Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У банкаматах валюты няма. Што адбывалася сёньня ў менскіх банках і абменьніках


Чарга ў абменьніку Тэхнабанк 26 жніўня
Чарга ў абменьніку Тэхнабанк 26 жніўня

Беларускі рубель пасьля выбараў імкліва падае. У банкаматах валюты няма. У аддзяленьнях невялікую суму ў далярах ці эўра можна купіць, дачакаўшыся, калі хтосьці здасьць. Каб зьняць салідную суму з свайго валютнага рахунку, грошы трэба замаўляць загадзя.

Карэспандэнтка Свабоды абышла дзясятак сталічных абменьнікаў і банкаў.

Курс даляра на таргах 26 жніўня вырас на 4,55 капейкі і дасягнуў гадавога максымуму — 2,6483. Мінулы гістарычны рэкорд быў 24 сакавіка — тады даляр сягнуў адзнакі 2,6396.

Эўра таксама падаражаў — на 5,28 капейкі, каштуе 3,1286 беларускага рубля. У банках найлепшы курс продажу даляра 2,685, куплі — 2,70.

У банкаматах валюты няма. У банках кажуць, што з раніцы загружаюць зусім няшмат і яе вельмі хутка здымаюць.

У гандлёвым цэнтры Dana Mall у аддзяленьні «Тэхнабанку» чарга. Невялікую суму — да 300 даляраў — у касе купіць можна. Зьняць з валютнага рахунку таксама можна да 300 даляраў. Калі неабходна зьняць больш — трэба замаўляць. Да 1 тысячы даляраў чакаць давядзецца ад 1 да 3 працоўных дзён. Калі патрэбная вялікая сума, чакаць прыйдзецца 5 працоўных дзён.

Курс валют у Тэхнабанку на 26 жніўня
Курс валют у Тэхнабанку на 26 жніўня

Малады чалавек з чаргі кажа, што хоча набыць 250 даляраў, каб заплаціць за здымную кватэру. Убачыўшы, што людзі сталага веку хочуць праз тэрмінал для абмену валют памяняць 300 даляраў на беларускія рублі, просіць іх здаць праз касу. Але ў касу даволі вялікая чарга, а сужэнцы сталага веку сьпяшаюцца — угледзелі ў краме «5 элемэнт» на трэцім паверсе гэтага ж гандлёвага цэнтру новы тэлевізар.

У аддзяленьні «Альфа-банку» каля мэтро Ўручча ў банкамаце валюты няма. А ў касе ёсьць каля 500 даляраў. Хтосьці нядаўна іх здаў, і даляры можна набыць па курсе 2,72.

У аддзяленьні «Альфа-банку» каля мэтро Ўручча
У аддзяленьні «Альфа-банку» каля мэтро Ўручча

У «Прыёрбанку» у касе было 200 даляраў і 300 эўра, іх можна было купіць. Малады чалавек закрываў валютны рахунак і здымаў салідную суму — каля 15 тысяч даляраў. Сказаў, што купляе нерухомасьць. Паведаміў, што замаўляў грошы тыдзень таму.

Аддзяленьне «Прыёрбанку»
Аддзяленьне «Прыёрбанку»

У «Ідэя Банку» валюты няма ні ў касах, ні ў банкамаце. Жанчына падыходзіць да касы і скандаліць: ён кажуць, што валюты няма, а яна ведае, што 5 хвілін таму іншая жанчына здала ў касу 100 даляраў. Тут прыйшоў малады чалавек здаваць 50 даляраў. Кажа, што трэба сабраць дзіця ў школу, таму здае «заначку». Жанчына іх адразу купіла.

У «Ідэя Банку» валюты няма ні ў касах, ні ў банкамаце
У «Ідэя Банку» валюты няма ні ў касах, ні ў банкамаце

У «Белінвэстбанку» ні даляраў, ні эўра няма.

«Як ні дзіўна, у нас утварыліся вялікія запасы беларускіх рублёў», — кажа супрацоўніца банку.

У той жа час у Берасьці ў пэўных банках курс продажу даляра адолеў псыхалягічную адзнаку ў 3 рублі. Па такім курсе амэрыканскую валюту можна купіць у берасьцейскіх філіях «Тэхнабанку» і «Франсабанку». Эўра ў згаданых банках Берасьця прадаецца за 3,5 рубля.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG