Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму заява Пуціна мяняе палітычныя расклады ў Беларусі і вакол яе. Тры тэзісы Карбалевіча


Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін
Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін

Заява Пуціна пра гатоўнасьць аказаць Лукашэнку вайсковую дапамогу фактычна абнуляе ўсе пэрспэктывы перамогі абуранага народу над існым рэжымам. Бо перамагчы збройную моц Расеі ў пратэстоўцаў шанцаў няма.

Сьцісла:

  • Заява Пуціна пераводзіць пытаньне беларускай рэвалюцыі ў геапалітычнае рэчышча.
  • Паўстаньне Расеі на абарону Лукашэнкі падразае крылы беларускаму пратэсту.
  • Просьба Лукашэнкі аб расейскай вайсковай дапамозе разбурае ягоны вобраз абаронцы незалежнасьці Беларусі.
  • Гэтая падзея разьвейвае ілюзіі, якія існавалі на Захадзе, пра тое, што няхай сабе Лукашэнка і дыктатар, але ён цьвёрды абаронца незалежнасьці Беларусі.
  • Крэмль спужаўся перамогі «каляровай рэвалюцыі» ў Беларусі. Бо гэта дало б вельмі непрыемны прыклад для Расеі.
  • З інтэрвію Пуціна вынікае, што ў адказ на расейскую дапамогу Лукашэнка ўзяў на сябе пэўныя абавязаньні. Але невядома якія.

Заява Пуціна пра гатоўнасьць увесьці расейскія ўзброеныя фармаваньні ў Беларусь, каб уратаваць рэжым Лукашэнкі ад народнага пратэсту, мяняе шмат палітычных раскладаў.

Найперш, пераводзіць пытаньне беларускай рэвалюцыі ў геапалітычнае рэчышча. І абнуляе ўсе пэрспэктывы перамогі абуранага народу над рэжымам Лукашэнкі. Бо перамагчы збройную моц Расеі ў пратэстоўцаў шанцаў няма. Беларусі пагражае паўтарэньне лёсу Вугоршчыны ў 1956 годзе ці Чэхаславаччыны 1968 году.

Падзеі апошніх дзён разбурылі шмат якія ілюзіі беларускай і замежнай палітызаванай публікі.

Першае. Шмат апошніх гадоў Лукашэнка прэзэнтаваў сябе як цьвёрдага абаронцу незалежнасьці Беларусі ад падступнай і імпэрскай Расеі. Сёлета гэты тэзіс стаў лейтматывам ягонай выбарчай кампаніі. Шмат беларусаў з актыўнай грамадзянскай пазыцыяй доўгі час верылі ў вобраз Лукашэнкі-незалежніка. Падчас сёлетняй кампаніі ад часткі дэмакратычнай грамадзкасьці гучала нават: лепш Лукашэнка, чым Бабарыка. Павінна была здарыцца цяперашняя рэвалюцыйная сытуацыя, каб зрабілася зразумелым, што для яго ўлада значна важнейшая, чым Бацькаўшчына, беларуская незалежнасьць.

Мальба да Пуціна аб вайсковай дапамозе ад чалавека, які доўга ствараў сабе вобраз ганарлівага, моцнага палітыка, мачо, выглядала вельмі незвычайна. Гэтае відавочнае прыніжэньне сьведчыць пра той жахлівы псыхалягічны стан, у якім знаходзіцца Лукашэнка. Яму не ўдалося схаваць страх.

Другое. На Захадзе таксама было шмат ілюзій, што няхай сабе Лукашэнка і дыктатар, але ён цьвёрды абаронца незалежнасьці Беларусі. Таму трэба абараняць «беларускую стабільнасьць» з геапалітычных меркаваньняў, адсунуўшы ўбок праблему дэмакратыі і правоў чалавека. Вось цяпер высьветлілася, што ён папрасіў Пуціна ўвесьці ў сваю краіну расейскіх «зялёных чалавечкаў».

Трэцяе. У расейскім і беларускім экспэртным асяродзьдзі было шмат развагаў, што Пуцін «зьлівае» Лукашэнку. Маўляў, навошта яму абараняць лузэра. І, магчыма, Масква магла б паўтарыць армянскі кейс. Нагадаю, у 2018 годзе Расея спакойна прыняла «каляровую рэвалюцыю» ў Армэніі, бо там не было пагрозы геапалітычнага развароту гэтай краіны.

Але ў беларускім выпадку Крэмль спужаўся перамогі «каляровай рэвалюцыі». Бо гэта дало б вельмі непрыемны прыклад для Расеі. Да таго ж параза Лукашэнкі нібы прадвяшчала б лёс самога Пуціна. Нагадвала б яму пра тое, што чакае аўтакрата, які доўга заседзеўся на сваім месцы.

З інтэрвію Пуціна вынікае, што ў адказ на расейскую дапамогу Лукашэнка ўзяў на сябе пэўныя абавязаньні. Невядома якія. Можна меркаваць, што адным з пунктаў будзе гатоўнасьць да паглыбленай інтэграцыі з Расеяй. Пуцін казаў пра нейкую канстытуцыйную рэформу, пра якую сам Лукашэнка амаль ніяк ня ўзгадвае. Прычым, паводле Пуціна, гэтую рэформу Лукашэнка павінен рабіць сам для сябе, без усялякага ўдзелу грамадзтва.

І апошняе. Пуцін сваёй заявай настройвае супраць Расеі шмат беларусаў, якія дасюль вельмі ляяльна ставіліся да РФ.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG