Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Штаб Ціханоўскай адказаў на «ўкід» пра Сяргея Ціханоўскага і Крым

абноўлена

Сяргей Ціханоўскі на пікеце ў Менску, 24 траўня
Сяргей Ціханоўскі на пікеце ў Менску, 24 траўня

Прэс-служба кандыдаткі ў прэзыдэнты Сьвятланы Ціханоўскай распаўсюдзіла 27 ліпеня заяву аб «масіраваным укідзе рознага кшталту матэрыялаў пра Сяргея Ціханоўскага, у прыватнасьці што да яго пазыцыі па Крыме».

Шукаць адказ на пытаньне «Чый Крым?» прапануюць на відэатрансьляцыі зь менскай акцыі 24 траўня на Камароўскім рынку. Трансьляцыя ідзе паўтары гадзіны, канкрэтны момант адказу на пытаньне не пазначаны.

Ды адказ на пытаньне «Чый Крым?» Ціханоўскі даваў і раней. На сваёй уласнай трансьляцыі 21 траўня ён казаў:

«З Крымам хай крымчане разьбіраюцца, ня мне на гэтае пытаньне адказваць».

Ён таксама заяўляў, што «Крым часткова беларускі», бо многія беларусы езьдзілі туды адпачываць.

Раней сайт InformNapalm заявіў, што Сяргей Ціханоўскі наведваў Крым у 2017 годзе — пасьля анэксіі паўвострава Расеяй. Украінскі сайт «Миротворець» унёс Ціханоўскага ў базу тых, хто «сьвядома парушыў дзяржаўную мяжу Ўкраіны з мэтай пранікненьня ў захоплены расейскімі акупантамі Крым». Ціханоўскаму на тым сайце таксама прыпісваюць «удзел у спробах легалізацыі акупацыі АР Крым расейскімі захопнікамі».

Ці быў Ціханоўскі ў Крыме ў 2017 годзе, трапіўшы туды праз Расею? Яго жонка Сьвятлана Ціханоўская адказала Свабодзе:

«Што да Крыму, я лічу, што гэта лухта, — сказала яна. — Гэта лухта. Я ня ведаю, навошта гэта зрабілі. Прайшло тры гады, а выцягнулі гэта толькі зараз, зразумела, для чаго. Я нават не хачу гэта камэнтаваць. Няхай людзі ўспрымаюць гэта, як хочуць, самі робяць высновы».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG