Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жыхару Магілёва прыгразілі, што забяруць дачку, калі ўбачаць яе на пратэставых акцыях


 Сяргей Лапуцін
Сяргей Лапуцін

У Магілёве Сяргею Лапуціну, былому кіраўніку гарадзкога штабу экс-прэтэндэнта на прэзыдэнцтва Валера Цапкалы, вынесьлі пракурорскае папярэджаньне за ўдзел у пратэставай акцыі непаўналетняй дачкі. Яе прысутнасьць там зафіксавала міліцыя і накіравала матэрыялы ў камісію ў справах непаўналетніх Кастрычніцкага райвыканкаму.

На камісіі 1 кастрычніка Сяргей Лапуцін падпісаў дакумэнт аб азнаямленьні з афіцыйным пракурорскім папярэджаньнем. Па ягоных словах, у ім гаворыцца, што на несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах ён ставіць пад небясьпеку сваю дачку. Яму прыгразілі: у выпадку паўторнага зьяўленьня дзіцяці на падобных акцыях будзе ставіцца пытаньне пра сацыяльна небясьпечнае знаходжаньне дачкі ў сям’і і яе могуць нават забраць ад бацькоў.

«Мне давялі, што ўдзел 6-гадовай дачкі на такіх мерапрыемствах непажаданы, — расказаў Лапуцін. — Яны не сказалі, што ён незаконны, але менавіта непажаданы, бо я не магу гарантаваць на такіх акцыях ёй бясьпеку падчас затрыманьня».

Суразмоўца кажа: на ягонае пытаньне, ці азначае гэта, што на масавыя гарадзкія мерапрыемствы таксама пажадана не хадзіць, адказалі, што яны ўзгодненыя з адміністрацыяй і там бясьпеку гарантуе міліцыя, а на несанкцыянаваных акцыях такіх гарантыяў няма.

Сяргей Лапуцін лічыць, што пракурорскае папярэджаньне яму вынесьлі, бо ўлада шукае слабыя месцы, каб спыніць ягоны ўдзел у акцыях пратэсту. На яго склалі ўжо тры пратаколы аб адміністрацыйных правапарушэньнях.

Будынак адміністрацыі Кастрычніцкага райвыканкаму Магілёва
Будынак адміністрацыі Кастрычніцкага райвыканкаму Магілёва

«Яны бачаць, што пратаколы мяне не спыняюць і не палохаюць, таму знайшлі слабае месца, на якое можна націснуць: гэта сям’я і дзіця», — мяркуе актывіст.

Журналіста на пасяджэньне камісіі не пусьцілі, патлумачыўшы, што «ён загадзя не зьвяртаўся з такім пытаньнем». Акрамя таго, прагучаў аргумэнт, што імёны сяброў камісіі зьявяцца ў інтэрнэце, калі на пасяджэньні будзе прысутнічаць прэса.

Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG