Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У 20 акругах Менску ініцыявалі адкліканьне дэпутатаў. Людзі стаяць у чарзе, каб паставіць подпіс


Чарга ля кінатэатру «Кіеў» у Менску: тут зьбіраюць подпісы за адкліканьне дэпутаткі Старавіленскай акругі № 105 Сьвятланы Любецкай
Чарга ля кінатэатру «Кіеў» у Менску: тут зьбіраюць подпісы за адкліканьне дэпутаткі Старавіленскай акругі № 105 Сьвятланы Любецкай

У розных мікрараёнах Менску 26 жніўня ўтварыліся чэргі зь мясцовых жыхароў: тут зьбіраюць подпісы за адстаўку дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу Беларусі.

Як паведамляе Tut.by, вядома, што на 20 выбарчых акругах Менску частка выбарнікаў ужо ініцыявала адкліканьне дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў. А ў пасёлку Сеніца, побач зь Менскам, мясцовыя жыхары ўжо сабралі подпісы і падалі заяву аб правядзеньні сходу, на якім прагаласуюць за або супраць адклiканьня парлямэнтара ад сваёй акругі.

Напярэдадні зьбіраць подпісы і пачынаць працэдуру адкліканьня дэпутацкіх мандатаў беларусаў заклікаў Павал Латушка, сябра прэзыдыюму Каардынацыйнай рады. Як адзначыў экс-міністар культуры, дэпутаты ня маюць права бязьдзейнічаць, калі ў краіне парушаюцца законы.

«109 беларусаў, 109 са 110 дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў глядзяць на тое, што адбываецца ў краіне, і нічога ня робяць. Замест сапраўдных крокаў яны ўцякаюць ад журналістаў на вуліцы. Што могуць зрабіць дэпутаты? Разам — амаль усё, паасобку — абараніць сваё сумленнае імя і пачаць тыя працэсы, якія прывядуць да аднаўленьня законнасьці. Але што, калі дэпутат застаўся ўбаку? Калі прамаўчаў і не зрабіў? Ён становіцца статыстам, грамадзянінам бяз голасу», — заявіў Латушка ў відэазвароце.

У той жа час ініцыятыва «Сумленныя людзі» запусьціла праект #ВыНасДажеНеПредставляете, які дапамагае ініцыяваць сход выбарнікаў па пытаньні адкліканьня парлямэнтара. За суткі форму для атрыманьня ўзору адпаведнай заявы спампавалі больш за 1500 чалавек, паведамляецца ў афіцыйным тэлеграм-канале ініцыятывы.

Паводле закону, адклікаць дэпутата Палаты прадстаўнікоў могуць выбарнікі акругі, дзе яго ці яе абралі. Як вынікае з артыкула 129 Выбарчага кодэксу, парлямэнтар можа быць адкліканы, калі ён не апраўдаў даверу сваіх выбарнікаў. Гэта можа выяўляцца ў невыкананьні прадугледжаных законам дэпутацкіх абавязкаў, парушэньні Канстытуцыі або законаў, зьдзяйсьненьні ўчынкаў, якія дыскрэдытуюць дэпутата.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG