Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Самую вядомую беларускую баскетбалістку асудзілі на 15 сутак арышту за ўдзел у маршах пратэсту


Баскетбалістка Алена Леўчанка
Баскетбалістка Алена Леўчанка

Судзьдя Ленінскага раёну Менска Марына Запасьнік пакарала баскетбалістку Алену Леўчанку 15 суткамі арышту паводле артыкулаў 23.34 і 23.04 адміністрацыйнага кодэксу.

Раніцай 30 верасьня Алена Леўчанка затэлефанавала адвакату Міхаілу Кірылюку і паведаміла, што яе арыштавалі ў аэрапорце перад вылетам на плянавае лячэньне і рэабілітацыю. Праваахоўнікі праігнаравалі афіцыйныя дакумэнты і адвезьлі яе ў Ленінскае РУУС.

Пазьней у ГУУС Менгарвыканкаму пацьвердзілі, што Алену Леўчанку затрымалі ў рамках адміністрацыйнага працэсу. Яе абвінавацілі па двух адміністрацыйных артыкулах – парушэньне парадку правядзеньня массавых мерапрыемстваў і непадпарадкаваньне супрацоўнікам міліцыі.

За «супраціў» на спартоўку напісаў рапарт супрацоўнік Ленінскага РУСС Скараходаў, у астатнім абвінавачваньне грунтавалася на мітынговых выявах баскетбалісткі ў СМІ і сацсетках.


З упраўленьня міліцыі Алену Леўчанку даставілі ў ізалятар на вуліцы Акрэсьціна. Да яе не дапусьцілі адваката, спасылаючыся на складаную сытуацыю з каранавірусам.

Гулец зборнай Беларусі Алена Леўчанка
Гулец зборнай Беларусі Алена Леўчанка

Алена Леўчанка — прафэсійная баскетбалістка, гуляе на пазыцыі цэнтравой. Уладальніца бронзавай узнагароды чэмпіянату Эўропы, фіналістка жаночай Нацыянальнай баскетбольнай лігі (WNBA).

Яна была сярод першых прадстаўнікоў беларускага спорту, хто акрэсьліў сваю грамадзянскую пазыцыю яшчэ да актыўнай фазы прэзыдэнцкай кампаніі. А ўжо пасьля 9 жніўня публічна абурылася маштабам фальсыфікацыі вынікаў галасаваньня і садызмам з боку сілавікоў, якія расстрэльвалі, калечылі, гвалцілі мірных пратэстоўцаў.

Пра сваё стаўленьне да цяперашніх падзеяў яна падрабязна расказала ў інтэрвію Свабодзе.

Алена Леўчанка зьяўляецца ўдзельніцай Свабоднага аб’яднаньня спартоўцаў (SOS BY), ініцыятары якога падтрымалі акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі. Нядаўна ўдзельнікі запісалі відэазварот на адрас спартовых чыноўнікаў, якія аказваюць ціск на атлетаў за іх грамадзянскую пазыцыю.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG