Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Было крыху страшна». Супрацоўнік Адміністрацыі прэзыдэнта звольніўся ў знак пратэсту


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Анатоль Котаў 18 жніўня звольніўся з пасады намесьніка загадчыка аддзелу фінансаваньня дзяржорганаў галоўнага фінансавага ўпраўленьня Ўпраўленьня спраў прэзыдэнта Беларусі.

Ён адказаў на пытаньні Свабоды.

«Я не сутыкнуўся з асуджэньнем калег»

Заява на звальненьне Анатоля Котава
Заява на звальненьне Анатоля Котава

— Чаму вы звольніліся з працы ў адміністрацыі прэзыдэнта, што канчаткова паўплывала на ваша рашэньне?

— Гэта было маё рашэньне і жаданьне звольніцца. А апошняй кропляй стала поствыбарная сытуацыя ў краіне, калі да грамадзян Беларусі быў ужыты такі гвалт, якога з часоў Вялікай Айчыннай вайны ня бачылі на вуліцах Менску і іншых беларускіх гарадоў. Самае галоўнае, што пасьля ўсіх гэтых здарэньняў не хапіла адвагі, сумленьня хаця б афіцыйна прызнаць, што гэта недапушчальна ў сучасным грамадзтве. Калі людзей хапаюць на вуліцах асобы, якія не прадстаўляюцца, калі людзей б’юць, гэта недапушчальна ў эўрапейскай дзяржаве, якую мы будавалі ў Беларусі 26 гадоў. Я ведаў, што я падам заяву, хоць былі іншыя пляны, адпачынак. Але ўсе гэтыя пляны ня маюць ніякай вартасьці параўнальна з той жудасьцю, якая, на жаль, адбылася ў нашай краіне.

— Як паставіліся да вашага звальненьня вашыя былыя цяпер ужо калегі і сам Віктар Шэйман? Ці страшна было пісаць такую заяву?

— Было крыху страшна, бо ня ведаеш, куды потым пойдзеш. Самае галоўнае — ёсьць разуменьне таго, што дзяржаўная служба, якой я аддаў амаль 20 гадоў свайго жыцьця, будзе немагчымая бліжэйшым часам. Напэўна, гэта было нечакана для ўсіх. Як адрэагаваў Віктар Шэйман, я ня ведаю. Я зыходжу з таго, што мая заява была задаволеная і мяне звольнілі безь ніякіх праблемаў, гэта было шчыра, безь ніякага ціску. Ня я быў першы, хто сышоў з гэтага будынку, але ўсё роўна кожнае рашэньне кожнага супрацоўніка — гэта пэўная нечаканасьць, і гэта прынесла дадатковыя падставы падумаць іншым калегам.

Будынак Адміністрацыі прэыздэнта, ілюстрацыйнае фота
Будынак Адміністрацыі прэыздэнта, ілюстрацыйнае фота

Сярод калег былі не зусім задаволеныя альбо незадаволеныя сытуацыяй, якая склалася ў Беларусі. Бо нехта хварэў на каранавірус, якога нібыта не было, у некага сваякоў ці знаёмых пабілі, якія трапілі пад гарачую руку. Так ці інакш, гэта закранула шмат людзей і не мінула Ўпраўленьня спраў прэзыдэнта, таму гэта дало падставы падумаць.

Я не сутыкнуўся з асуджэньнем ад маіх калег. Я не хаваў таго, што дзяржава, каб быць эфэктыўнай, павінна многа рэчаў рабіць інакш, і тады не дайшло б да сутыкненьняў, да гвалту над сваімі грамадзянамі. Бо гэта ж не апазыцыя, ня нейкія ахвяры лялькаводаў з Захаду ці Ўсходу (тут ужо можна заблытацца), гэта былі на 95% звычайныя грамадзяне Беларусі, якія сутыкнуліся зь нечалавечым падыходам з боку ўладаў.

«Калі жывеш недалёка ад Пушкінскай, казаць, што нічога не было, немагчыма»

— Што далей будзеце рабіць? Як адрэагавала сям’я на ваша рашэньне?

— Буду шукаць нейкую працу. Канечне, першы час можна неяк падэканоміць, ад нечага адмовіцца... Мая сям’я падтрымала маё рашэньне, хоць гэта было нечакана, бо я ня раіўся зь сям’ёй, гэта было цалкам маё рашэньне.

Хоць мая жонка адчувала, што калі-небудзь да гэтага дойдзе, бо калі жывеш недалёка ад Пушкінскай, казаць, што нічога не было, немагчыма. І спакойна спаць па начах, ведаючы, колькі было параненых і зь якімі траўмамі, я не магу. Калі гэта было мэтай палітычнай кампаніі гэтага году, то я ня згодны з мэтамі і мэтадамі, якімі гэтыя мэты дасягаліся.

Я ўпершыню падтрымліваю прэмʼера Расеі, які казаў пасьля затрыманьня вагнэраўцаў, якія раптам аказаліся «нявагнэраўцамі», што Беларусь паставіла сабе мэту выйграць выбары, гэтую палітычную кампанію, любым коштам, а далей хоць трава не расьці. Вось гэта адлюстраваньне той сытуацыі, зь якой нам вельмі цяжка будзе выкараскацца.

— Як ставіцеся да таго, што адбываецца ў краіне? Як далей могуць разьвівацца падзеі?

— Мне вельмі прыкра з таго, што адбылося і з чым нам давядзецца сутыкнуцца, бо нас адназначна чакае больш цяжкі эканамічны крызіс, чым той, які мы адчулі вясной. Нас чакае непрыемны і вельмі цяжкі працэс унутранага беларускага дыялёгу грамадзтва з уладай, бо грамадзтва, на жаль, аказалася падзелена гэтай сытуацыяй.

Негатоўнасьць найперш з боку ўлады да больш-менш спакойнага дыялёгу паглыбляе і гаспадарчы, і сацыяльны крызіс, таму ў любым выпадку нам будзе кепска. І пакуль ня будзе хоць нейкай нармальнай спробы размовы са сваім уласным грамадзтвам, датуль мы не пачнём выбірацца з такога маштабнага крызісу, у якім мы апынуліся.

Тое, што адбылося ў жніўні 2020 году, паказала, што ўлада наогул перастала ўспрымаць сыгналы, якія ідуць ад грамадзтва. Папулярнасьць альтэрнатыўных кандыдатаў у тым, што яны ўпершыню за доўгі час нармальнымі словамі, з павагай зьвярнуліся да беларускага грамадзтва.

На жаль, улада абрала іншы сцэнар, пачынаючы ад каранавірусу, гаспадарчага крызісу, заканчваючы вадой у Менску, якую насамрэч нельга было піць.

Беларусы паказалі, што самаарганізацыя і салідарнасьць дазваляюць перамагаць любыя крызісы без умяшаньня зьверху. У гэтым моц беларусаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG