Глеб Паўлоўскі, колішні дарадца расейскага прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна, адказаў на пытаньні тэлеканалу «Настоящее время» пра пазыцыю Масквы ў цяперашнім канфлікце ў Беларусі.
— На жаль, я б не рэкамэндаваў цешыць сябе. Расея, Масква не займае нэўтральнай пазыцыі. Потым, ёсьць «саюзная дзяржава», і Масква катэгарычна ня згодная адмовіцца ад «саюзнай дзяржавы». Таму тут увесь час будуць чакаць пацьверджаньняў з боку апазыцыі, што ў іх няма плянаў ліквідацыі «саюзнай дзяржавы» і тым больш вайсковага саюзу Расеі і Беларусі. Масква не нэўтральная, але яна асьцярожная. А Лукашэнка спрабуе ўцягнуць яе ў канфлікт на сваім баку. Так, гэта ўзмоцніць яго пазыцыі, але аслабіць пазыцыі Масквы на будучыню. Мы тады ня зможам ніяк выступаць мадэратарам, выступаць трэцяй сілай. Пакуль Масква ня страціла гэтай магчымасьці. І яна можа ёй спатрэбіцца.
— Як вы думаеце, ці прачытвае Масква тыя пасланьні, якія пасылаюць цяпер прадстаўнікі новай беларускай апазыцыі, калі яны кажуць, што Расея, безумоўна, партнэр?
— Масква, Крэмль, вядома ж, гэтаму ня верыць. Ён ня верыць людзям, якія гавораць з вуліцы, якіх прывяла да мікрафона, і тым больш да ўлады, вуліца. Але Маскве няма куды падзецца, яна калекцыянуе гэтыя выказваньні, гэтыя сыгналы. Важна, каб гэтыя сыгналы былі пэўныя. Таму што ўсё адно гэтыя рэчы будуць вырашацца ня заўтра і нават не пасьлязаўтра — што будзе, якой будзе Беларусь.
Цяпер важна прадухіліць ператварэньне Беларусі ў тэатар ваенных дзеяньняў. Вось гэта важна. І тут, шчыра кажучы, я мала разьлічваю на менскіх гуманітарыяў. Гэта вельмі добрыя людзі, выдатныя сьветлыя людзі. Але мы бачылі гуманітарыя ў рэальнай сытуацыі. Я разьлічваю на рабочых, на страйк і, можа, на кіраўнічую клясу Беларусі, якая адважыцца стаць на бок абнаўленьня, на бок народнага паўстаньня.