Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Я ня ведаў, што мяне чакае далей». Краўцоў і Раднянкоў расказалі, як іх затрымалі і вывезьлі ва Ўкраіну


Антон Раднянкоў і Іван Краўцоў на прэс-канфэрэнцыі ў Кіеве
Антон Раднянкоў і Іван Краўцоў на прэс-канфэрэнцыі ў Кіеве

Раніцай у Менску затрымалі Марыю Калесьнікаву. Іван Краўцоў і Антон Раднянкоў спрабавалі высьветліць, што зь ёй, і накіраваліся да яе дадому. Там нічога не пабачылі, і калі ўжо выходзілі з пад’езду, заўважылі мікрааўтобус, зь якога выйшлі людзі і іх затрымалі.

Абодвух спачатку прывезьлі да галоўнага ўпраўленьня па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй. Але потым іх трымалі паасобку ў кайданках, у іншыя структуры перавозілі зь мяшкамі на галовах.

Антона Раднянкова, прэсавага сакратара Каардынацыйнай рады, празь некалькі гадзін перавезьлі ў іншае раённае ўпраўленьне, а адтуль яшчэ празь некалькі гадзін у Дэпартамэнт па фінансавых расьсьледаваньнях Камітэту дзяржкантролю.

«Я ня ведаў, чаму я там, ня ведаў, у якім я статусе і што мяне чакае далей», — сказаў Раднянкоў. Яму супрацоўнікі ці то ДФР, ці то КДБ паведамілі, што хочуць ім усім дапамагчы. І дадалі, што ў выпадку адмовы ад супрацы яму асабіста пагражае 18 месяцаў пад вартай у межах расьсьледаваньня крымінальнай справы супраць Івана Краўцова.

Іван Краўцоў дадаў, што зь ім было падобнае. Пасьля чарговага «пераезду» зь ім спрабавалі размаўляць тры супрацоўнікі ў цывільным, якія не прадставіліся. Яны прадэманстравалі некаторыя дакумэнты, якія павінны былі пацьвердзіць нібыта парушэньні ім заканадаўства па месцы ягонай папярэдняй працы. У выпадку адмовы супрацоўнічаць зь імі пагражалі крымінальнай справай па факце злоўжываньня службовымі паўнамоцтвамі.

«Яны зьвярнулі ўвагу, што паводле гэтага артыкулу пагражае ад 5 да 12 гадоў пазбаўленьня волі», — сказаў Краўцоў.

Мэта затрыманьня — вывезьці Калесьнікаву за мяжу

«Перш за ўсё іх цікавіла магчымасьць вывазу Марыі Калесьнікавай за мяжу, яны гэта тлумачылі неабходнасьцю дээскаляцыі сытуацыі ў краіне. І яны прапанавалі адзін з варыянтаў, каб мы ўтраіх на маім аўто выехалі за мяжу», — паведаміў Іван Краўцоў.

Аднак, паводле яго, раней яны дамовіліся, што ня будуць выяжджаць зь Беларусі ні пры якіх абставінах.

«У выніку была вельмі працяглая гутарка, напрыканцы стала зразумела, што сытуацыя зьмянілася і Марыя Калесьнікава будзе дастаўлена на мяжу. Я так зразумеў, што яе спрабуюць гвалтоўна даставіць. Аб 11-й вечара мяне і, я так разумею, Антона, нас пасадзілі на мікрааўтобусы, мы заехалі па дарозе ў Камітэт дзяржаўнай бясьпекі, дзе забралі Марыю Калесьнікаву, дзе яна знаходзілася ўвесь дзень 7 верасьня. Адтуль мы рушылі ў бок мяжы на памежны пункт «Аляксандраўка».

Як даехалі да мяжы

Антон Раднянкоў пагадзіўся на прапанаваны сілавікамі варыянт, і прыкладна ў 22.30 яго пасадзілі спачатку ў мікрааўтобус, потым перасадзілі на ўседарожнік BMW Х6.

«Я ўвесь час быў на заднім сядзеньні, пасярэдзіне, а паабапал ад мне былі даволі дужыя маладыя людзі без апазнавальных знакаў, у чорных масках і кепках. І яшчэ двое такіх людзей сядзелі наперадзе».

На пачатку руху яму зноў начапілі на галаву чорны мяшок, але потым дазволілі яго зьняць, і ён заўважыў, што ў агульнай калёне едзе ад 4 да 6 машын на розных этапах. Адна зь іх была машына Івана Краўцова.

Паводле Краўцова, яго перад мяжой перасадзілі ў ягоную машыну разам з двума супрацоўнікамі спэцслужбаў, а калі пад’ехалі на беларускі пункт пропуску, памежнікі паглядзелі ягоны пашпарт, а таксама Калесьнікавай і Раднянкова, і сказалі: «Усяго добрага».

Машына з Антонам Раднянковым праехала беларускі памежны пункт, не спыняючыся, да нэўтральнай тэрыторыі. «Увесь картэж спыніўся, і мне прапанавалі перайсьці ў аўтамабіль Івана, дзе той ужо знаходзіўся». Там ужо былі і пашпарты, якія забралі ў ДФР.

«У гэты момант зьявілася Марыя Калесьнікава. Гэта было даволі гучна. Было чуваць, што яе вядуць сілай і яна супраціўляецца. Яе гвалтам запхнулі на задняе сядзеньне. Яна крычала, што нікуды не паедзе, а як толькі заўважыла свой пашпарт, узяла яго і парвала на шмат дробных кавалкаў і выкінула ў акно», — дадаў Раднянкоў.

Пасьля гэтага Марыя Калесьнікава адчыніла акно, бо дзьверы былі заблякаваныя, вылезла празь яго з машыны і накіравалася ў бок беларускай мяжы. Іван Краўцоў, які паводле сцэнару сілавікоў мусіў рвануць зь вялікай хуткасьцю ў бок украінскай мяжы, даў Калесьнікавай час выбрацца з аўтамабіля.

Калі гэта адбылося, паводле Івана Краўцова, іх спрабавалі затрымаць паўторна, але тут ён ужо націснуў на газ і на поўнай хуткасьці паехаў у кірунку ўкраінскай мяжы.

Як запісвалі відэа

Іван Краўцоў расказаў, што відэа для дэманстрацыі па дзяржаўным тэлебачаньні запісваў на патрабаваньне супрацоўнікаў спэцслужбаў:

«Мы ўзгаднілі больш-менш нэўтральны тэкст. Селі са мной у аўтобус недзе пяць чалавек. Яны мяне адвезьлі ў лес — кілямэтры за два ад аўтамабіля. Адзін, у касьцюме, трымаў дыёдную лямпу, а другі, у балаклаве і камуфляжы, падаў мне сэлфі-палку з тэлефонам. І мы пад кантролем яшчэ двух людзей зрабілі некалькі варыянтаў запісу. У прынцыпе, у нечым ён адлюстроўвае пэўную праўду: так, была размова. Так, было рашэньне, з улікам мноства фактараў, пакінуць Беларусь. Але, як вядома, Марыя Калесьнікава не пакінула Беларусь».

Від на жыхарства ва Ўкраіне — часовы

Антон Раднянкоў і Іван Краўцоў пацьвердзілі, што маюць від на часовае жыхарства ва Ўкраіне. Гэты дакумэнт яны атрымалі летась у кастрычніку-лістападзе на легальных падставах — як валянтэры. На ўкраінскім пункце пропуску іх не затрымлівалі, яны прайшлі гутарку з прадстаўнікамі памежнай выведкі і Службы бясьпекі Ўкраіны.

Прадстаўнікі Каардынацыйнай рады выказалі сумневы, што пасьля няўдалай спробы прадэманстраваць іхныя ўцёкі зь Беларусі ўлады паспрабуюць вывезьці Марыю Калесьнікаву зь іншым пашпартам у іншую краіну.

Яны паведамілі, што ў іх яшчэ на беларускай тэрыторыі адабралі ўсю тэхніку — кампутар і тэлефон. Але каб нават і былі сродкі сувязі, то яны не маглі б імі скарыстацца, бо іх суправаджалі да 35 сілавікоў.

Раднянкоў патлумачыў, што іх вывезьлі ва Ўкраіну, а не ў Літву ці Польшчу, бо яны з Краўцовым ня маюць шэнгенскіх візаў, выдадзеных гэтымі краінамі.

На пытаньне, чаму Раднянкоў і Краўцоў не парвалі свае пашпарты, Раднянкоў сказаў, што ня здольны на гэта. «Марыя — лідэр апазыцыі, а я проста прэс-сакратар».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG