Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У дзіцяці ўвесь твар быў у крыві». У Горадні падчас аварыі з «Тыграм» пацярпела 5-гадовая дзяўчынка, у яе ЧМТ

абноўлена

Пацяппелая дзяўчынка
Пацяппелая дзяўчынка

У Горадні 11 жніўня адбылася аварыя з удзелам вайсковай машыны «Тыгр». Пацярпела 5-гадовая дзяўчынка.

Гарадзенец Уладзімер Чараўха, тата пацярпелага дзіцяці, расказаў сваю вэрсію падзеяў. Ён з жонкай і 5-гадовай дачкой Юляй ехалі ўвечары 11 жніўня з аднаго канца гораду ў другі, зь мікрараёна Дзевятоўкі на Альшанку. На вуліцы Паповіча пры пад’езьдзе да плошчы Дзекабрыстаў рух машын запаволіўся. Некаторыя аўтамабілі сыгналілі.

Іх машына не сыгналіла, была бяз стужак.

Раптам на таксі шкода рапід цёмнага колеру перад Уладзімерам выбеглі 5-6 чалавек у чорнай форме без пазнакаў і пачалі дручкамі біць вокны.

«Усё адбывалася за сэкунды», — кажа гарадзенец.


Ён спужаўся за сваю сямʼю і выехаў на сустрэчную паласу. Калі яго машына параўнялася з таксоўкай, па ёй таксама ўдарылі дручком у лабавое шкло, яно рассыпалася. У гэты ж час збоку ў яго ўрэзаўся «БТР», як ён кажа, — вайсковая машына «Тыгр». Ззаду ў салён пасыпалася шкло.

Уладзімер выйшаў з аўтамабіля і атрымаў дручком па галаве. Яму разьбілі галаву, пацякло шмат крыві.

Мужчына стаў казаць, што ў машыне дзіця.

«Я сам ня мог выклікаць хуткую, бо ў галавы цякло шмат крыві, сэнсарны тэлефон не рэагаваў», — узгадвае ён.Яго затрымалі і апытвалі ўсю ноч у Сьледчым камітэце, потым выпусьцілі.

Нехта з мужчын, што былі побач, завёз дзіця ў шпіталь.

Іна, маці дзяўчынкі кажа, што ёй страшна.

«Я цяпер з дому выходзіць баюся».

У дзяўчынкі разьбітая галава, заклеены твар. Лекары дыягнаставалі закрытую чэрапна-мазгавую траўму.

«Мама, я не хачу паміраць», — сказала 5-гадовая Юля, калі маці дастала яе з машыны, успамінае са сьлязьмі Іна.

Супрацоўнік прэсавай службы УУС Горадзенскага аблвыканкаму Белазёраў паведаміў Радыё Свабода, што сытуацыя патрабуе дэталёвага разбору і інфармацыя пра гэта будзе абавязкова даведзеная да грамадзкасьці.

Прэс-сакратар МУС Вольга Чамаданава паведаміла, што ня ведае дэталяў гэтага здарэньня. Яна кажа, што любыя пашкоджаньні, нанесеныя дзецям, расьсьледуюцца, вынікі будуць паведамленыя.

Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG