17 жніўня на прыступках ганку МЗС пікет зладзілі работнікі цэнтральнага апарату ведамства Вячаслаў Казачонак, начальнік гісторыка-архіўнага аддзяленьня, і намесьніца начальніка ўпраўленьня эўразійскай інтэграцыі Алена Копанева, піша Tut.by.
Вячаслаў Казачонак заявіў, што вырашыў такім чынам «выказаць сваю прынцыповую пазыцыю». Ён адзначае, што яму ніхто не плаціў, не пагражаў, не прымушаў.
«Скажу адразу — мне страшна. За нашу будучыню, жыцьцё людзей, сваё жыцьцё... Беларусь ХХІ стагодзьдзя. Страшны сон, ад якога хочацца прачнуцца ... Каля стэлы "Менск — горад-герой" і музэю Вялікай Айчыннай вайны свае браткі-беларусы, вартавыя парадку і законнасьці па-барбарску б’юць і расстрэльваюць людзей, а ў засьценках на вуліцы, якая носіць імя франтавіка, які аддаў жыцьцё за нашу свабоду і лепшую будучыню, Героя Савецкага Саюза Барыса Акрэсьціна, катуюць і катуюць. І гэта не гестапа і СД часоў вайны, не паліцаі... Я, дарослы здаровы мужык, рыдаў вечарамі ад аповедаў людзей, якія перажылі катаваньні», — кажа Вячаслаў.
Мужчына заклікае сілавікоў ня біць ляжачых, бездапаможных, дзяцей, жанчын і старых, памятаць пра гонар і сумленьне.
Ён зьвярнуўся і да Лукашэнкі:
«Ну чаму не трымаеце сваё слова і не сыходзіце з партфэлем пад пахай? Даўно і безнадзейна адарваліся ад народу». Казачонак заклікае расьсьледаваць «усе факты беззаконьня, судовага самавольства, у тым ліку ў ранейшыя гады, і ўжываньня сілы і рэпрэсіяў супраць мірных грамадзянаў».
У адрозненьне ад амбасадара Беларусі ў Славачыне Ігара Ляшчэні, які таксама асудзіў гвалт АМАПу. Казачонак працуе ў Менску.
Сёньня перад пікетам Вячаслава, пра які ён папярэдзіў сваіх калег, кіраўнік МЗС Уладзімер Макей сабраў усіх супрацоўнікаў на размову. Макей нагадаў, што супрацоўнікі МЗС давалі прысягу дзяржаве і, з словаў супрацоўнікаў, намякнуў, што калі хтосьці ня згодны з палітыкай дзяржавы, ён павінен напісаць заяву.