Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Зьбіраемся ісьці да прытулку». Жанчына кажа, што ёй не аддаюць 6-гадовага сына пасьля яе затрыманьня


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Сын актывістаў «Эўрапейскай Беларусі» Алены Лазарчык і Сяргея Мацкойця шасцігадовы Арцём ад 17 верасьня знаходзіцца ў прытулку Фрунзэнскага раёну Менску.

Як расказала Радыё Свабода Алена Лазарчык, 17 верасьня пад вечар яе затрымалі ў Менску нібыта «для высьвятленьня асобы». Яна кажа, што ў яе адразу ж забралі тэлефон, завезьлі ў міліцэйскі пастарунак у раёне Акадэміі навук і пратрымалі там амаль да 11 гадзіны вечара. Паводле Лазарчык, яе ні ў чым не абвінавачвалі і ніякіх пратаколаў не складалі.

Пасьля таго як у патрэбны час — да 18.00 — маці не забрала дзіця з школы, пэдагогі выклікалі органы апекі, і шасьцігадовага першаклясьніка Арцёма павезьлі ў сацыяльна-пэдагагічны цэнтар з прытулкам Фрунзенскага раёну. Ні бацьку, ні паўналетняй сястры Марыне, ні бабулі Арцёма са школы не патэлефанавалі, хоць пэдагогі мелі іх кантактную інфармацыю, кажа Алена Лазарчык.

18 верасьня да Алены Лазарчык прыйшлі з апекі правяраць умовы жыцьця Арцёма. Яна кажа, што прэтэнзіяў не было, але копію акту ёй даць адмовіліся, а ў прытулку пад адрасам Бірузова, 21 ёй не дазволілі забраць Арцёма без адпаведнага дакумэнту. Больш за тое, ёй нават не дазволілі пабачыць сына, спаслаўшыся на небясьпеку каранавірусу.

Алена Лазарчык кажа, што будзе спрабаваць дабіцца, каб ёй вярнулі сына, і зноў паедзе ў прытулак у суботу пасьля 12-й гадзіны.

У чэрвені Алену Лазарчык затрымлівалі па абвінавачаньні ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве, калі напярэдадні ўжо быў затрыманы і яе муж — актывіст Сяргей Мацкойць. Тады ёй далі 12 содняў арышту, але праз тры дні рэшту прысуду замянілі на штраф.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG