Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Марш адзінства» ў Менску скончыўся брутальнымі затрыманьні і пабітымі шыбамі. ФОТА, ВІДЭА


«Марш адзінства» ў Менску 6 верасьня
«Марш адзінства» ў Менску 6 верасьня

«Марш адзінства» ў Менску 6 верасьня быў ня менш шматлюдным, чым тры папярэднія нядзельныя акцыі пратэсту. Нягледзячы на дажджлівае надвор'е, ён сабраў сотні тысяч чалавек. Аднак, у адрозьненьне ад мінулых акцый, сёньняшняя вылучалася брутальнымі затрыманьнямі мірных дэманстрантаў.

А 14-й гадзіне, за гадзіну да пачатку маршу, улады перакрылі цэнтральныя плошчы — Незалежнасьці, Кастрычніцкую і Перамогі. Традыцыйна зачыніліся пяць станцый менскага меэтро: «Плошча Леніна», «Кастрычніцкая», «Купалаўская», «Плошча Перамогі» і «Плошча Якуба Коласа». Цягнікі на іх не спыняліся.

Пасьля таго, як людзі пачалі зьбірацца ў цэнтры, праспэкт Незалежнасьці ў раёне ГУМа перакрылі сілавікі. Зьявілася вайсковая спецтэхніка — вадамёт і загараджальныя машыны «Рубеж».

Калёна пратэстоўцаў з праспэкту Незалежнасьці накіравалася ў бок плошчы Свабоды, а адтуль — на праспэкт Пераможцаў, да Стэлы «Менск горад-герой». Людзі ішлі на акцыю групамі з усіх раёнаў горада, у выніку натоўп запоўніў ўвесь праспэкт Пераможцаў — як пешаходную, так і праезную частку.

Як і ў папярэднія дзьве нядзельныя акцыі, удзельнікі маршу скіраваліся да Палаца Незалежнасьці — рабочай рэзыдэнцыі Лукашэнкі. Там іх сустрэў кардон зь некалькіх сотняў сілавікоў са шчытамі, вайсковая спецтэхніка і калючы дрот. У аддаленьні стаялі БТРы. Прыкладна за 20 мэтраў да кардона дэманстранты спыніліся. Яны скандавалі «Трыбунал!», «Саша, выходзь!», «Жыве Беларусь!».

На «Маршы адзінства» ў Менску працавалі 76 валянтэрскіх груп: яны раздавалі маніфэстантам ваду, прыбіралі сьмецьце, дапамагалі тым, каму гэта патрэбна.

Пратэстоўцы прастаялі насупраць кардона сілавікоў больш за паўтары гадзіны, калі пачаўся дождж людзі пачалі паціху разыходзіцца.

Пасьля таго як, ля Палаца Незалежнасьці засталося каля 100 чалавек, іх пачалі адціскаць сілавікі. Да парку Перамогі побач з Камсамольскім возерам пад’ехалі аўтазакі, сілавікі пачалі затрымліваць людзей: затрымлівалі і мужчын, і жанчын.

Некаторыя, каб пазьбегнуць затрыманьня, пачалі скакаць у ваду. Супрацоўнікі ОСВОД даставалі людзей з вады, садзілі ў човен і адвозілі на другі бераг, каб іх не затрымалі.

Брутальныя затрыманьні пачаліся і ў іншых месцах горада — на праспэкце Пераможцаў, у раёне Нямігі, на плошчы Свабоды.

Нярэдка пратэстоўцаў затрымлівалі людзі ў цывільным, але ў бронекамізэльках і з дубінкамі. Яны ўжывалі грубую сілу пры затрыманьні і нават разьбілі шкляныя дзьверы ў кавярні. У нападніку на кавярню пазналі начальніка Галоўнага ўпраўленьня па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю МУС Мікалая Карпянкова.

«Маршы адзінства» прайшлі сёньня і ў іншых гарадах Беларусі. Праваабаронцы паведамляюць пра масавыя затрыманьні па ўсёй краіне.

«Вясьне» вядомыя прозьвішчы ўжо прынамсі 194 затрыманых за сёньня толькі ў Менску. Гэта не канчатковая лічба.

Сярод затрыманых у Менску – расейскі блогер Аляксей Раманаў, які ўжо шмат дзён асьвятляе беларускія пратэсты, сябра рады грамадзкага абʼяднаньня «Экадом» Ірына Сухій, сябра Каардынацыйнай рады па ўрэгуляваньні палітычнага крызісу ў Беларусі Вольга Паўлава, журналіст «Радыё Рацыя» Арцём Сізінцаў, палітоляг Андрэй Ягораў.

Таксама вядома пра затрыманых падчас акцый пратэсту ў Горадні, Берасьці, Магілёве, Віцебску, Браславе, Пінску, Баранавічах, Шчучыне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG