Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь атрымае крэдыт на паўмільярда даляраў, каб адразу ж вярнуць 300 млн за газ


Рада Эўразійскага фонду стабілізацыі і разьвіцьця, у якой старшынюе міністар фінансаў Расеі, ухваліла выдзяленьне Беларусі крэдыту ў аб’ёме 500 млн даляраў.

«Сродкі выдзяляюцца тэрмінам на 10 гадоў з ільготным пэрыядам 5 гадоў пад плаваючую працэнтную стаўку (сярэдняя прыбытковасьць расейскіх эўрааблігацый у далярах ЗША на тэрмін 7 гадоў)», — спасылаецца БелаПАН на прэс-службу Эўразійскага банку разьвіцьця, які кіруе сродкамі фонду.

Удакладняецца, што фінансавы крэдыт будзе накіраваны на «праграму ўраду і Нацбанку па супрацьдзеяньні распаўсюду COVID-19 на эканоміку, фінансавы і сацыяльны сэктар», а таксама на падтрымку міжнародных рэзэрваў краіны.

За апошнія 10 гадоў беларускія ўлады двойчы прыцягвалі аналягічныя крэдытныя сродкі. Аднак новая праграма будзе адрозьнівацца ад той, якая рэалізоўвалася ў 2016 годзе, заявіў БелаПАН выканаўчы дырэктар фонду Андрэй Шырокаў.

«Калі папярэдняя праграма была накіраваная на структурныя і інстытуцыйныя рэформы, то мэта новай у асноўным антыкрызісная — падтрымка эканомікі і насельніцтва ў пэрыяд пандэміі. Асаблівая ўвага аддаецца ахове здароўя, сацыяльнаму сэктару і фінансавай сыстэме», — адзначыў экспэрт.

У сваю чаргу, міністар фінансаў Расеі Антон Сілуанаў заяўляў, што крэдыт дазволіць Беларусі пагасіць доўг за газ. Паводле Міністэрства энэргетыкі гэтай краіны, запазычанасьць Менску перавысіла 300 млн даляраў.

У такім выпадку большая частка крэдытных сродкаў пойдзе на тое, каб вярнуць грошы Расеі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG