Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Наслухаўшыся пра зьверствы сілавікоў, я магу паверыць у самае страшнае». Што кажуць сваякі зьніклых


Сваякі затрыманых падчас пратэсту 9 жніўня прыйшлі да ізалятара часовага ўтрыманьня на Акрэсьціна шукаць іх. 10 жніўня 2020 году
Сваякі затрыманых падчас пратэсту 9 жніўня прыйшлі да ізалятара часовага ўтрыманьня на Акрэсьціна шукаць іх. 10 жніўня 2020 году

На сэрвісе пошуку людзей, створаным парталам tut.by 14 жніўня, спачатку ў сьпісе былі 74 чалавекі. 18 жніўня МУС паведаміла, што шукаюць 30 чалавек. Свабода сабрала гісторыі, расказаныя сваякамі зьніклых.

«Невядомасьць — гэта вельмі цяжка»

43-гадовы Ўладзімер Кацкель перастаў выходзіць на сувязь 12 жніўня. Жыве ён на праспэкце Ракасоўскага ў Менску. Менавіта 12 жніўня ў Серабранцы прайшла масавая акцыя пратэсту, мясцовыя жыхары заблякавалі аўтазакі.

Затрымалі шмат людзей. Сяброўка Ўладзімера Кацкеля Натальля мяркуе, што і яго таксама.

«Уладзімер раней працаваў на будоўлі, займаўся бізнэсам, але апошнім часам у яго былі праблемы з працай. Ён жыве з бацькамі, якія ўжо ў даволі сталым узросьце. Я вельмі перажываю за яго і за іх.

Уладзімер Кацкель, фота ўзятае з парталу Tut.by
Уладзімер Кацкель, фота ўзятае з парталу Tut.by

Уладзімер — чалавек вельмі імпульсіўны, эмацыйны. Ён былы баксэр, дапускаю, што мог быць у першых шэрагах. Ён вельмі прабеларускі. Мне здаецца, што яго маглі затрымаць.

Да супрацоўнікаў міліцыі ў мяне наагул няма даверу. Людзі ў пагонах страцілі павагу ў маіх вачах — у сьвятле апошніх падзей. Асабліва калі Лукашэнка сёньня так цынічна ўзнагародзіў 300 міліцыянтаў і АМАПаўцаў ордэнамі і мэдалямі. Я вельмі ўдзячная валянтэрам, якія шукаюць людзей. Яны вельмі стараюцца, але пакуль безвынікова. Хоць бы якую інфармацыю даведацца пра яго! Бо невядомасьць — гэта вельмі цяжка», — кажа Натальля, сяброўка Ўладзімера Кацкеля.

«Ну ня можа чалавек зьнікнуць бязь сьледу. А міліцыя проста разводзіць рукамі!»

33-гадовы Віктар Купраёнак жыве ў Заводзкім раёне, каля 5-га шпіталя. Раніцай 9 жніўня Віктар выйшаў з дому. Сваякі мяркуюць, што пайшоў на працу — ён працуе ў прыватнай аўтамыйні. Але, як высьветлілася пазьней, на працы Віктара не было. Што зь ім здарылася, родныя дагэтуль ня ведаюць, кажа Віктарава сястра Анастасія Макаранка. 12 жніўня сваякі падалі заяву аб зьнікненьні чалавека ў Заводзкае РУУС. На пытаньне Свабоды, ці мог Віктар пайсьці на акцыю пратэсту, Анастасія катэгарычна адказвае: «Не».

«Гэтага наагул я нават не дапускаю. Ён абсалютна апалітычны. Гэта ня той чалавек. Каб былі нейкія меркаваньні, я б сказала, што мог быць там. Але не, проста не!», — цьвёрда заявіла Анастасія.

Віктар Купраёнак, фота ўзятае з парталу Tut.by
Віктар Купраёнак, фота ўзятае з парталу Tut.by

Выпадкова, так, як многіх затрымлівалі проста на вуліцы, — магчыма, але каб мэтанакіравана Віктар пайшоў пратэставаць, сястра не дапускае.

«Самае дзіўнае — чалавека нідзе няма ў сьпісах. Нідзе! І валянтэры дапамагалі, і мы самі шукалі — чалавека нідзе няма. Ні на Акрэсьціна, ні ў судах (11–12 жніўня многіх судзілі). Міліцыя таксама нам сказала, што яго „прабівалі“, і Віктара нідзе не затрымлівалі. Абзвоньвалі шпіталі, езьдзілі шукаць, валянтэры дапамагалі.

У шпіталях „прабіваюць“ прозьвішчы і кажуць, што ў іх няма такога. А зьвярнуцца да лекараў, паказаць фота — нас не прапускалі. Міністэрства аховы здароўя апублікавала адзін сьпіс, ён ні разу не мяняўся і не абнаўляўся. Пазначана было пра першы шпіталь, што ў іх ёсьць адзін „невядомы“. Мы туды зьвяртаемся — „у нас невядомых няма!“ — адказваюць», — жанчына ня можа стрымаць сьлёз.

Сваякі зьвярталіся да вызваленых з Акрэсьціна і Жодзіна, паказвалі фота, рассылалі ў сацыяльных сетках: можа пазнáюць, што разам сядзелі. Ніхто не пазнаў.

«Наслухаўшыся пра зьверствы і жахі, я магу паверыць у самае страшнае. Ад невядомасьці мы проста вар’яцеем. Калі чалавек сядзіць, ты ведаеш, што ён дзесьці ёсьць і жывы. А ў нашай сытуацыі яшчэ горш. Хтосьці казаў, што ў СІЗА КДБ ён можа быць. Але ён жа не арганізатар, не заўзятар, ён просты чалавек. Ну ня можа ж чалавек зьнікнуць бязь сьледу. Каб міліцыя проста разводзіла рукамі!

А Лукашэнка кажа, якая ў нас мірная краіна, у нас усё добра. А каго зьбілі — людзі самі вінаватыя», — кажа сястра Віктара Купраёнка Анастасія Макаранка.

Грамадзянін Расеі з 9 жніўня быў на Акрэсьціна, яго 10 дзён шукалі

Міхаіл Дарожкін — грамадзянін Расеі. Міхаіл прыехаў у Менск 8 жніўня, спыніўся ў сябра-аднаклясьніка. 9 жніўня ён пайшоў на вакзал, каб паехаць да бацькоў у Воршу. Але не даехаў — тэлефон быў адключаны, таму сябры забілі трывогу. Пачалі самі шукаць — безвынікова. Сяброўка Міхаіла Ліза расказала, што калі ў пятніцу з Акрэсьціна масава пачалі вызваляць затрыманых, зь ёю зьвязаўся хлопец, які сядзеў зь Міхаілам у адной камэры на Акрэсьціна.

Міхаіл Дарожкін, фота ўзятае з парталу Tut.by
Міхаіл Дарожкін, фота ўзятае з парталу Tut.by

«Гэты чалавек патэлефанаваў нам і сказаў, што Міхаіла асудзілі, яму заставалася яшчэ некалькі дзён сядзець. У чацьвер яго выклікалі да сьледчага, і ў камэру Міхаіл больш не вяртаўся. Нібыта яго прымусілі падпісаць нейкі дакумэнт. Чытаў ён яго ці не, я ня ведаю. Гэта ўсё, што мы ведалі, таму адразу ж зьвярнуліся да валянтэраў, каб дапамаглі адшукаць Міхаіла. Сёньня нам тэлефанавалі з МУС і папрасілі кантакты сваякоў», — расказала Ліза.

Маці Міхаіла зьвярталася нават у расейскую амбасаду ў Менску, каб дапамаглі адшукаць сына. У першых сьпісах, якія зьявіліся некалькі дзён таму, Міхаіла не было.

І толькі што брату Міхаіла Паўлу патэлефанаваў упаўнаважаны МУС і паведаміў, што Міхаіл Дарожкін знайшоўся на Акрэсьціна і вось-вось яго выпусьцяць.

Паводле афіцыйнай інфармацыі, за кратамі застаюцца 44 затрыманыя на акцыях пратэсту. Яшчэ 58 чалавек, паводле зьвестак Tut.by, сваякі ня могуць знайсьці. Адпачатку сваякі казалі пра больш як 150 зьніклых.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG