, Гомлі, Магілёве, Маладэчне. Што яшчэ раз паказвае, як жорстка рэагавала ўлада на мірныя пратэсты, якія адбываліся па ўсёй краіне.

«Людзі стаміліся адчуваць „я тут нічога не вырашаю“»

Шыянок: Нягледзячы на тое, праз што прайшлі пацярпелыя, нягледзячы на свой посттраўматычны стан, па прыезьдзе многія казалі: вы мне дапамаглі, а як я магу дапамагчы вам?

Сярод людзей, якіх мы прывезьлі, ёсьць прафэсійны масажыст. Дык вось ён адразу папрасіў здабыць масажны стол, каб рабіць масажы іншым удзельнікам праграмы. І яны ўсе вельмі дбаюць пра нас. Я была да глыбіні ўражаная, калі даведалася, што яны стварылі другі чат, каб у наш асноўны ніхто не пісаў паведамленьні па начах, каб мы і ўсе нашыя валянтэркі і валянтэры маглі высыпацца.

Буракевіч: Мяне моцна ўразіла, што ўсе пацярпелыя, з кім я бачылася, казалі, што хочуць нечым дапамагчы. Літаральна кожны пытаўся: што я магу зрабіць, каб дапамагчы астатнім, хто ўжо тут ці хто яшчэ прыедзе?

Спачатку мяне гэта бянтэжыла — гэта ж мы вас сюды прывезьлі, каб лячыць, і мы вам будзем дапамагаць. Падаецца — адпачывайце, лячыцеся. Але не, усе хацелі нейкай дзейнасьці, хацелі хоць неяк дапамагаць самі.

І потым я зразумела, што гэта ўсё ад таго ж пачуцьця, якое кіравала і мной, калі я пачала займацца гэтай дапамогай, — ад перажытага пачуцьця бездапаможнасьці перад гвалтам. Магчыма, таму мы і бачым такую хвалю актыўнасьці і салідарнасьці ў беларускім грамадзтве. За 26 гадоў людзі стаміліся адчуваць «я тут нічога не вырашаю». Хочацца зрабіць нешта, што мае сэнс, што дапаможа спыніць нарэшце гэтае зло, якое беспакарана чыніцца ў Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG