Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«30% — гэта сілавікі». Хто зьвяртаецца па дапамогу фондаў беларускай салідарнасьці і як яны працуюць


Менск, 1 верасьня
Менск, 1 верасьня

Кіраўнік PandaDoc Мікіта Мікада заявіў, што з прычыны арыштаў супрацоўнікаў кампаніі ў Беларусі прыпыніў праект дапамогі сілавікам, якія вырашылі звольніцца на фоне затрыманьняў і зьбіцьця пратэстоўцаў.

Чатырох супрацоўнікаў менскага офісу PandaDoc арыштавалі на два месяцы па падазрэньні ў крадзяжы ў асабліва буйным памеры. Ім пагражае да 10 гадоў турмы. Рахункі кампаніі арыштаваныя.

«Гэта ні ў чым не вінаватыя людзі. Усё, што я рабіў, рабіў выключна ад сябе. І тое, што я рабіў, не парушае закон. Я дапамагаў пачаць новае жыцьцё людзям, якія адмовіліся ўдзельнічаць у тэроры, адмовіліся біць. Я не хачу, каб яшчэ кагосьці, хто ня мае дачыненьня да маёй ініцыятывы, пасадзілі ў турму», — заявіў Мікада ў інтэрвію ВВС.

Яго праект Protect Belarus прапаноўваў сілавікам, якія звольніліся, фінансавую і юрыдычную дапамогу, а таксама аплату курсаў перакваліфікацыі.

Працягнуць справу Мікада мае намер адзін з кіраўнікоў стартапу Deepdee Яраслаў Ліхачэўскі.

«Калі Лукашэнка рукамі сілавікоў разьвязаў на вуліцах краіны вайну супраць беларускага народу, Мікіта зрабіў самае важнае і самае складанае — першы крок. Ён зрабіў крок насустрач, крок да дыялёгу паміж беларусамі ў форме і іх цывільнымі братамі і сёстрамі. Гэты крок дазволіў тысячам супрацоўнікаў сілавых ведамстваў пазьбегнуць учыненьня злачынстваў і перайсьці на бок народу», — напісаў ён на сваёй старонцы ў Фэйсбуку.

Чым і як дапамагае фонд, заснаваны Мікітам Мікада, каму ўжо дапамог і на якія сумы, а таксама аб працы іншых фондаў у эфіры «Настоящего времени» расказаў Андрэй Стрыжак, сузаснавальнік Фонду салідарнасьці, сябра Каардынацыйнай рады.

— Ці вядома вам, колькі цяпер у Беларусі і за яе межамі існуе ініцыятываў дзеля дапамогі звольненым або пацярпелым?

— Яраслаў Ліхачэўскі — мой калега і сузаснавальнік Фонду беларускай салідарнасьці BYSOL. Яго заява ўзгодненая з фондам. Таму, па сутнасьці, гэта дзьве рукі, якія сумесна цяпер будуць трымаць гэты сьцяг, пра які ён так яскрава заявіў.

Таму фонд BYSOL і стартап Deepdee — гэта сумежныя структуры, якія цяпер будуць рабіць тое, што пачаў Мікіта Мікада разам з намі. Праграма Мікіты ішла паралельна з праграмай фонду BYSOL, і заяўкі, якія былі пададзеныя ў праграму Мікіты, апрацоўваліся і нашымі валянтэрамі.

— Як вы ацэньваеце ўчынак Мікіты?

— Я ацэньваю яго абсалютна спакойна, гэта рашэньне чалавека, які адказвае за сваіх падначаленых. Улада выкарыстоўвае абсалютна тэрарыстычныя мэтады захопу закладнікаў, якія ня могуць быць ніякім чынам апраўданыя ніякім рацыянальным абгрунтаваньнем. На пачатку XXI стагодзьдзя мы бачым тыя ж самыя прынцыпы, якія выкарыстоўваліся нацыстамі ў 1940-х гадах, калі захопліваліся нейкія закладнікі для таго, каб спыніць тую ці іншую дзейнасьць.

— Гэта значыць, ён, па сутнасьці, пайшоў на выкананьне патрабаваньняў тэрарыстаў, калі такую рыторыку выкарыстоўваць?

— Па вялікім рахунку, Мікіта Мікада робіць усё для таго, каб выратаваць людзей. І я не магу даваць ніякай ацэнкі таму, што цяпер робіцца ў кампаніі PandaDoc. Мы цалкам падтрымліваем нашага калегу ў тым, што ён робіць. Таму што першае для нас — гэта людзі. Мы, у адрозьненьне ад уладаў, лічым людзей і ў першую чаргу стараемся зьберагчы іх жыцьцё і здароўе.

— Раскажыце, хто да вас ужо зьвяртаўся?

— На дадзены момант толькі ў Фондзе салідарнасьці ёсьць каля тысячы заявак. Акрамя гэтага, яшчэ каля паўтысячы — у ініцыятывы Мікіты Мікада. З гэтых паўтары тысячы каля 30%, мабыць, — гэта сілавікі, якія вырашылі не падпарадкоўвацца незаконным загадам.

— Гэта колькі чалавек?

— Гэта каля 450–500 чалавек. Зараз мы працуем з гэтымі заяўкамі досыць хутка, мы ўжо выйшлі на нашу праектную магутнасьць, на дадзены момант аказана дапамога на суму больш за 230 тысяч даляраў менавіта па тых, хто праходзіць па фондзе BYSOL. Мы спадзяёмся на тое, што людзі будуць далей зьвяртацца.

Сёньня, напрыклад, стала вядома пра абуральныя факты. Адзін з ахвяр міліцэйскага гвалту, малады хлопец, адважыўся апублікаваць інфармацыю пра тое, што яго згвалцілі амапаўцы. МУС ужо апэратыўна адрэагавала, сказала, што гэта хлусьня.

Карыстаючыся магчымасьцю, асабіста Казакевічу, першаму намесьніку міністра ўнутраных спраў Беларусі, я зараз кажу, што ў нас ёсьць уся інфармацыя і ўсе дакумэнты, якія пацьвярджаюць, што вашы супрацоўнікі ўчынялі гвалт у дачыненьні да чалавека. Мы ведаем гэтага чалавека і гатовыя апублікаваць гэтыя факты, як толькі ён будзе гатовы.

— Аргумэнт быў такі: у аўтазаку згвалціць немагчыма.

— Казакевіч, напэўна, практык у гэтых пытаньнях, дзе і калі можна гвалтаваць. У мяне ў галаве ня ўкладваюцца такія камэнтары, улічваючы, што чалавек рэальна стаў ахвярай гвалту.

— На што выдаткаваныя грошы — 230 тысяч даляраў, пра якія вы кажаце? Чым менавіта дапамагаеце?

— Ёсьць дзьве катэгорыі выплат. Першая катэгорыя выплат — гэта людзі, якія звольніліся ці былі звольненыя з палітычных прычын. З гэтымі людзьмі мы працуем такім чынам, што мы выплачваем ім суму ў памеры 1,5 тысячы эўра — гэта тры сярэднемесячныя заробкі, якія, як мы палічылі, павінны быць у людзей, каб забясьпечыць больш-менш годны ўзровень жыцьця.

Другі тып выплат — гэта выплаты арганізаваным структурам работнікаў, якія цяпер вядуць страйкі, у асноўным італьянскія страйкі.

— Людзі, якія звольніліся, сілавікі ў першую чаргу, яны знаходзяцца ўнутры краіны?

— Гэта розныя гісторыі. Ёсьць тыя, якія выехалі, ёсьць тыя, якія засталіся ў краіне. У любым выпадку дапамогу атрымліваюць і тыя, і другія, у тым ліку і тыя, хто цяпер у Беларусі.

— Ці разьлічваеце вы, што да вас могуць зьвярнуцца нейкія топ-чыноўнікі?

— Абсалютна. Але я думаю, што там людзьмі будзе рухаць не фінансавае пытаньне, зрэшты, як і многімі тымі, хто зьвяртаецца да нас па дапамогу, а ў першую чаргу пытаньне аднаўленьня справядлівасьці і нежаданьне выконваць злачынныя загады дзеючай улады.

— Вам самому пагражалі? У вас ёсьць каго браць у закладнікі?

— У кожнага чалавека ёсьць каго браць у закладнікі. Для мяне кожны чалавек, які цяпер застаўся ў Беларусі і які выходзіць на вуліцы, у якога ёсьць грамадзянская пазыцыя, — гэта патэнцыйны закладнік. Я са смуткам гляджу на сваю фрэндстужку, у якой усе больш інфармацыі і навінаў пра тое, што маіх сяброў садзяць у турму. Ясна, што гэта не празь мяне, а празь іх грамадзянскую пазыцыю, але для мяне кожны, хто цяпер на Акрэсьціна або ў Жодзіне, гэта менавіта такі закладнік.

— Вы, калі я не памыляюся, цяпер у Эўропе?

— Так, я цяпер у Вільні.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG