Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандар Фядута: Лукашэнка лічыцца толькі з думкай Пуціна


Аляксандар Лукашэнка выступае на жаночым форуме ў Менску 17 верасьня 2020 г.
Аляксандар Лукашэнка выступае на жаночым форуме ў Менску 17 верасьня 2020 г.

Палітычны аглядальнік Аляксандар Фядута адказаў у эфіры тэлеканалу «Настоящее время» на пытаньні вядоўцы Ірыны Рамалійскай пра апошнія заявы Лукашэнкі аб закрыцьці межаў і рэзалюцыі наконт Беларусі​, прынятую Радай правоў чалавека ААН.

— Вы можаце патлумачыць, як гэта здарылася? Лукашэнка абвяшчае: «Я закрываю межы». Усе міжнародныя СМІ пра гэта пішуць, а яны ў выніку не закрытыя. Як так?

— Аляксандар Лукашэнка, як правіла, працуе альбо на Захад, альбо на Ўсход, альбо на беларускі электарат. У гэтым выпадку ён працаваў на беларускі электарат: «Глядзіце, я ўсё яшчэ кантралюю ўсё, і межы могуць быць закрытыя ў кожны момант». Я думаю, менавіта гэта выклікае зьдзіўленьне ў заходніх назіральнікаў і дыпляматаў, перакананых, што звычайна асоба такога ўзроўню выконвае свае пагрозы. Цяпер пагрозы няма — ёсьць «бла-бла-бла».

Магу сказаць толькі адно: Аляксандар Лукашэнка выдатна разумее, што адказам будзе перакрыцьце аўтамабільнага транзыту празь Беларусь у Польшчу і Літву. А гэта будзе катастрофай, бо расейскія грузы і грузы з Казахстану проста ня будуць мець магчымасьць трапляць на Захад, паколькі праз Украіну прынамсі расейскія аўтамабілі прайсьці ня змогуць.

— Гэта ў першую чаргу ўдарыць па эканоміцы Расеі, але і па эканоміцы Беларусі таксама, калі спыніцца транзыт.

— Надзвычай моцна.

— Сёньня (18 верасьня. — РС) Рада правоў чалавека ААН ухваліла рэзалюцыю, у якой адзначаецца, што Беларусь ня выканала сваіх абавязаньняў што да права кожнага грамадзяніна галасаваць і быць абраным на сапраўдных пэрыядычных выбарах. Ці ў рэальным жыцьці гэтая рэзалюцыя можа да чагосьці прывесьці?

— Не. Тым ня менш гэта досыць трывожны сымптом, асабліва на фоне рашэньняў, якія прымаюць іншыя міжнародныя арганізацыі, у прыватнасьці АБСЭ. Мы памятаем, што стасоўна Беларусі пачаты працэс стварэньня маніторынгавай групы. Як правіла, для гэтага трэба згода краіны, але цяпер, мяркуючы з усяго, гэтай згоды няма, і гэта ганьба для Беларусі, бо гэта другая група маніторынгу сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, якая ствараецца за час кіраваньня Аляксандра Лукашэнкі. Да гэтага часу, наколькі я ведаю, за 30 гадоў існаваньня так званага маскоўскага мэханізму адпаведнае рашэньне прымалася менш за 10 разоў — і другі раз наконт Беларусі.

— Але яму ж усё роўна?

— Яму абсалютна ўсё роўна.

— Што яму ня ўсё роўна? Магчыма, пэрсанальныя санкцыі?

— Яму ня ўсё роўна думка Пуціна. У той момант, калі Пуцін скажа: «Саша, ты перайшоў ужо пэўную мяжу і ў нас пачаліся празь цябе вялікія непрыемнасьці», — можа быць, Саша пачне нешта адкручваць назад. У кожным разе, мы бачылі, што войска на вуліцы гарадоў ён не вывеў, і гэта было, несумненна, рашэньне, прадыктаванае Крамлём.

— Ваш прагноз: калі і чым скончыцца гэтае супрацьстаяньне, якое цяпер адбываецца на вуліцах Менску і іншых беларускіх гарадоў?

— Я ня ведаю, калі яно можа скончыцца, бо цалкам відавочна, што Аляксандар Лукашэнка імкнецца правесьці інаўгурацыю. І калі інаўгурацыя будзе, то гэта выкліча новую хвалю нарастаньня супрацьстаяньня, можа быць, нават зь яшчэ больш трагічным зыходам.

— Узьнікаюць нейкія прычыны, якія ўзмацняюць пратэсты, потым пратэсты заціхаюць, і на працягу ўсяго гэтага часу арыштоўваюць, садзяць, зьбіваюць?

— Аляксандар Лукашэнка ня верыць у самаарганізацыю тых, хто незадаволены яго праўленьнем. Яму ўвесь час здаецца, што ёсьць проста група людзей, якія на мітычныя грошы мітычнага Захаду арганізоўваюць пратэсты. Я думаю, што ўрэшце турмы будуць перапоўненыя. Людзей ужо пачалі выпускаць, і яны зусім ня маюць намеру зьмірыцца ў бліжэйшы час.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG