Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дырэктарка распусьціла апякунскую раду ў гімназіі, дзе бацькі запатрабавалі сумленна пералічыць галасы на выбарах


Ірына Пасюкевіч
Ірына Пасюкевіч

25 жніўня бацькам дзяцей беларускамоўнай гімназіі № 23, якія патрабавалі сумленнага пераліку галасоў на выбарах, прыйшоў адказ: дырэктарка Ірына Пасюкевіч проста распусьціла апякунскую бацькоўскую раду сваім загадам.

13 жніўня бацькі і апякунская рада зьвярнуліся да дырэктаркі гімназіі № 23 Ірыны Пасюкевіч з патрабаваньнем сумленна падлічыць галасы і паказаць пратаколы, якія так і ня вывесілі пасьля выбараў увечары 9 жніўня.

Бацькі патрабавалі «ў выпадку відавочнай фальсыфікацыі ў пратаколе адхіліць ад навучальнага працэсу настаўнікаў — сяброў камісіі».

Таксама бацькі забаранілі выкарыстаньне раней пералічаных бацькамі сродкаў, спынілі збор апякунскіх унёскаў на патрэбы гімназіі і якую-кольвек матэрыяльную і нематэрыяльную падтрымку настаўнікаў і адміністрацыі.

Апошнім пунктам была забарона сваім дзецям браць удзел «у любых невучэбных мерапрыемствах, арганізаваных гімназіяй, раёнам, горадам».

Дзейнасьць рады спынілі «з мэтай перадухіленьня парушэньня заканадаўства»

25 жніўня апякунскай радзе прыйшоў адказ за подпісам дырэктаркі Ірыны Пасюкевіч:

«Пытаньні, якія падымаюцца ў пратаколе ад 13 жніўня 2020 году, пярэчаць пункту 10 Палажэньня аб апякунскай радзе ўстановы адукацыі, зацьверджанай Пастановай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь ад 25.07.2011 г. № 146 (у рэд. Пастаноў Мінадукацыі ад 28.12.2016 № 127, ад 29.04.2012 № 60).

З мэтай прадухіленьня парушэньня заканадаўства апякунскай радай дырэктарка спыняе з 25.08.2020 яе дзейнасьць».

Бацькі гімназістаў: «І дапамога наша не патрэбная, і мы не патрэбныя»

Сябра апякунскай рады Тацяна Шабуня ў камэнтары Свабодзе паведаміла, што бацькі вялі перамовы з дырэктаркай і вусна, ня толькі праз катэгарычныя заявы і звароты.

«Мы пачулі ад яе, што, маўляў, вашыя 100 рублёў у год — гэта дробязь. Хаця за кожнае дзіця бацькі ўносілі па 50 рублёў на паўгода, то бок гэта далёка ня 100 рублёў на ўсю гімназію. Сродкі ішлі на ваду, на туалетную паперу, іншыя патрэбы гімназіі. Бацькі абураныя стаўленьнем дырэктаркі да іх — маўляў, і дапамога наша не патрэбная, і атрымліваецца, што і бацькі ёй не патрэбныя.

Што да патрабаваньня азнаёміць бацькоў і выбарцаў з пратаколам галасаваньня, мы лічым, яно цалкам законнае. А дырэктарка гімназіі Ірына Пасюкевіч, хоць і не была старшынёй камісіі, 9 жніўня выклікала на ўчастак АМАП», — абураецца Тацяна Шабуня.

Яна таксама кажа, што ў дзіцяці выпускная, 9-я кляса базавай школы, а дзеці дагэтуль ня ведаюць сваіх настаўнікаў-прадметнікаў. І бацькоўскіх сходаў у гімназіі больш ня будзе — з прычыны каранавірусу, паведаміла яна.

АМАП дырэктарка не выклікала: два супрацоўнікі дзяжурылі на суседнім участку з ранку

25 жніўня Свабодзе не ўдалося з дырэктаркай гімназіі №23, каб атрымаць камэнтар, яна адмовілася кантактаваць са СМІ. На наступны дзень Ірына Леанідаўна Пасюкевіч зьвязалася са Свабодай.

«Тое, што адбываецца з Апякунскай радай, гэта як сытуацыя ў сям’і: бываюць непаразуменьні, і я ўпэўненая, што мы вырашым гэтую праблему», — кажа дырэктарка гімназіі.

Абвергла яна і словы бацькоў, што выклікала АМАП.

«Два супрацоўнікі МУС і два супрацоўнікі ў чорнай форме дзяжурылі ў гімназіі з самага ранку — але на суседнім выбарчым участку № 63. Менавіта на той участак людзі ўваходзілі праз запасны ўваход каля гардэробу. І людзі, якія прыходзілі галасаваць на розныя ўчасткі, не перасякаліся. Старшыню той камісіі сапраўды суправаджалі людзі ў чорнай форме. Можа, таму людзі і ўзбудзіліся, што ў будынку гімназіі быў АМАП. Але ніхто з гімназіі яго не выклікаў», — кажа Ірына Пасюкевіч.

А чаму ня вывесілі выніковыя пратаколы пасьля падліку галасоў? Дырэктарка кажа, што ня ведае. Яе на той час у гімназіі не было, бо яна не была сябрам камісіі, а займалася арганізацыяй дзяжурстваў, разьмяшчэньнем пунктаў гандлю і іншымі арганізацыйнымі пытаньнямі.

Свабода раней паведамляла, што сябра ўчастковай выбарчай камісіі № 65 Савецкага раёну, настаўніца хіміі Дар’я Мама не падпісала выніковы пратакол, у якім колькасьць галасоў за Ціханоўскую была заніжаная прыкладна на 130. Старшынёй камісіі на ўчастку № 65 была завуч гімназіі Аксана Вандзяева.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG