Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэс-сакратарка Ціханоўскай: беларуская апазыцыя ўключыла ў свой санкцыйны сьпіс каля 800 чалавек


Прэс-сакратарка Сьвятланы Ціханоўскай Ганна Красуліна
Прэс-сакратарка Сьвятланы Ціханоўскай Ганна Красуліна

Пра гэта паведаміла 4 кастрычніка ў эфіры тэлеканалу «Дождж» прэс-сакратарка Сьвятланы Ціханоўскай Ганна Красуліна. Паводле яе, на сустрэчах з прадстаўнікамі іншых краін Ціханоўская заўсёды кажа пра тое, чаго апазыцыя чакае ад эўрапейскіх лідэраў і Эўразьвязу ў цэлым.

«Мы чакаем, што яны будуць больш рашучыя ў тым, каб агучваць сваю пазыцыю, якая, як мы бачым, дастаткова кансалідаваная. Мы бачым, што Эўрапейскі Зьвяз вызначыўся з санкцыямі, ён іх увёў. Мы разьлічваем, што санкцыйны сьпіс будзе вельмі сур’ёзна расьці», — падкрэсьліла Красуліна.

Што да санкцыйнага сьпісу беларускай апазыцыі, у ім ужо сотні чалавек.

«У нас у сьпісе ўжо прыкладна 700–800 прозьвішчаў. Гэта ўсё тыя, хто зьдзяйсьняў гвалт у дачыненьні да мірных грамадзян, хто аддаваў загады зьдзяйсьняць гвалт, яны ўсе павінны будуць адказаць. У гэты ж сьпіс трапляюць тыя, хто фальшаваў выбары. Павінны быць прынятыя санкцыі, пашыраныя сурʼёзным чынам», — сказала Красуліна.

Таксама, паводле Красулінай, на сустрэчах Ціханоўскай з прадстаўнікамі Эўразьвязу заўсёды ідзе гаворка пра тое, чым эўрапейскія краіны могуць дапамагчы будучай Беларусі. У прыватнасьці, ідзе гаворка пра дапамогу студэнтам, дапамогу ў адукацыйным працэсе, пра інвэстыцыйныя пакеты, эканамічныя рэформы.

Апазыцыя, паводле Красулінай, разьлічвае, што замежныя краіны дапамогуць ініцыяваць дыялёг паміж беларускім народам і ўладамі, аднак ня просіць удзельнічаць у гэтых перамовах. «Наадварот, патрабуем шанаваць сувэрэнітэт і настойваем на тым, што гэта ўнутранае пытаньне Рэспублікі Беларусь», — дадала яна.

Таксама Красуліна паведаміла, што Ціханоўская сустрэнецца ў Бэрліне з канцлерам ФРГ Ангелай Мэркель 6 кастрычніка ў другой палове дня, а 7 кастрычніка паедзе ў Браціславу на форум Globsec, прысьвечаны пытаньням эўрапейскай бясьпекі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG