Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літаратурны нобэль 2020: Чаго чакаем?


Ляўрэаты Нобэлеўскай літаратурнай прэміі Вольга Такарчук (2018) і Пэтэр Гандке (2019), Стакгольм, 10 сьнежня 2019
Ляўрэаты Нобэлеўскай літаратурнай прэміі Вольга Такарчук (2018) і Пэтэр Гандке (2019), Стакгольм, 10 сьнежня 2019

Ці чыталі вы Марыз Кандэ? Або Эн Карсан? Або Ані Эрно? Вядома ж, не чыталі ;)

А гэтыя тры пісьменьніцы, паводле букмэкерскай канторы NicerOdds, знаходзяцца ў першай дзясятцы найбольш імаверных прэтэндэнтаў на атрыманьне сёлетняй Нобэлеўскай прэміі ў літаратуры.

У першай дзясятцы згаданага сьпісу NicerOdds яшчэ дзьве іншыя жанчыны: Людміла Ўліцкая і Маргарэт Этвуд. Але пра іх я не пытаю, ці чыталі вы — тут большая імавернасьць, што адказ будзе «так». Адна з кніжак Этвуд — «Пэнэляпіяда» — выйшла ў 2018 годзе і ў беларускім перакладзе (Вольгі Калацкай і Марыі Мартысевіч).

Год таму, калі я глядзеў нобэлеўскія прадказаньні канторы NicerOdds, я не чытаў нічога ні з Кандэ, ні з Карсан, ні з Уліцкай ці Этвуд, ня кажучы ўжо пра Эрно, якая надалей застаецца для мяне чытацкай загадкай. Але цягам некалькіх дзён перад сёлетнім літаратурным нобэлем я заціснуў зубы і ўзяўся хоць трохі паменшыць сваю чытацкую запозьненасьць.

Прачытаў:

Марыз Кандэ

«Moi, Tituba, sorcière… Noire de Salem» (1986, «Я, Тытуба, ведзьма… Чорная з Салем») — у расейскім перакладзе.

Маргарэт Этвуд

«The Handmaid’s Tale» (1985, «Аповед служанкі») — у расейскім перакладзе.

«The Penelopiad» (2005, «Пэнэляпіяда») — у беларускім перакладзе.

Эн Карсан

«Autobiography of Red. A Novel in Verse» (1998, «Аўтабіяграфія чырвані. Раман вершам») — у арыгінале.

Людміла Ўліцкая

«Казус Кукоцкого» (2001).

«Даниэль Штайн, переводчик» (2006).

Ну, пра Ўліцкую рэмарка: я пакуль завяз недзе каля сярэдзіны абодвух таўшчэзных раманаў. Але проза дабротная, і я намераны закончыць чытаньне гэтых кніг.

Каб закончыць з гэтай букмэкерскай дзясяткай, дык скажу, што яшчэ я чытаў кнігі японца Харукі Муракамі (дзьве з паловай у англамоўных перакладах) і гішпанца Хавіера Марыяса (чатыры, у польскіх і чэскіх перакладах).

Калі гаварыць пра асабістую прыхільнасьць, то мне хацелася б, каб сёлетняга нобэля далі Марыз Кандэ (нар. 1937 на карыбскім востраве Гвадэлюпа, піша па-француску). Яе кніга пра «ведзьму» Тытубу (гістарычнае тло твору — славутая справа «працэсу ведзьмаў» пад канец 17-га стагодзьдзя ў вёсцы Салем, у заакіянскай брытанскай калёніі, якая потым стала ЗША) — надзвычай уражальная гісторыя пра расавую нянавісьць, рабства, неталерантнасьць, ролю жанчыны ў сьвеце. Я не чытаў іншых кніжак Кандэ, але пасьля гэтай набраў ахвоты, каб пачытаць. Першаклясная літаратура. Кандэ 83 гады, дык калі, як не цяпер?

Калі не Кандэ, дык няхай бы далі Маргарэт Этвуд (нар. 1939). Яе «Аповед служанкі» — шэдэўр, ня толькі «фэміністычнай» літаратуры. Некаторыя, пэўна, ведаюць гэтую кнігу з аднайменнага тэлевізійнага сэрыялу.

Проза Людмілы Ўліцкай (нар. 1943) — «традыцыйнага» заквасу. Абодва згаданыя мною раманы — эпічная проза, якая ахоплівае вялікія часавыя пэрыяды, вядзе нясьпешны расповед пра сваіх герояў без крутых сюжэтных паваротаў і нечаканасьцяў. Але не стамляе. Рэалізм высокай пробы.

Самая нечаканая для мяне ў гэтым сьпісе — Эн Карсан (нар. 1950; яна, як і Этвуд, — канадзкая пісьменьніца). Яе ідэнтыфікуюць як паэтку, хоць яна піша даволі асаблівыя кнігі, у якіх эсэістыка перамяжоўваецца з паэтычнымі тэкстамі. Для ўспрыманьня Карсан патрэбна, каб вы моцна любілі паэзію, і каб вы былі няблага начытаныя ня толькі ў сусьветнай літаратуры, але і ў сусьветнай (літаратурнай) гісторыі.

Вось «Аўтабіяграфія чырвані» — расповед пра Герыёна, волата-пачвару з грэцкай міталёгіі, якога забіў у дзясятым са сваіх дванаццаці міталягічных подзьвігаў Геракл. Паводле антычнага грэцкага паэта Стэсіхара, якога Карсан згадвае ў пачатку сваёй кнігі, у Герыёна былі крылы, шэсьць ног і шэсьць рук. Карсан піша даўжэзную паэму — 120 старонак дробным шрыфтам! — пра Герыёна, перанесенага ў наш час ;)... Рафінаваны стыль, рафінаваныя і энігматычныя мэтафары і вобразы.

Ну, вы зразумелі. Карсан — паэтка «не для масаў». Я б магутна зьдзівіўся, калі б швэдзкія акадэмікі рызыкнулі прагаласаваць за яе.

А калі вырашаць даць нобэля не жанчыне, а мужчыну, дык няхай бы гэта быў Хавіер Марыяс. Па-мойму, гэта цяпер адзін з найцікавейшых творцаў гішпанскай мовы.

Што яшчэ? У першай дваццатцы NicerOdds апынуліся яшчэ два прозьвішчы пісьменьнікаў, якіх я чытаў і быў бы ня супраць, калі б іх уганаравалі Нобэлеўскай прэміяй. Гэта Кормак Маккарты (нар. 1933) — па-мойму, найлепшы з жывых пісьменьнікаў ЗША. І нарвэжац Юн Фосэ (нар. 1959) — драматург і празаік, прадстаўнік, так бы мовіць, «мінімалістычнага стылю» ў драматургіі і прозе. Ах, і яшчэ Эдна О’Браен (нар. 1930), ірляндзкая раманістка! Некалі, яшчэ ў сярэдняй школе, я прачытаў яе першы раман, «The Country Girls» (1960, «Дзяўчаты зь вёскі»). Але ён мне настолькі спадабаўся, што помню яго і да сёньня.

Ні Альгерда Бахарэвіча, ні Насты Кудасавай у сьпісах NicerOdds няма. Проста чарга яшчэ не дайшла да народжаных у 1970-х, ня кажучы пра 1980-я.

«Варта» — суб’ектыўны агляд падзеяў у літаратуры ды, шырэй, у мастацтве і культуры. Думкі перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG