Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Дзяржаўны апарат Лукашэнку ненавідзіць», — былы чыноўнік Адміністрацыі прэзыдэнта


Аляксандар Пласкавіцкі, архіўнае фота
Аляксандар Пласкавіцкі, архіўнае фота

Былы кіраўнік Галоўнага дзяржаўна-прававога ўпраўленьня Адміністрацыі прэзыдэнта Аляксандар Пласкавіцкі прызнае, што не чакаў, што беларускі народ будзе здольны настолькі хутка і энэргічна ўскіпець, аналізуе адрозьненьні сёньняшняй сытуацыі ад 2010 году і расказвае, у якіх выпадках Лукашэнка можа пайсьці з улады.

Аляксандар Пласкавіцкі працаваў у Адміністрацыі Лукашэнкі з 1994 да 2000 году. Пасьля звальненьня ён не застаўся ва ўладных структурах, не далучыўся і да апазыцыі.

Сьцісла:

  • Лукашэнка да такой ступені капрызная асоба, што ён праз адну фразу сам з сабой ня згодны.
  • Ніякіх радыкальных зьменаў у Канстытуцыю ўнесена ня будзе.
  • Лукашэнка ня схільны сябе нічым абмяжоўваць — ні ісьцінай, ні дабром, ні законамі, ні міжнароднымі нормамі права.
  • Хацелася б, каб наша палітычная казка была добрая, каб тры прыгажуні спалохалі нашую пачвару.
  • Сёньняшняе абурэньне народу ніяк не выглядае празаходнім ці прарасейскім.

— Як юрыст як вы ацэньваеце пэрспэктыву зьменаў у Канстытуцыю, пра якія ўжо абвясьціў Аляксандар Лукашэнка? Паводле вашых поглядаў, прагнозаў ці, магчыма, ведаў — якім можа быць новы праект, на што найперш будуць накіраваныя зьмены?

— Яшчэ ў 90-я гады Лукашэнка казаў, што такую цудоўную Канстытуцыю ён нікому не пакіне, павінна быць мякчэйшая. Можна ўспомніць, што пісаў Ленін ХІІІ зьезду наконт неабходнасьці ўзмацніць калегіяльнае кіраўніцтва; можна ўспомніць, як Сталін у 1952 годзе павялічыў Палітбюро практычна ўдвая, ператварыўшы яго ў Прэзыдыюм, каб пасьля яго не было «культу асобы». Таму Лукашэнка, як і ўсе такія аўтарытарныя лідэры, надта высокай думкі пра самога сябе. Ён пераконвае сябе і ўсіх, што так моцна, як ён, ня можа працаваць ніхто. Таму яму хочацца, каб пасьля яго прыйшло нейкае калегіяльнае кіраўніцтва. Што толькі ён такі здаравенны бык, які можа адзін цягнуць гэты воз.

Але, па вялікім рахунку, ён сам ня ведае, чаго хоча. Столькі гадоў гаворыць пра ідэалёгію і столькі ж гадоў расказвае, што яму прынесьлі чарговы праект, але ён не падыходзіць. Гэта да такой ступені капрызная асоба, што ён праз адну фразу сам з сабой ня згодны.

Таму і з новым праектам Канстытуцыі адбудзецца тое самае, Лукашэнка ўвесь час будзе зь нечым ня згодны. З аднаго боку, пакуль ён ва ўладзе, то ён хацеў бы, каб ніхто не перашкаджаў. З другога боку, калі яго ня будзе ва ўладзе, то іншы чалавек, маўляў, ня дасьць рады. Такая амбівалентнасьць сьвядомасьці ні да чога добрага не прывядзе.

Я думаю, што калі зараз і будуць нейкія зьмены, то яны будуць у наступным кірунку, пра які казала Ярмошына, — аддаць магчымасьць парлямэнту мяняць гэтую Канстытуцыю, каб ня трэба было кожны раз выносіць на рэфэрэндум тыя зьмены, якія Лукашэнку захочацца правесьці. Напрыклад, павялічыць прэзыдэнцкі тэрмін, каб радзей была гэтая «вакханалія», прэзыдэнцкія выбары. Але ніякіх радыкальных зьменаў у Канстытуцыю ўнесена ня будзе.

— У мяне, напрыклад, ёсьць уражаньне, што заявамі пра зьмену Канстытуцыі Лукашэнка трымае нейкую моркаўку перад электаратам, маўляў, глядзіце: я выступаю за нейкія перамены, не бунтуйце, не абурайцеся, перамены неўзабаве будуць.

— Так, ніводная падзея ня мае толькі адну прычыну. Вы сапраўды цяпер адзначылі тое, што таксама мае месца. Натуральна, ён выкарыстоўвае гэтыя размовы, як «моркаўку» — «я сам пайду на гэтыя зьмены, а не пад ціскам нейкіх там апазыцыянэраў».

— Лукашэнка падчас пасланьня выказаўся ў тым сэнсе, што вы мяне даўно ведаеце, я нічога кепскага не зраблю зь вялікай уладай, якую маю, але іншаму чалавеку такую ўладу аддаваць нельга. Калі ён рэальна задумаецца пра свой сыход з улады — ён жа задумаецца пра тое, каб наступны кіраўнік ня меў тых паўнамоцтваў, якія мае цяпер кіраўнік дзяржавы?

— Не, я думаю, ён нават на гэта ня здольны. Пакуль у яго ёсьць магчымасьць заставацца прэзыдэнтам, сваю ўладу ён нізавошта ўшчамляць ня стане. Ён ня схільны сябе нічым абмяжоўваць — ні ісьцінай, ні дабром, ні законамі, ні міжнароднымі нормамі права.

Адзінае, на што ён пагодзіцца: «Пасьля таго як я сыду — тварыце што хочаце. Мне ўжо будзе ўсё роўна».

А сыдзе ён у двух выпадках. Першы — самы рэальны. Калі ён вычарпае свае магчымасьці, ён, хутчэй за ўсё, уцячэ. А ў чым ягоныя магчымасьці? Ён геніяльна ўмее вымантачваць грошы зь іншых краінаў, найперш з Расеі. Як толькі яму перастануць даваць грошы, яму ня будзе на што абаперціся. Бо сяброў у яго няма, падтрымкі няма нават у сваёй уласнай сям’і, дзяржаўны апарат яго ненавідзіць.

Нават тыя людзі, якіх ён лічыць самымі вернымі, столькі разоў былі ім прыніжаныя і зьняважаныя, што яны пры першай жа магчымасьці адыграюцца за гэтыя прыніжэньні. Так што, як толькі ў яго зьнікне магчымасьць карміць іх нармальна, яны самі яму скажуць: «Ідзі адсюль, і як мага хутчэй».

— Лукашэнка скептычна выказваўся пра ідэю Сьвятланы Ціханоўскай праз паўгода правесьці новыя выбары, заявіўшы: «Нібыта яна ня ведае, што выбары прызначае парлямэнт». Але чаму б гэтаму парлямэнту не паслухацца новага прэзыдэнта? Па-другое, ёсьць варыянт рэфэрэндуму аб вяртаньні да Канстытуцыі 1994 году — а пасьля яго абавязкова патрэбны будуць новыя выбары.

— Так, існуюць самыя розныя варыянты. У моманты сур’ёзных, кардынальных пераўтварэньняў існуе шмат спосабаў зрабіць так, як абяцае Ціханоўская. Хацелася б, каб наша палітычная казка была добрая, каб тры прыгажуні спалохалі нашу пачвару. На жаль, наша пачвара ня казачная, а з анэкдотаў, з чорнага гумару. На самыя добрыя прапановы адказвае гвалтам, падманам і подкупам. Таму пачвара спалохаецца толькі тады, калі адчуе, што ўсе яе апірышчы зьніклі.

— У гэтай кампаніі нават дасьведчаныя людзі зьдзіўляюцца, якое дно прабіваюць улады ў сэнсе невыкананьня сваіх жа законаў. У чым галоўная праблема — у недасканалым заканадаўстве ці ў тых людзях, якія бяруць на сябе ролю іх парушальнікаў?

— Праблема ў тым, што парушальнікі законаў баяцца Лукашэнку больш, чым грамадзкай думкі. Вельмі шмат трэба працаваць тым людзям, якія ўсьвядомілі, што «кароль голы», каб патлумачыць гэта астатнім. І патлумачыць, што ім будзе лепш, калі гэтага караля ня стане.

Але калі ўлада будзе працягваць свае бясконцыя парушэньні закону, то замест добрых і законапаслухмяных грамадзян будзе зьяўляцца ўсё больш такіх, якія будуць гатовыя адказваць уладам таксама незаконнымі мэтадамі.

Але і вярхі ўлады, якіх Лукашэнка асыпае дабротамі і прывілеямі, падтрымліваюць яго не таму, што лічыць моцным, а таму, што разумеюць, што калі ня будзе яго, то ў іх ня будзе гэтага цёплага месца. Але ўрэшце і гэтыя людзі прыйдуць да высновы, што лепш яго здаць і паспрабаваць хоць нешта захаваць, чым ганьбіцца далей.

Магчыма, гэты працэс не завершыцца 9 жніўня. Але ўся выбарчая кампанія мяне моцна ўзрушыла. Я не чакаў, што наш народ будзе здольны настолькі хутка і энэргічна ўскіпець. І гэтае кіпеньне адназначна ня скончыцца пасьля 9 жніўня. Усё, што рабілася ўладамі падчас гэтай выбарчай кампаніі, правакавала народнае абурэньне. Таму адназначна перамога будзе за народам, і Лукашэнку давядзецца ўцякаць адсюль.

— Гучыць даволі аптымістычна. Але наколькі імаверны іншы, пэсымістычны варыянт, калі ў выніку рэпрэсіяў краіна зноў будзе «замарожаная» і паралізаваная страхам?

— У 2010 годзе яму ўдалося захаваць асноўную крыніцу свайго фінансаваньня, Расею. Ён даволі спрытна даказаў расейцам, што ён змагаўся з празаходняй апазыцыяй, і Масква яго фінансава падтрымала.

Цяпер сытуацыя зусім іншая. Сёньняшняе абурэньне народу ніяк не выглядае празаходнім ці прарасейскім. Акрамя таго, Лукашэнка апошнім часам вельмі моцна давёў ня толькі беларускі народ, але і Маскву. Надта доўга ён вадзіў іх за нос і не аддаваў таго, што яны прасілі. А цяпер на фоне арыштаў «вагнэраўцаў» ён сапсаваў адносіны з Крамлём — і, значыць, пазбавіў сябе самай галоўнай крыніцы фінансаваньня.

Ён не атрымае грошай, а бяз грошай ён нікому не патрэбен у нашай краіне. Яму няма чым падкупляць народ, аплачваць працу сваіх набліжаных. І яны, звыклыя апошнім часам жыць вельмі сытна, падумаюць: навошта нам напружвацца?

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG