Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Андрэй Хадановіч: «Мэта паэзіі пратэсту — аб’яднаць беларусаў. Інакш усе пратэсты зноў будуць марнымі»


Андрэй Хадановіч
Андрэй Хадановіч

Што можа (і ці можа ўвогуле) зрабіць паэт у неспакойны палітычны час? Дзе месца ягонага творчага натхненьня? На пляцах з пратэстоўцамі супроць несправядлівасьці? На мітынгах падтрымкі апазыцыйных кандыдатаў у прэзыдэнты? На акцыях салідарнасьці са зьняволенымі? З чаго і як нараджаецца сучасная паэзія пратэсту і якая яе галоўная мэта? Размова з паэтам і перакладчыкам Андрэем Хадановічам.

— Славамір Адамовіч стаў першым беларускім паэтам найноўшай гісторыі, каго ўлада кінула ў турму. У лістападзе 1995 году ён напісаў верш на расейскай мове «Убей президента!», за які адбыў за кратамі змрочна вядомай «амэрыканкі» дзесяць месяцаў. Якая была рэакцыя маладога паэта Андрэя Хадановіча на тыя падзеі і такі шчодры, так бы мовіць, ганарар улады за літаратурны твор?

Славамір Адамовіч
Славамір Адамовіч


— У тыя часы не было выразу «фэйспалм», але памятаю сваё жаданьне закрыць твар рукамі ад няёмкасьці і сораму. Сораму, што жыву пры рэжыме, які можа пакараць аўтара за творчае выказваньне, проста за напісаныя словы. Але, калі быць шчырым, і няёмкасьці за само гэтае «творчае выказваньне». Рэакцыя ўладаў была неадэкватнай і не пакідала ілюзіяў: у лукашэнкаўскай Беларусі няма ніякай свабоды слова, а ёсьць дзяржаўны тэрор супраць нязгодных.

Але і сам верш сёньня можна вывучаць з гледзішча таго, як ня трэба пісаць паэзію пратэсту. Як небясьпечна заклікаць да забойства (і гэта ў краіне, дзе неўзабаве на дзіўным рэферэндуме большасьць насельніцтва прагаласуе за сьмяротнае пакараньне, і нам давядзецца жыць з гэтай ганьбай далей). Як лёгка загуляцца, паддаўшыся гневу і лютасьці, распальваць варожасьць і культываваць мову нянавісьці (як той казаў, «перайсьці на цёмны бок»). Найлепшыя паэты сьвету пратэставалі супраць забойстваў, а не заклікалі да іх.

— З таго верша Славаміра Адамовіча, уласна, і пачалася гісторыя пратэставай паэзіі ў Рэспубліцы Беларусь. Сёлета будзем мець ужо чвэрць стагодзьдзя гэтай старонкі беларускай літаратуры. Чыімі імёнамі і творамі яна за гэты час напоўнілася? Якія вершы зь яе вас у свой час уразілі і запомніліся?

— З гісторыі Славаміра цалкам прадказальна вырасла некалькі яскравых твораў, якія аспрэчылі ягоную тэзу. Так, Валянцін Тарас напісаў верш, дзе ёсьць такія словы:

Не забівай прэзыдэнта!
Ня варта.
Хай сам ён штодня памірае ад страху,
ад жаху,
якога зіркатая варта
ня можа спыніць ля ягонага гмаху.

Не забівай прэзыдэнта!
Ня трэба.
Хай сам памірае ад страху штоночы,
што
ўсё-ткі і ён не вышэйшы за Неба,
што сочаць за ім ўсёвідушчыя вочы.

А Марыя Мартысевіч апублікавала верш-маніфэст «Нарадзі прэзыдэнта».

Цэлы выбух пратэставай паэзіі адбыўся цягам некалькіх дзён у сакавіку 2006 г., у намётавым мястэчку на Плошчы Кастуся Каліноўскага. Я потым нават уклаў невялічкую анталёгію «Рэпартаж зь месца падзеяў: вершы й песьні Плошчы». Згадваюцца сатырычныя прыпеўкі пра «радавога Лосева». Шмат чаго было проста на злобу дня і хутка забылася, але вершы Сяргея Прылуцкага, якія далі назву зборніку, застануцца.

Нашыя музыкі некалькі разоў бліскуча нагадалі пра актуальнасьць клясыкі. Гэта і пранікнёная песьня «Павешаным 1863 году» Лявона Вольскага на словы Ўладзімера Караткевіча:

Калі ідуць на абардаж,
І поўніць полымя прасьцяг
Да верху мачты — экіпаж
Цьвікамі прыбівае сьцяг.

Вядома ж, «Ня быць скотам» Сяргея Міхалка на словы Янкі Купалы. Вартая ўвагі песьня «Вам», якую Наста Шпакоўская ды іншыя музыкі запісалі на словы сучаснага клясыка Ўладзімера Някляева.

Згадваецца грамадзянская паэзія Дзьмітрыя Строцава, што адгукнуўся і на рэпрэсіі 2006-га, і на тэрор 2010-га, і на сумную справу Кавалёва і Канавалава, якая скончылася сьмяротным пакараньнем. Вось ягоны верш «Аргумэнты і факты» ў маім перакладзе:

і я супраць
сьмяротнага
пакараньня
але выбух зрабілі

усё-ткі
яны
я шмат
сабраў
аргумэнтаў
у інтэрнэце
трэба
прыняць
факты
трэба ж
неяк
жыць
далей

Сёньня згадваюцца нядаўна напісаныя вершы Стася Карпава, Мікіты Моніча, Ганны Севярынец, Тацяны Сьветашовай.

— Самым плённым месцам, калі так можна пра гэта казаць, для музы на барыкадах зьяўляюцца самі барыкады ці іх аналягі — намётавыя мястэчкі, пляцы з мітынгамі пратэсту, вуліцы з ланцугамі салідарнасьці. Ці было вам нечаканкаю некага з айчынных мэтраў паэзіі чыстай красы бачыць і чуць у падобных месцах?

— Памятаю сваё прыемнае зьдзіўленьне, калі ўбачыў ля КДБ паэта Алеся Разанава, які выйшаў выказаць салідарнасьць са зьняволеным паэтам Уладзімерам Някляевым. Даўно не зьдзіўляюся, проста адчуваю гонар, калі бачу на мітынгах і акцыях салідарнасьці ўлюбёнага пісьменьніка Ўладзімера Арлова. Памятаю, як Лявон Баршчэўскі прапанаваў мне прыйсьці на Чарнобыльскі шлях — і мы сустрэлі там Васіля Сёмуху, зь якім і пакрочылі разам. Наагул, здаецца, бачыў у розны час на розных акцыях пратэсту большасьць вядомых мне беларускіх творцаў.

— Пасьля Плошчы-2010 зьявілася некалькі кніг вядомых літаратараў, якія былі напісаныя імі ў турме. І першай стала «Лісты да Волі» Ўладзімера Някляева. Асобныя вершы зь яе, дарэчы, паэт здолеў перадаць з-за кратаў турмы КДБ, і мы друкавалі іх на сайце Радыё Свабода яшчэ да вызваленьня аўтара і выхаду кнігі. «Лісты да Волі» перакладзеныя на некалькі моваў і прынесьлі Ўладзімеру Някляеву гучны посьпех. Можна было б па-добраму пазайздросьціць аўтару, калі б пісаў ён не ў час пакутаў і зьдзекаў зь яго ў турме. Што думаеце пра гэта?

— Мяне гэтая кніга Някляева ўражвае найперш як дакумэнт нашай найноўшай гісторыі, а таксама як форма духоўнай практыкі, якая дазволіла чалавеку і творцу перажыць катаваньні — зьбіцьцё, выкраданьне з рэанімацыі, зьняволеньне ў «амэрыканцы» і хатні арышт, няспынны псыхічны ціск — вытрымаць і застацца чалавекам і творцам, вярнуцца на свабоду і пісаць іншую паэзію, якая мне падабаецца яшчэ больш.

— Вы ў часе тых бурных падзеяў выступілі як перакладчык знакамітае песьні каталянца Льюіса Льяка «Муры». Зрабілі гэта літаральна за некалькі гадзінаў да мітынгу-шэсьця супраць фальшаваньня вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў і ягонага брутальнага разгону ўвечары 19 сьнежня 2010 году. І яшчэ пасьпелі на плошчы Незалежнасьці ля помніка Леніну пасьпяваць. Што адчувалі, калі выступоўцаў сталі атачаць разьюшаныя спэцназаўцы?

— Давайце ўдакладнім, я пераклаў ня песьню Люіса Льяка «Слуп», а вольную вэрсію польскага барда Яцака Качмарскага, які і даў ёй назву «Муры». Я тады рыхтаваў цэлы альбом Качмарскага, а «Муры» ўсё ніяк не перакладаліся. Пакуль я не ўявіў, што сам хачу яе засьпяваць на мітынгу 19 сьнежня. Тады праца адразу ж пайшла шпарчэй — і зьявіліся патрэбныя словы беларускага рэфрэну: «Разбуры турмы муры, / Прагнеш свабоды — то бяры!», якіх не было па-польску. Я яе ня столькі прасьпяваў, колькі проста выгукнуў з помніка, але шмат людзей падхапілі. Помню, што вагаўся, ці сьпяваць мне трэці, больш скептычны і сумны, куплет, але ў гэты момант спэцназ пачаў «блякаваць і расьсякаць», так што выбар сам сабой адпаў. Потым сябра-паэт пажартаваў, быццам я пяяў так кепска, што нават у АМАПу нэрвы ня вытрымалі.

— А як далей склаўся лёс беларускага варыянту гэтай неўміручай для паняволеных народаў песьні?

— Песьню я ўрэшце запісаў, музыкі з гурта «Рацыянальная дыета» дапамаглі з аранжыроўкай. Песьня ўвайшла ў альбом маіх перакладаў Качмарскага і дала яму назву. Яшчэ раней сваю вэрсію запісаў Зьміцер Вайцюшкевіч, яна мне здаецца больш сумнай і трагічнай. Я пэрыядычна выконваў свой варыянт, пару разоў на канцэртах з музыкамі гурту «TonkiXod». Праз пару гадоў мой калега, расейскі паэт Кірыл Мядзьведзеў, пераклаў на расейскую каталянскі арыгінал, праўда, арыгінальны «слуп» ператварыўся ў «сьцены» і «турму». Супадзеньне? Ня думаю. Упершыню я яе пачуў у інтэрнэце — Кірыл зь сябрамі сьпяваў у пуцінскім аўтазаку. А аднойчы, на фэстывалі паэзіі «Кіеўскія ляўры», мы засьпявалі «Муры» з Кірылам разам, кожны сваёй мовай, а таксама па-ўкраінску, у перакладзе Сяргея Жадана. Сёлета, здаецца, «Муры» сталіся нашмат папулярнейшымі і зрабіліся галоўнай песьняй беларускіх палітычных пратэстаў 2020 году. Яны штодня сьпяваюцца на пікетах у падтрымку Сьвятланы Ціханоўскай і новых, справядлівых выбараў.

— Пасьля Плошчы-2010 шмат хто з палітычных вязьняў выдаў кнігі, напісаныя за кратамі ці пасьля зьняволеньня. У 2013 годзе Беларускі ПЭН-цэнтар сумесна з Радыё Свабода нават заснавалі адмысловую прэмію імя Францішка Аляхновіча за найлепшы твор, напісаны ў зьняволеньні. У першы год журы разглядала каля дзясятка выдадзеных ці рукапісных кніг, але пакрысе іх колькасьць зьмяншалася. Заснавальнікі прэміі ўжо думалі, што яна сваю місію шчасьліва выканала. Аж не. Сёлетняй вясной паэзія пратэсту загучала з новай сілай. Хто, што і як абудзіў прыглухлы, здавалася б, жанр?

— Так, ад самага заснаваньня прэміі, якую адразу ж неафіцыйна пачалі называць «турэмнай», арганізатары заявілі пра свае надзею на тое, што гэтая ўзнагарода неўзабаве зробіцца ў Беларусі неактуальнай. Але пакуль што сёлетнія падзеі не даюць падставаў для аптымізму. Арыштоўваюць літаратараў, музыкаў ды іншых творцаў. Арыштоўваюць нават карціны! Новыя і новыя 15 сутак цынічна дадаюць палітыку і пісьменьніку Паўлу Севярынцу. Колькі дзён таму затрымалі музыку Максіма Субача, які некалі, дарэчы, дапамагаў мне выконваць на канцэртах «Муры». Выглядае на тое, што журы прэміі Францішка Аляхновіча яшчэ будзе мець шмат працы.

А «прыглухлы», як вы кажаце, жанр абуджаюць сорам і сумленьне людзей, якія разумеюць, што далей так немагчыма. І пішуцца новыя вершы, часам людзьмі, якія яшчэ ўчора не былі шырока вядомыя як паэты. Здаецца, ужо на ўсю краіну прагрымелі вершаваныя лісты да прэзыдэнта, напісаныя Ганнай Севярынец і Мікітам Монічам. Апошні я меў гонар перакласьці з расейскай на беларускую:

Ваша імя — цьвёрды лоб, што праломіць цэглу.
Аляксандр — «ахоўнік»: каб стада ня зьбегла!
Кіраўнік, а назаўтра — насельнік пекла,
Родзячы мэмы, парад свой ладзіць нягегла.

Вам і няўцям, што прычынай нашага гневу.
Ворагі ўсюды вам бачацца: справа, зьлева.
Хочацца быць Македонскім — выходзіць Рэва.
А па пладах, як заведзена, судзяць дрэва.

Зябка ў палацы, тым болей — палац лядовы.
Пальцы сінеюць, прымерзьлі да вуснаў словы.
Тэрмін канчаецца ваш, і ці будзе новы?
Сьмерць у Кашчэевай голцы. Канец храновы.

Слухаюцца халуі, ды ў вачах апаска.
Як выяўляецца, страшнай бывае казка.
Болей ня грэе АЭС, ані Тэсла Маска.
Пройдзены й спалены мост. Чакае разьвязка.

Хопіць пужаць ужо, кідаць нязгодных на нары.
Час уцякаць, адпаўзаць за роў, за ангары…
Вы пастарэлі: чвэрць веку — на злосьць нашым марам.
Прыкра, што ўсё выходзіць гэткім макарам.

Хутка ўжо разьвіднее. Бывайце. Годзе.
Борт ваш стаіць на лёдзе — расталым лёдзе.

Мы доўга трывалі, пакуль трымалі ў хляве вы
Нашу краіну. Але рукі прэч ад Евы!

— Вы самым актыўным чынам спрычыніліся да паэзіі пратэсту апошняга часу і як перакладчык, і як паэт. Што і чаму пераклалі і што напісалі?

— Апошнія тыдні найбольш займаўся перакладамі песень. Як на замову канкрэтных музыкаў, якім патрэбен той ці іншы тэкст, так і з уласнага жаданьня. Большасьць гэтых песень так ці іначай апявае свабоду.

Напрыклад, зрабіў беларускую вэрсію польскай песьні «Kocham wolność», якая, спадзяюся, празь некалькі дзён прагучыць на канцэрце салідарнасьці зь Беларусьсю. Зрабіў вольны пераклад песьні пратэсту з рэпэртуару Піта Сігера «Which side are you on» — і таксама спадзяюся неўзабаве пачуць, як сьпяваюць гэты пераклад — «На чыім баку ты». Пераклаў францускую песьню часоў другой сусьветнай і супраціву «Партызан», якую ў свой час бліскуча выконваў па-ангельску і па-француску Леанард Коэн. Вынік будзе таксама сьпявацца на дзьвюх мовах — па-француску і па-беларуску. Ну, і зрабіў сваю вэрсію перакладу знакамітых «Перамен» Віктара Цоя. Акурат сёньня зьявіўся музычны вынік — у межах праекту «Сьпяваем годна».

— Мы размаўляем, а па вуліцах Менску езьдзіць вайсковая тэхніка, хапаюць бязьвінных людзей, кідаюць іх за краты. Якая пэрспэктыва, на вашу думку, у беларускай паэзіі пратэсту пасьля 9 жніўня 2020 году?

— Мабыць, ніхто дакладна ня ведае, як будуць разьвівацца падзеі 9 жніўня, а таксама пасьля. Можна толькі спадзявацца на лепшае — і рабіць усё залежнае ад цябе. Але ў любым выпадку выснова з усяго згаданага на сёньняшні дзень такая: паэзія пратэсту мусіць апэляваць да найлепшага, што ёсьць у чалавеку. Да любові і годнасьці, да пачуцьця справядлівасьці, да салідарнасьці. Пагадзіцеся, лёзунг вызваліць вязьняў, выратаваць нявінна асуджанага на сьмерць гучыць нашмат лепей, чым заклік пакараць і забіць. Нават на ўзроўні палітычнай прагматыкі: агрэсія і нянавісьць хутчэй напалохае і адштурхне спакойных і ўраўнаважаных беларусаў, тады як актуальная задача — аб’яднаць вельмі розных людзей, каб нас было як мага больш, інакш усе пратэсты зноў будуць марнымі.

«Варта» — суб’ектыўны агляд падзеяў у літаратуры ды, шырэй, у мастацтве і культуры. Думкі перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG