Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ініцыятыва «Честные люди»: пратаколы выбарчых камісіяў указваюць на фальсыфікацыю


Асноўны дзень галасаваньня ў Менску, ілюстрацыйнае фота
Асноўны дзень галасаваньня ў Менску, ілюстрацыйнае фота

Такія высновы агучыла ініцыятыва «Честные люди​» паводле папярэдніх зьвестак грамадзянскага кантролю на 15:00 11 жніўня. Больш за 400 атрыманых пратаколаў яшчэ не апрацаваныя, гаворыцца ў прэс-рэлізе ініцыятывы.

Валянтэры ініцыятывы сабралі і прааналізавалі зьвесткі з 749 выбарчых участкаў па ўсёй Беларусі.

Таксама яны зафіксавалі 8406 парушэньняў, якія ўключалі нядопуск назіральнікаў і неразьмяшчэньне пратаколаў у агульнадаступным месцы: людзі зьбіраліся каля ўчасткаў, але камісія пакідала будынкі пад аховай АМАПу праз чорны выхад. Таксама зафіксавалі неаднаразовыя адмовы чальцоў выбаркамаў падпісваць сфальсыфікаваныя пратаколаў.

Як тлумачаць «Честные люди» свае папярэднія высновы, паколькі істотную колькасьць галасоў сабралі 2 кандыдаты, аналіз сфакусаваны на іх.

У атрыманых ініцыятывай фатаздымках пратаколаў участкаў ёсьць 1 055 973 галасоў. Ад 5 761 379 чалавек, якія прагаласавалі (паводле ЦВК), гэта каля 18.32%. Сабраныя «Честными людьми» дадзеныя ня поўныя, адзначаюць яны, бо яны ахопліваюць ня ўсе 100% галасоў.

Як адзначае ініцыятыва, нават з улікам завышэньня яўкі датэрміновага галасаваньня (у 2 разы) і магчымых фальсыфікацыяў на ўчастках, з наяўных у іх зьвестак пратаколаў участкаў, за Ціханоўскую прагаласавалі больш за 29,3% выбарнікаў (ЦВК заявіў пра 10%).

Папярэднія вынікі галасаваньня паводле ЦВК: яўка 84,17%, Лукашэнка — 80,08%, Ціханоўская — 10,09%. Гэта значыць, што кандыдат Лукашэнка сабраў 4 613 712 галасоў, а Ціханоўская — 581 323.

У пратаколах 749 участкаў з 5757 (13%) налічваюцца 54,71% ад усіх галасоў, якія ЦВК палічыла аддадзенымі за Ціханоўскую, што ня можа не выклікаць недаверу, адзначаюць «Честные люди».

Ініцыятыва перадала гэтыя зьвесткі (па стане на 00:00 11 жніўня) незалежнаму электаральнаму аналітыку Сяргею Шпількіну для аналізу. Ягонае папярэдняя выснова:

«У гэтых пратаколах, сапраўдныя ў іх зьвесткі або сфальсыфікаваныя, за Ціханоўскую аддадзена ў абсалютных лічбах больш за 290 тысяч галасоў. Гэта больш за палову таго, што, паводле сьцьвярджэньня ЦВК, Ціханоўская атрымала па ўсёй краіне.

Такім чынам, дадзеныя ЦВК аб галасах Ціханоўскай заніжаныя прынамсі ўтрая. У гэтых умовах ніякага даверу любым далейшым сьцьвярджэньням ЦВК ня можа быць».

У сувязі з гэтым ініцыятыва «Честные люди» выказвае недавер Цэнтральнай выбарчай камісіі і патрабуе адкрытага агульнанацыянальнага пераліку бюлетэняў на ўсіх выбарчых участках.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG