Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гэта як „ваўчыны білет“». Пасьля выхаду з ізалятара актывіста апазыцыі звольнілі з працы


Андрэй Юркоў, архіўнае фота
Андрэй Юркоў, архіўнае фота

Зь сябрам руху «За свабоду» Андрэем Юрковым спыняе працоўныя адносіны сельгаспрадпрыемства «Вучгаз БДСГА» (Горацкі раён). Пра звальненьне з 25 кастрычніка кіраўніцтва гаспадаркі паінфармавала актывіста неўзабаве пасьля таго, як ён адбыў 22 дні арышту за ўдзел у пратэставых акцыях.

Хто такі Андрэй Юркоў

  • 46 гадоў. Скончыў Беларускі дзяржаўны эканамічны ўнівэрсытэт.
  • Жыве ў Дрыбіне. Мае двух дарослых дзяцей. Актыўна займаецца спортам.
  • За акцыі пратэсту супраць вынікаў выбараў і гвалту сілавікоў адседзеў 27 дзён у ізалятары.
  • Нярэдка выступае ў незалежных мэдыя экспэртам у пытаньнях эканомікі.
  • Сын вядомага на Магілёўшчыне аграрніка Мікалая Юркова, які, быўшы дырэктарам саўгаса «Дрыбінскі», арганізаваў страйк, калі Беларусьсю ўжо кіраваў Лукашэнка. Забастоўкай дамогся, каб з гаспадаркай разьлічыліся за яе прадукцыю.

«Кіраўніцтва прадпрыемства цярпіма ставілася да апазыцыйнай дзейнасьці, але яна іх напружвала»

Па словах Андрэя Юркова, у гаспадарцы галоўным спэцыялістам маркетынгу ён працуе 12 гадоў. Асаблівых нараканьняў што да выкананьня службовых абавязкаў не было. Актывіст кажа, што на прадпрыемстве ведалі пра ягоную палітычную дзейнасьць, але ён пазьбягаў дэманстраваць апазыцыйнасьць на працоўным месцы. Звальненьне ж зьвязвае менавіта зь ёю.

«Кіраўніцтва цярпіма ставілася да маіх паходаў у дэпутаты і ўдзелу ў выбарчых кампаніях, — тлумачыць сытуацыю са звальненьнем Юркоў. — Безумоўна, гэта напружвала начальства. Але была дамоўленасьць, каб належным чынам выконваў сваю працу. Я гуляў паводле правілаў і не парушаў заканадаўства. Аднак у майго начальства ёсьць сваё, ігнараваць пазыцыю якога не выпадае».

Паведамілі актывісту пра намеры не падаўжаць працоўны кантракт празь некалькі дзён, як ён выйшаў з ізалятара. Ён дадае, што паводле дзейнага заканадаўства наймальнік прычыну спыненьня працоўных адносінаў не абавязаны тлумачыць. 26 кастрычніка ў яго апошні працоўны дзень.

Кіраўнік прадпрыемства: звальняем не праз палітыку, а празь іншыя абставіны

Кіраўнік «Вучгасу БДСГА» Аляксандар Янковіч кажа, што звальняюць Юркова не празь ягоную апазыцыйную дзейнасьць.

«Мы з Андрэем Мікалаевічам у нармальных адносінах», — кажа ён і дадае, што «тут іншыя абставіны». Якія, не сказаў.

У 2006 годзе Юркова ўжо адсюль звальнялі

На прадпрыемства Андрэй Юркоў упершыню прыйшоў у 2003 годзе. Па ягоных словах, праз 2 гады на ранейшага кіраўніка пачалі «націскаць органы», каб той пазбыўся работніка-апазыцыянэра. Пасьля ўдзелу ў Плошчы-2006 і адміністрацыйнага арышту дырэктар падпісаў заяву аб звальненьні актывіста, якую той напісаў загадзя. У 2008 годзе яму прапанавалі вярнуцца ў гаспадарку.

«Я ж разумею, што ў маім выпадку звальненьне роўнае атрыманьню „ваўчынага білета“, — кажа пра жыцьцёвыя пэрспэктывы Юркоў. — З голаду не памру. Вёска дапаможа. На біржу занятасьці стану. Калі ўлада кажа, што ў нас краіна для жыцьця, няхай прапануюць вакансіі. Гатовы перавучвацца...»

Актывіст спыняць апазыцыйную дзейнасьць не зьбіраецца і разглядае яе як барацьбу за свабоду.

Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG